падтрымаць нас

Падзеі

Як стварыць свой стартап: інструкцыя для маладых і амбітных

Як стварыць свой стартап: інструкцыя для маладых і амбітных
Дзе шукаць ідэі, грошы, партнёраў – парады ад лепшых стартапераў Беларусі.

На апошняе мерапрыемства года (за які мы правялі больш за 14 сустрэч з найлепшымі эканамістамі, бізнесоўцамі ды мыслярамі) “Ідэя” разам з бізнес-клубам Imaguru запрасіла самыя дынамічныя стартапы краіны. Вопытам з намі падзяліліся Ігар Юдзін (RedRockApps), Яўген Бадуноў (Get Your Map, Galileo Offline), Алена Шкаруба (MeetnGreetMe), а таксама госць з Літвы – Эдзі Бальчыконіс (TrackDuck). А паслухаць такі зорны склад (а таксама “панэтворкіцца”) прыйшло больш за 200 чалавек. Для тых, хто не здолеў патрапіць, прапануем канспект канферэнцыі.

Ігар Юдзін (RedRockApps)

Перад тым, як нешта пачынаць, – спачатку вызначце: вы робіце стартап ці бізнес.

Стартап – гэта нешта цалкам новае, ідэя, якая не існуе ў прыродзе, і вам трэба праверыць: ці спрацуе яна. Таму стартап – кароткатэрміновы занятак, на паўгода, толькі дзеля таго, каб праверыць ідэю – узляціць яна ці адразу ўпадзе.

Бізнес наадварот трэба ад пачатку будаваць з разлікам на доўгае існаванне.

Верагоднасць таго, што вы праваліцеся – больш за 90 %. Адпаведна, мая парада – не сыходзьце з працы.

Да Snapchat і Uber ужо існавалі месенджары і сэрвісы таксі, але ўзляцелі менавіта гэтыя стартапы. Не забывайце пра якасць, усе іх папярэднікі былі проста кепска зробленыя.

Моц Крэмніевай даліны – у кам’юніці. Усе стартапы спачатку распаўсюджваліся між знаёмымі, паміж прыяцелямі знаёмых. У нас такога не будзе.

Шукайце інвестараў – можа, багатыя бацькі вырашаць вам дапамагчы. Калі ў вас не вераць – займіцеся іншым.

Знайшлі інвестараў – знайдзіце і людзей, якія нешта цямяць у бізнесе.

У вас з’явіўся адзін інвестар, другі, трэці. Усім вы даяце долі ў вашым прадукце. Да таго моманту, калі ваш прадукт выстраліць, хутчэй за ўсё, вашай долі амаль не застанецца, і вам давядзецца ўсё рабіць нанова.

Калі вы не здолелі зрабіць прадукт, які б спадабаўся карыстальнікам, – гэта значыць, што вам проста не хапае вопыту.

Сёння інвестар моцна змяніўся. Яго цікавіць толькі адно: як ты зарабляеш і колькі ён атрымае з кожнага долара інвестыцыяў. Нават самыя буйныя стартап-акселератары ЗША (і асабліва Расіі) цікавяць толькі грошы. Таму неабходна ўмець паказваць, дзе схаваныя твае грошы, ды даводзіць, што ты здолееш іх зарабіць.

Яўген Бадуноў (Get Your Map, Galileo Offline)

Лідары рынку сфакусаваныя на сваіх ідэальных карыстальніках і 5-10 ключавых функцыях. Яны робяць функцыі, патрэбныя большасці, – для 60-80 %.

Таму, калі запускаеце прадукт, шукайце тое, што не зрабіў лідар. У вас застаюцца 20-40 % карыстальнікаў, якія штосьці хочуць, але не могуць гэтага атрымаць.

Адкуль узяць ідэі для стартапу – карыстальнікі будуць вам дапамагаць.

Калі гэтыя людзі пабачаць, што нехта рэалізаваў гэтак патрэбную ім функцыю, яны будуць вас любіць, пісаць пра вас у блогах, крычаць пра вас на вуліцах.

Прапаноўвайце свае кілер-фічы, нават калі яны будуць не такія крутыя. Распаўсюджаны функцыянал карыстальнікі заўсёды знойдуць ў лідараў.

Не трэба ставіць стаўку на такую ж функцыю як у лідара. Так вы будзеце ўвесь час ад яго адставаць, вашыя “фішкі” будуць другасныя.

Калі хочаце трапіць у топ App store ці Google Play Market, імкніцеся хутчэй рэалізоўваць новыя фічы, якія анансуе Apple ці Google. Гэта можа быць адмысловае дастасаванне да Apple Watch, рэалізацыя 3D Touch ці Now on tap.

Для Apple, Google ды Microsoft неабходна прыцягваць увагу да сваіх новых функцыяў. Калі вы першымі іх інтэгруеце – гэтыя кампаніі адмыслова пакажуць вас у самым версе спісу праграм. І ў вас з’явіцца магчымасць злавіць хвалю папулярнасці.

 

[slideshow_deploy id=’4875′]

 

Вялікія і доўгаісныя дастасаванні не такія хуткія ў адаптацыі навінак. У іх ужо ёсць мільёны старых карыстальнікаў, якіх яны баяцца згубіць. Таму яны спачатку глядзяць, як прыжывецца тая ці іншая фішка, – і толькі потым самі яе зробяць.

Алена Шкаруба (MeetnGreetMe)

Чаму мяне навучыў вопыт працы ў ЗША: заўсёды даведайся як мага больш пра таго чалавека, з якім збіраешся сустракацца.

Перад сустрэчай з адным з магчымых інвестараў я даведалася, што яго бацькі паходзяць з нашых краёў. Як толькі я яму пра гэта распавяла, тон размовы адразу змяніўся.

 

[slideshow_deploy id=’4889′]

Заўсёды дапамагайце адно аднаму і будзьце ўдзячныя за дапамогу вам.  За мяжой яны робяць гэта не з-за грошаў, а таму, што могуць, і таму, што ім гэта прыемна. Менавіта гэта трэба развіваць беларускай супольнасці.

Анлайн-часопіс “Ідэя” віншуе ўсіх сваіх чытачоў са святамі! Зычым вам плёну, мужнасці ды імпэту ў дасягненні новых вяршынь!