падтрымаць нас

Падзеі

Як у Беларусі займацца генетыкай, архітэктурай і квірам?

Як у Беларусі займацца генетыкай, архітэктурай і квірам?
Маладыя прафесіяналы расказваюць пра свае прыгоды ў не зусім стандартных для нашай краіны сферах (+ відэа-бонус).

На нашай імпрэзе “Непамяркоўныя беларусы: Як дасягнуць поспеху там, дзе ніхто не чакае” мы сабралі трох маладых адмыслоўцаў, якія сваёй дзейнасцю прама цяпер змяняюць вобраз краіны. Наколькі складана ў Беларусі ствараць сучасны прадукт у архітэктуры, генетыцы і квіры? Што замінае развіццю гэтых сфер і дзе шукаць выйсце? Адказы ніжэй.

Што чакае біятэхналогіі ў Беларусі?

Спартыўная генетыка прадказвае, ці стане чалавек паспяховым у спорце, да прыкладу, у якой галіне і якія здольнасці ёсць, якія прэпараты найлепш выкарыстоўваць, ці чалавек мацнейшы на доўгай дыстанцыі або кароткай. Гэта сфера ранняга аналізу, якая дазваляе ў залежнасці ад працягласці нагрузак адкрываць розныя крыніцы энергіі.

Не ўсе віды спорту аднолькава добра паддаюцца інтэрпрэтацыі. Прадказаць кагнітыўныя здольнасці чалавека або яго ўстойлівасць да стрэсу, спартыўная генетыка пакуль не можа. Таму вызначыць добрага баксёра мы можам, а вось шахматыста – складаней.

 

 

Каб навука дасягнула поспеху, ёй патрэбныя пяць відаў актараў: візіянеры, дызайнеры даследавання, выканаўцы задач, дыягносты і арганізатары навукі.

У Беларусі няма арганізатараў кшталту Сяргея Каралёва і Вернера фон Браўна, якія маглі б стварыць вакол сябе эфектыўную навуковую супольнасць і зацікавіць дзяржаву інвеставаць. У дадатак постсавецкая навуковая супольнасць занадта бюракратызаваная, іерархічная, і не паспявае за хуткасцю тэхналагічнага прагрэсу. Прарыўная навука можа ўзнікнуць толькі ў дэмакратызаваным навуковым асяроддзі.

Вызначыць добрага баксёра спартыўная генетыка можа, а вось з шахматыстам – складаней

У Беларусі ўсё вельмі кепска з фінансаваннем навукі з боку бізнесу – зменаў у найбліжэйшым часе тут хутчэй за ўсё не будзе.

З адукацыяй цяпер стала прасцей: пры жаданні можна слухаць лепшыя лекцыі МІТ, Стэнфарда і гэтак далей. Пры гэтым новыя адкрыцці адбываюцца кожны тыдзень, і нашая ўніверсітэцкая адукацыя проста не можа за гэтым паспець.

Мы размаўляем пра нарматыўнасць

Наша тэма – гэта сексуальнасць і адносіны. Сексуальнасць – гэта сацыяльны канструкт, і гетэрасексуальныя сем’і сёння маюць больш прывілеяў, чымся гомасексуальныя.

 

 

Тэрмін «квір» у нас малавядомы, яго часта блытаюць з ЛГБТ. Але дэкларуючы гэтыя «стабільныя» ідэнтычнасці, мы выключаем вялікую колькасць тых, хто не суадносяць сябе (па розных прычынах) да гэтых катэгорый, або тых, чые ідэнтычнасці з часам змяняюцца. Гэта тэма выклікала шмат цікавасці, у тым ліку з боку медыяў, праваабарончых арганізацыяў. 

Старыя нормы больш не працуюць, бо сітуацыя змянілася. І хоць улады могуць забараніць любую ініцыятыву, нам атрымліваецца знаходзіць з імі пункты супрацы. Напрыклад, у нас быў праект пра лесбійскія пары ў турмах.

Сённяшняя беларуская архітэктура адлюстроўвае каштоўнасці Беларусі

Трэба заўсёды разумець, якія мэты стаяць перад архітэктарам. Калі ў нас будуецца жылы дом, то ён мае быць танны – перад архітэктарам стаяць збольшага тэхнічныя пытанні. Таму панэлькі такія жудасныя – няма мэты, каб панэлькі не выглядалі брыдка.

Я ўспрымаю архітэктуру як мастацтва і як магчымасць нешта сказаць людзям, а не як выкананне тэхнічных патрабаванняў і адпаведнасць нормам камфорту.

Рабіць прыгожыя катэджы заўсёды прасцей. Там няма дзяржаўнай экспертызы і процьмы ўзгадненняў.

 

 

Ёсць такая тэндэнцыя: што б не прапанавалі пабудаваць – кіёск, бальніцу ці дзіцячы садок – у 95 % выпадкаў жыхары заўсёды супраць любой будоўлі. 


Якасны архітэктурны праект падобны да навуковага даследавання – гэта звязана з вялікім аб’ёмам міждысцыплінарнай працы, правядзеннем апытанняў, зборам інфармацыі пра перасоўванні асобаў, з вобразам аб’екта, аналізам нацыяльных асаблівасцяў. Гэта ўсё забяспечвае індывідуальнасць будынкаў – а ў Беларусі на такія рэчы грошай звычайна няма.

 Сёння сістэма пабудаваная гэтак, што архітэктар – гэта, часцей за ўсё, тэхнічны супрацоўнік, які адаптуе існыя палітычныя і эканамічныя канцэпцыі. Але ў заказчыка могуць быць свае задачы: адмыванне грошай, інвестыцыі ў маёмасць або проста занятак для таго, хто нудзіцца.

Прынцыпова нічога не зменіцца, калі мы перафарбуем панэлькі з ружовага колеру ў шэры. Сістэмных працэсаў гэта не зменіць.

Для мяне больш важна павялічыць адсотак будынкаў, якія выконваюць функцыю знакаў ці ідэй. Бо модных рашэнняў хапае – заходзь у інтэрнэт і капіюй. Праблема не ў тэхнічных рашэннях – мяне хвалюе ідэалогія будаўніцтва. Бо ўся ідэалогія беларускай дзяржавы сёння знаходзіцца ў сумным стане, а ўсё гэта ўзаемазвязана.

 

[slideshow_deploy id=’5926′]