падтрымаць нас

Артыкулы

Хто ты гэткі, і з кім ты? Канспект дыскусіі ЦНІ пра беларускі нейтралітэт

Хто ты гэткі, і з кім ты? Канспект дыскусіі ЦНІ пра беларускі нейтралітэт

Цэнтр новых ідэй зладзіў анлайн-дыскусію з экспертамі на тэму геапалітычнай арыентацыі беларусаў. З кім быць, хто і як гэта вырашыць у будучыні ды пра што варта задумвацца ўжо сёння? Прапануем вашай увазе канспект з галоўнымі думкамі адмыслоўцаў на гэты конт.

Так гістарычна склалася

Ёсць гіпотэза аб тым, што прага беларусаў да свайго асобнага шляху ляжыць у далёкім мінулым. Вось колькі тэзісаў да абгрунтавання гэтай ідэі:

  1. Магутны пласт паганства. У выніку ў беларусаў склаліся асабістыя стасункі не толькі з сакральным, але і з «вялікай» сацыяльнасцю – аддаленне ад вялікіх наратываў;
  2. Этнічная ды рэлігійная стракатасць. Гэта стымулявала шукаць агульную мову з суседзямі і не марнаваць рэсурсы на варажнечу, трымацца асобна і засяроджвацца на вырашэнні канкрэтных пытанняў;
  3. Палітычны плюралізм – у знешняй палітыцы кан’юнктурны выбар Усходу або Захаду як мадэль, якая працавала ад пачатку ВКЛ, і ва ўнутранай тое ж («старыны не рушыць, навіны не ўводзіць»);
  4. Праз суседскую супольнасць у штодзённасці беларусы прайшлі шлях да мадэлі выбудошз ўласнай дзяржавы да пачатку Новага часу;
  5. Страта эліты, якая магла выпрацаваць свой нацыянальны наратыў падчас станаўлення індустрыяльнага грамадства;
  6. Праз дэмаграфічныя і культурныя страты ў выніку войнаў (мінус польскі ды габрэйскі складнікі, але плюс расейска-савецкі) мадэрнізацыя Беларусі ішла расейска-савецкім чынам;
  7. На цяпер з-за прычынаў вычарпання праекта савецкай мадэрнізацыі, змены пакаленняў і пераходу да інфармацыйнага грамадства з’яўляецца новы тып калектыўнай суб’ектнасці, які таксама адмаўляецца ад дыхатаміі геапалітычнага выбару. 

Чатыры групы беларускай ідэнтычнасці

Кажучы проста, гэта тое, што дазваляе адчуць агульнае паміж людзьмі. У межах аднаго з сацыялагічных даследаванняў, у беларускім грамадстве выявілі чатыры групы беларускай ідэнтычнасці:

  1. Свядомыя. Для іх нацыянальнае заўжды на першым месцы. Беларускага пашпарта для іх мала, каб звацца і быць беларусам;
  2. Савецкія. Ставяцца да нацыянальнага нармалёва, але вялікі савецкі наратыў для іх больш важны (нават больш, чым чыста рускі). Маладых сярод іх мала;
  3. Абыякавыя – самы касмапалітычны сегмент. Беларуская дзяржава дала ім мала, яны не паспелі яе «адчуць», таму яны ні з кім. Нацыянальнае для іх заканчваецца пашпартам;
  4. Канформныя – прадукт існавання незалежнай Беларусі і ідэалагічнай сістэмы, якая выбудоўвалася з 1994-га года. Мова і нацыянальнае для іх важнае, а дэмакратыя – не. У тым ліку дзякуючы ім інтэграцыйныя праекты буксуюць, бо для іх Беларусь ужо адбылася як незалежная краіна

Палітычная нацыя і яе мары

Існуе, прычым ужо даўно. Яна адрозніваецца ад украінскага і рускага праектаў вялікай інклюзіўнасцю. Сімвалічна, што ў Год народнага адзінства грамадства стала больш фрагментаваным, але інтэгравацца пры гэтым у адну краіну з Расіяй ахвотных мала. Пытанне пра інтэграцыю адразу абвастрае пытанне каштоўнасці суверэнітэту. Можна сказаць, што толькі траціна грамадства выступае за інтэграцыю, таму палова дакладна супраць. Умоўна кажучы, калі б заўтра быў рэферэндум аб далучэнні да кагосьці, то за аб’яднанне з Расіяй было б менш за палову, а за ЕС – больш.

Абагульнена можна сказаць, што беларусы хочуць мець добрыя стасункі з усімі, і на дадзены момант выглядае так, што ў сваёй «любові» да Расіі яны вельмі прагматычныя: праца па такіх канкрэтных практычных кірунках, як навука, гандаль, адукацыя, – так, але не больш.

Што думаюць у «вежах Крамля»

Расійскае кіраўніцтва не бачыць на дадзены момант нейкага моцнага жадання беларусаў жыць асобна ад Расіі, раз дазваляюць кіраваць сабой нават Лукашэнку. Гэта ў Вялікабрытаніі нацыянальная ідэнтычнасць звязаная з грамадзянскай ідэнтычнасцю – правамі, жаданнем прымаць удзел у кіраванні дзяржавай, яе інстытутах, а ў Расіі гэта значыць быць «глыбінным народам». І ад сапраўднай грамадзянскай супольнасці ён адрозніваецца тым, што падаткі плоціць, але не актыўнічае і не прымае ўдзелу ў пытаннях развіцця дзяржавы. Важна, наколькі істотна беларусы ставяцца да выбараў як да «гульні ў грамадзянскасць».

Да жніўня 2020-га беларусы дэманстравалі, што яны такія ж, як рускія. Але потым усё пачало змяняцца. Тое, што цяпер адбываецца, усё яшчэ да канца не зразумела: ці гэта яшчэ «глыбіннасць», ці гэта беларусы ўжо сталі грамадзянамі, то бок сталі заяўляць аб сваёй тэрыторыі і праве на яе?

Калі гэта ўжо сапраўдныя грамадзяне, то «вазіцца» з імі вельмі дорага. Вось тут сапраўды важны момант, бо калі ўсё пойдзе на спад і беларускі прыклад пакажа, што нічога не змянілася, то ў перспектыве можна казаць, што Расія прырасце шасцю новымі абласцямі.

Беларусы не хочуць рабіць сур’ёзны выбар

Магчыма, па гэтай прычыне швейцарскі варыянт найлепшы для Беларусі. Гэткі варыянт моста, трубаправода, перакрыжавання між рознымі сіламі. І задача новых беларускіх палітыкаў – фармаваць геапалітычную ідэнтычнасць беларусаў. Яна сама сабою не сфармуецца, а ў Расіі інструменты для яе фармавання значна большыя.

Раней гэты выбар палітыкі ўвесь час і рабілі, так у 2006-ым годзе Казулін быў за Расію, а Мілінкевіч – за Захад. У 2010-ым такі падзел захаваўся, а ў 2020-ым пракрамлёўскія сімпатыі асобных кандыдатаў нават пераважалі. Таму ў 2021-ым беларускім палітыкам прыстаў час нарэшце вызначыцца.

Што насамрэч хвалюе людзей

У існай сітуацыі сярод беларусаў зрэзанавалі б не пытанні, кшталту, з кім быць, а больш прагматычныя запыты: сацыяльная і палітычная неабароненасць, пандэмія каронавіруса, эканамічная няроўнасць і падзенне ўзроўню жыцця. Уздымаць у такой сітуацыі пытанне пра геапалітычную ідэнтычнасць – гэта шлях у нікуды, шлях да «Зянона Станіслававіча». Таму, калі беларускім палітыкам і «лавіць» настроі ў грамадстве, то трэба быць за максімальны прагматызм у тых пытаннях, якія трэба вырашаць, па якіх трэба вызначацца.

Як таварыш Сі Цзіньпін вырашыць праблемы беларусаў

Адкладаць надоўга пытанне пра геапалітычную арыентацыю таксама нельга. Інакш можна лёгка трапіць пад кантроль старонніх сілаў. Той жа кіраўнік Кітая мог бы прыйсці ды прапанаваць беларусам хутка і эфектыўна вырашыць іх праблемы, прычым хутка, рашуча і так, як усім спадабаецца. На вас ціснулі, пераследавалі? За два тыдні ўсе, хто вас катаваў, перастануць існаваць. Наогул. Вам трэба незалежнасць? Ды наўрад ці. Таму што, калі вас цікавіць дабрабыт, цяплыня ў дамах, садочкі і якасная адукацыя для дзетак, то ўсё гэта мы можам вам даць…

Такое ж пытанне да беларускага грамадства маглі б паставіць і расіяне. Існуюць жа ў складзе Расійскай Федэрацыі нацыянальныя аўтаноміі. Няўжо статус беларускай мовы быў бы горшы за статус якуцкай у Якуціі?

Таму адказ на пытанне, хто крыніца суверэнітэту – народ ці адна персона, увогуле ці патрэбны? І калі так, то на каго абапірацца неабходна выбіраць ужо цяпер.

Фота: Павел Крычко