падтрымаць нас

Палітыка

Чаму ўльтраправыя перамагаюць на Захадзе і як Беларусі не трапіць на іх вуду

Чаму ўльтраправыя перамагаюць на Захадзе і як Беларусі не трапіць на іх вуду
“Талерантную” Беларусь можа чакаць узлёт палітыкаў накшталт Трампа ці Ле Пен. Але ў адрозненне ад ЕС і ЗША нам можа не хапіць інструментаў, каб іх спыніць.

Нацыянал-папулізм на ўздыме на Захадзе, а правых папулістаў у сярэднім падтрымліваюць ужо амаль 10 % выбарнікаў у 34 самых багатых краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

1-га ліпеня Канстытуцыйны суд Аўстрыі заявіў, што кандыдат ад Партыі свабоды, якую заснавалі ў тым ліку былыя афіцэры СС, прайграў прэзідэнцкія выбары з-за парушэнняў пры падліку галасоў. Кандыдат ад гэтай партыі выступае за абмежаванне міграцыі і мае добрыя шанцы ўзяць рэванш на перавыбарах.

Супраць прыбыцця новых жыхароў выступаюць і іншыя ўльтраправыя, якія ўвайшлі ва ўрады некаторых чальцоў ЕС. Гэтак з падачы дацкай Народнай партыі ў краіне могуць абавязаць уцекачоў здаваць каштоўнасці на суму ў  $ 1500, каб тыя аплацілі сваё знаходжанне ў краіне.

Гучаць і больш радыкальныя меры: напрыклад, зачыніць уезд для ўсіх мусульманаў альбо адразу на мяжы адкрываць агонь па няпрошаных гасцях. Першую ідэю прапанаваў Дональд Трамп, кандыдат у прэзідэнты ЗША. Аўтарам другой стала лідарка “Альтэрнатывы для Германіі”, якая на ўсіх парах рвецца ў нямецкі парламент.

Можа падацца, што такія ініцыятывы не пагражаюць еўрапейскай і амерыканскай дэмакратыі.

Бо яны тычацца толькі мігрантаў, хоць і парушаюць іх агульначалавечыя правы.

Але тыя, хто вылучае такія ініцыятывы, лічаць іншыя палітычныя сілы некампетэнтнымі, а сяброўства ў міжнародных саюзах – вялікай памылкай. Свабоду, роўнасць і братэрства сапраўды не назавеш іх ідэаламі.

english fans
Гэта датычыць і еўрапейскага братэрства, бо “брэксіт” ініцыявалі менавіта брытанскія нацыяналісты.  

Беларусь толькі ступае на парог глабалізацыі. Але прычыны, якія штурхаюць жыхароў ЕС і ЗША на падтрымку правых папулістаў, могуць праявіцца ў беларускім грамадстве з асаблівай сілай. І калі Беларусь усё ж пачне праз рэформы станавіцца часткай сусветнай эканомікі ды зоймецца нацыянальнымі пытаннямі, радыкалы з’явяцца тут як тут. Каб даць ім годны прыём, маладой беларускай дэмакратыі прыйдзецца пастарацца.

Наперад у старыя добрыя часы

Правыя папулісты выйшлі на палітычную сцэну на фоне каласальных міграцыйных хваляў. Напрыклад, поспехі Партыі свабоды ў Аўстрыі можна звязаць з тым, што каля 15 % насельніцтва краіны ўжо складаюць мігранты.

Але глабалізацыя, на думку падобных палітыкаў, пагражае не толькі нацыянальнай культуры, але і эканоміцы. Рабочыя нібыта павінны саступаць свае месцы непатрабавальным імігрантам, а мясцовы бізнес – легчы пад замежныя карпарацыі ды плаціць падаткі іншародным аб’яднанням кшталту Еўрасаюза.

Праўда, даследаванні сцвярджаюць, што нават самыя бедныя выбарнікі падтрымліваюць такія партыі, хутчэй, праз страх страціць нацыянальную ідэнтычнасць. Ім папулісты могуць прапанаваць хуткія рашэнні, заснаваныя на народнай (нацыянальнай) мудрасці.

Папулісты і павінны вярнуць “нармальнасць”, у якой няма мігрантаў, эканамічных крызісаў і іншых глабальных праблем.

trump
Альбо вярнуць веліч, як у выпадку Трампа, які абяцае make America great again.

Сацыёлаг з Гарварда Піпа Норыс лічыць, што лідараў накшталт Трампа падтрымліваюць тыя, хто проста не можа “перажыць” і прыняць зменлівы свет. Прычым гэта тычыцца не толькі глабалізацыі, але і пашырэння правоў сексуальных меншасцяў, наагул усіх непадобных груп. Да таго ж гэтыя выбарнікі не могуць звыкнуцца з неабходнасцю засвойваць новыя навыкі і быць гнуткімі, бо стабільны прыбытак ад 40-гадзіннага працоўнага тыдня сышоў у мінулае.

Глабалізацыя па-беларуску

Як сцвярджае Норыс, лепш за другіх да новага свету прыстасоўваюцца найбольш адукаваныя. І асабліва – маладыя выпускнікі з сучаснымі ведамі.

Канешне, розніца паміж бацькамі і дзецьмі існуе паўсюль.

Але ў беларускім грамадстве яна ў значнай ступені азначае разрыў паміж савецкім мінулым і сучаснасцю, абыякавай да ідэалогіяў.

Акрамя таго, найбольш прыстасаванай да глабалізацыі ў Беларусі можна лічыць, бадай, толькі невялікую групу IT-спецыялістаў, якія працуюць з міжнароднымі партнёрамі, а таксама тых студэнтаў і адмыслоўцаў, што знаходзяцца ў ЕС ці ЗША.

Наколькі павялічацца гэтыя і падобныя да іх групы насельніцтва – пытанне часу. Але ж яшчэ вельмі доўга большасць будуць складаць тыя, хто не разумее і, мабыць, не хоча глабалізацыі: эканамічнай, міграцыйнай, культурнай. А калі рэформы зацягнуцца (што верагодна) і акажацца зусім няпростымі, то больш старыя, прасавецкія і традыцыйныя беларусы могуць зноў захацець моцнага лідара.

Такі лідар паабяцае, што верне ўсё на свае месцы і зробіць свет справядлівым для ўсіх. Тым больш, як паказвае нядаўні “Дзень вышыванкі” ад БРСМ, кіроўныя палітыкі могуць выкарыстоўваць нават ідэі, якія калісьці былі ім гэтак далёкія.  

Верагодна, знойдуцца і вонкавыя, а можа і ўнутраныя ворагі, якія замінаюць светламу развіццю беларускай нацыі.

На жаль, такі сцэнар верагодны, асабліва, калі ўсе паўнамоцтвы застануцца ў прэзідэнта, а Беларусь не стане часткай міжнароднай дэмакратычнай супольнасці. Нягледзячы на тое, што правыя папулісты ў ЕС набіраюць падтрымку, яны ўсё ж такі не могуць самі фармаваць урады, бо ў парламенцкіх дэмакратыях супраць папулістаў аб’ядноўваюцца больш памяркоўныя сілы.

Нават у ЗША, калі адыёзны Трамп і атрымае перамогу, яму прыйдзецца мець справы з Кангрэсам, які зможа блакаваць яго прапановы ці нават абвесціць імпічмент. Нашая праблема ў тым, што і ў Беларусі мусіць паўстаць аналагічная сістэма, здольная супрацьстаяць уздыму папулізму.