За дзевяць месяцаў 2016-га года экспарт малочных вырабаў Беларусі прынёс $ 1,3 млрд, але чвэрць сельскіх гаспадарак застаецца стратнай. Шматлікія датацыі не могуць разарваць гэтае заганнае кола ўжо трэцяе дзесяцігоддзе. У лістападзе 2016-га міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц абвесціў, што 323 арганізацыі пройдуць санацыю, а 102 прадпрыемствы чакае банкруцтва. “Мы пераўзыходзім еўрапейскія краіны ў 1,3-1,4 разы паводле затратаў вытворчасці на кілаграм малака, мяса, зерня і гэтак далей”, – прызнаўся міністр.
Пагоня за валавымі паказнікамі
Агульная статыстыка год за годам паказвае рост вытворчасці прадуктаў. Мяса-малочная прамысловасць працягвае экспартную экспансію, штогод здабываючы некалькі адсоткаў росту.
За кошт гэтага толькі ў 2016-ым мясной прадукцыі экспартавалі на 18 % болей, чым летась. Збор зерня ў 2015 перавысіў паказнік 2010 года на 20 %, а рапсу ажно ў два разы. Але рэнтабельнасць 60 % сельскагаспадарчых суб’ектаў не перавышае 5 %. Відавочна, што рост намалотаў і ўдояў забяспечваецца коштам дзяржаўных крэдытаў.
Падтрымаць бедныя гаспадаркі спрабавалі, аб’ядноўваючы іх з багацейшымі суседзямі. За апошнія пяць гадоў колькасць сельскагаспадарчых арганізацый зменшылася на 169. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці ААТ “Краснапольскі” аб’яднала сем калгасаў у адзін і ахапіла тэрыторыю цэлага раёна.
Але гэтая мера толькі надалей пагаршала эфектыўнасць гаспадарак.
Калі ў 2011-15 агульны прыбытак калгасаў вырас у чатыры разы (не ўлічваючы інфляцыі), то прыватныя фермеры палепшылі паказнік у шэсць разоў. У выніку ў канцы мінулага года ўлады дазволілі раздзяляць калгасы-банкруты на некалькі гаспадарчых таварыстваў.
Не хапае ідэяў
Павышэнне эфектыўнасці застаецца галоўнай праблемай калгасаў. Напрыклад, сярэдні надой малака ад каровы стаіць на месцы ўжо больш за пяць год. У выніку павелічэнне экспарту гэтага беларускага “белага золата” адбываецца толькі за кошт большай колькасці кароваў. Але такая мадэль не вырашае праблемаў бедных калгасаў: за пяць гадоў колькасць стратных гаспадарак павялічылася ўдвая, а дэбіторская і крэдытная запазычанасць – у чатыры разы.
Праблемы рэнтабельнасці не вырашыла нават павелічэнне ўдзельнай вагі сельскагаспадарчай прадукцыі з 10 % да амаль 16,7 % у агульнай структуры экспарту за апошнія пяць гадоў. Нягледзячы на тое, што ў 2015-ым вытворцы прадалі прадуктаў на $ 1 млрд болей, чым у 2010-ым годзе, 10 з 23 мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў застаюцца стратнымі. Беларусь – пераважна сыравінны экспарцёр. А як вядома, менавіта канчатковы прадукт мае найвялікшую даданую вартасць.
Можна спадзявацца, што абвешчаная санацыя і банкруцтва калгасаў не будуць ужо вядомым спісаннем пазыкаў.
Праблемныя гаспадаркі трэба ратаваць, не перашкаджаючы іх развіццю.
Бо ў выніку дзеля выканання дзяржзамовы, слабыя калгасы раней ці пазней ізноў прымусяць браць крэдыты, каб ствараць болей прадуктаў з амаль нулявой рэнтабельнасцю.