падтрымаць нас

Грамадства

Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку

Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку

Праблема не толькі ў тым, што Ігар Карпенка некампетэнтны, – ён небяспечны для беларускай адукацыі. 

Быць міністрам адукацыі сёння ў Беларусі – гэта праклятая праца. Беларуская адукацыя ў глыбокім крызісе, а пул фінансаў для вырашэння велізарнай колькасці праблемаў досыць маленькі. 

Але гэта не змяняе таго факту, што апошнія два з паловай гады Міністэрствам адукацыі кіруе неадпаведны чалавек. Вось тры асноўныя падставы, каб змяніць сённяшняга міністра адукацыі на кагосьці больш вартага. 

Карпенка паспрыяў дыскрэдытацыі Цэнтралізаванага тэставання

Цэнтралізаванае тэставанне, па сутнасці, было адным з найбольшых дасягненняў беларускай сістэмы адукацыі. З усімі сваймі недахопамі яно стала адэкватным індыкатарам падрыхтоўкі школьнікаў і зменшыла карупцыю пры паступленні ва ўніверсітэты. 

Але пры міністру Карпенку ЦТ ператварылася ў сімвал неадэкватнасці. 

Напрыклад, можна набраць 51 бал па фізіцы ці 34 балы па кітайскай мове, проста зазначаючы пад лінейку адзін варыянт адказу, альбо 44 балы па біялогіі, выпадкова выстаўляючы адказы. Такіх прыкладаў шмат, і відавочна, што сістэма ацэнкі ведаў зламаная. Зроблена гэта з яснай мэтай – павялічыць адзнакі абітурыентаў і такім чынам прыхаваць крызіс беларускай адукацыі. 

Дагэтуль Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, які ладзіць ЦТ, не прыдумалі нічога лепшага, як сказаць, што насамрэч ва ўсім вінаваты рэпетытары, якія хочуць сапсаваць вобраз беларускай сістэмы навучання.  

Карпенка не вырашыў праблем беларускай адукацыі

Складана навешваць усе грахі беларускай адукацыі на міністра, які на пасадзе два з паловай гады, таму важней казаць пра агульны кірунак: ці пры Карпенку Беларусь рухалася ў бок вырашэння праблем у адукацыі ці іх паглыблення? Хутчэй, усё ж да апошняга. 

За час на пасадзе Ігар Карпенка не зрабіў ніводнага кроку, які б штурхнуў беларускую адукацыю наперад. Замест гэтага Міністэрства адукацыі разбурала гімназіі; нізкааплатная праца педагогаў дагэтуль уключае ў сябе “функцыі бацькоў, настаўнікаў, выхавацеляў, пажарнага і міліцыянера” і, адпаведна, настаўнікі са школ збягаюць; новыя падручнікі пісаліся без публічнага абмеркавання нават сярод адмыслоўцаў; у БРСМ дагэтуль запісваюць прымусова; беларускамоўныя школьнікі надалей дыскрымінуюцца. На ўзроўні ўніверсітэтаў усе ранейшыя праблемы засталіся, пазіцыі нашых універсітэтаў у міжнародных рэйтынгах не растуць, а Беларусь не паказала прагрэсу ў Балонскім працэсе. Пры гэтым якасць беларускай адукацыі ў параўнанні з іншымі краінамі рэгіёна расці не будзе, як паказвае экспертнае апытанне Цэнтра новых ідэй. 

Па сутнасці, рэтраград Карпенка засунуў беларускую адукацыю ў кансервавую бляшанку – гэтак, канешне, яму лягчэй, але не беларускай адукацыі.

А магчыма, што Карпенка нічога нікуды не засоўваў. Можа, яму гэтая ўжо закрытая бляшанка дасталася ад папярэдніка, а таму ад яшчэ ранейшага папярэдніка. Але ў любым разе дзеянні Ігара Карпенкі яму гонару не робяць. 

Карпенка пераблытаў Камуністычную партыю і Міністэрства адукацыі

Трэцяя прычына, чаму Беларусі патрэбны новы міністр адукацыі, у тым, што сённяшні ператварыў міністэрства ў адгалінаванне Камуністычнай партыі Беларусі, якую ён раней узначальваў. Напрыклад, нядаўна пасаду кіраўніка Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Мінадукацыі заняў аднапартыец Ігара Карпенкі (а раней гэтай працы пазбавіўся прагрэсіўны адукатар Павел Ліс).

Але блытаніна паміж КПБ і Мінадукацыі бачна не толькі ў найме супрацоўнікаў, але і ў публічнай рыторыцы. Сам Карпенка ўзначальваў аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя камсамола, а прэс-служба Міністэрства адукацыі сцвярджае, што ў савецкія часы інтэлектуалаў расстралялі настолькі шмат, бо яны напісалі велічэзную колькасць даносаў. 

Пакуль Карпенка са сваёй камандай займаюцца неадукацыйнымі справамі, яны не супрацьпаставіліся адносна новага закона аб наборы ў войска, які стане вялікай перашкодай у адукацыі многіх маладых людзей. 

Дзеля аб’ектыўнасці трэба аддаць належнае міністру за некалькі рэчаў, якія змяніліся ў лепшы бок за апошнія два з паловай гады. У прыватнасці, Міністэрства адукацыі стала ў разы больш адкрытым: рэагуе на публічныя словы адукатараў і стварыла пры сабе Кансультацыйную раду. Гэта ўсё ж вымагае пэўнай смеласці, але гэта не змяняе таго факта, што Беларусі было б куды лепш, калі б Міністэрствам адукацыі кіраваў нехта больш кампетэнтны. 

Апдэйт

Папярэдняя версія гэтага артыкулу змяшчала інфармацыю, што пазіцыя Мінадукацыі адносна новага закону аб наборы ў войска застаецца невядомай. У практыцы, як заўважыў у каментах Дзмітры Іванавіч, Міністэрства адукацыі ўзгадніла закон без правак.