Статыстыка коштаў жылля звычайна параўноўвае цану квадратнага метра. Велічыня цэнніка адрозніваецца ў новабудоўлях і другасным фондзе, а таксама абумоўліваецца месцазнаходжаннем дома (цэнтр ці перыферыя) ды якасцю будоўлі. У дадатак розныя крыніцы выкарыстоўваюць розныя валюты для падліку. Таму зразумець, за колькі насамрэч можна набыць ці зняць кватэру ў іншым горадзе, можа быць вельмі складана.
“Ідэя” абрала іншы падыход для пошуку адказу. Мы разглядаем нерухомасць (у нашым выпадку двухпакаёвую кватэру) як гатовы прадукт і падлічваем яго магчымы кошт для спажыўца. Лічбы ніжэй адлюстроўваюць кошты на нерухомасць, якая адпавядае наступным крытэрам:
– Двухпакаёвая кватэра 55-65 квадратных метраў.
– Жыллё сярэдняй якасці (не прэміум і не сацыяльнае) з другаснага рынку (не новабудоўля).
– Жыллё не ў самым цэнтры, але і не ў прыгарадах (напрыклад, мы не разглядаем кошты на кватэры на Манхэтане ці ў Бараўлянах, але разглядаем у Брукліне ці ў Вяснянцы).
– У выпадку куплі разглядаецца поўны кошт жылля не ў крэдыт.
- Звесткі не ўлічваюць даступнасць нерухомасці праз жыллёвыя крэдыты: іх адсотак, патрабаванні да пазычальніка, колькасць гадоў растэрміноўкі і г.д.
- Дадзеныя не ўлічваюць асаблівасці раёна – напрыклад, больш таннае жыллё ў Нью-Ёрку ці Маямі можа знаходзіцца ў раёнах з дрэннымі дзяржаўнымі школамі ці слабой інфраструктурай.
- Пад камунальнымі коштамі мы разумеем аплаты за электрычнасць, ваду, цяпло, газ і інтэрнэт. Яны ў большасці выпадкаў не ўключаюцца ў кошт арэнды, што, напрыклад, асабліва заўважна ў Вільні, дзе ўзімку камунальныя паслугі каштуюць часта столькі ж, колькі і сама арэнда.
- Дадзеныя па камунальных коштах не ўлічваюць розніцу паміж пакетамі паслуг у розных краінах – напрыклад, у Чылі ў камунальны кошт нярэдка ўключаецца кансьерж і камунальны басейн.
- Мэбля можа быць як уключаная, так і не ўключаная ў кошт арэнды.
- Дадзеныя па Беларусі прадстаўленыя толькі коштамі жылля ў Мінску.