падтрымаць нас

Грамадства

Чатыры крокі, каб зрабіць Мінск горадам будучыні

Чатыры крокі, каб зрабіць Мінск горадам будучыні
Што не так са сталіцай Беларусі і ў якім кірунку трэба рухацца.

Урбаністыка ў Беларусі атаясамліваецца з барадатымі мужчынамі на роварах і каляровымі шкарпэткамі ды выглядае хутчэй невялікай пясочніцай для хіпстараў. Хоць насамрэч урбаністыка – гэта больш складаны тэрмін, які знаходзіцца на скрыжаванні палітыкі, эканомікі і горадабудаўніцтва. Тлумачым чатыры крокі, акрамя веладарожак, якія зробяць Мінск горадам будучыні.  

Эфектыўнае кіраванне

Развіццё любога горада ў першую чаргу залежыць ад устойліва вызначанай гарадской палітыкі. У Мінску, як і ў іншых гарадах свету, гарадская палітыка змяняецца з прыходам новага кіраўніцтва. Але ў адрозненні ад многіх іншых гарадоў планеты, жыхары Мінска не абіраюць свайго мэра, і таму маюць малыя магчымасці ўплываць на горадабудаўнічую палітыку.

Паводле даследаванняў McKinsey, выбарнасць кіраўнічых пазіцый з сістэмай checks and balances з’яўляецца галоўным фактарам паспяховага развіцця горада.

Гарадскія кіраўнікі мусяць разумець часовую абмежаванасць сваёй прысутнасці на пасадзе, але пры гэтым прытрымлівацца доўгатэрміновай стратэгіі развіцця.

Паспяховыя кіраўнікі горада маюць не проста займаць пасаду, а выбудоўваць каманду дзяржаўных службоўцаў, дзе ўсе працаўнікі нясуць адказнасць за свае дзеянні. Гарадскія кіраўнікі маюць быць зацікаўленыя ў прыцягненні і захаванні найбольш таленавітых асобаў у сваёй камандзе і пашыраць выкарыстанне даступных тэхналогіяў у сваёй практыцы. Для параўнання, не так даўно старшыня Мінгарвыканкама сказаў, што “ўвогуле не разумее”, навошта яму прысутнасць у сацыяльных сетках.

Доўгатэрміновая стратэгія

У Беларусі няма прыродных рэсурсаў як нафта ці прыродны газ у такіх памерах, якія б дазволілі поўнасцю падтрымоўваць эканамічнае развіццё. Таму варта задумацца пра існыя моцныя эканамічныя бакі і пра галіны, якія змогуць забяспечыць устойлівае развіццё горада.

Мэтавыя інвестыцыі дзяржаўнага сектара могуць быць неабходныя для прыцягнення бізнесу. У Багаце, сталіцы Калумбіі, адміністрацыя горада прываблівае патэнцыйных інвестараў праз бізнес-арыентаваныя экскурсіі, юрыдычную падтрымку ў афармленні дакументаў ды праграмы навучання для мясцовых працаўнікоў. Дзякуючы гэтаму за два гады прамыя замежныя інвестыцыі ў Багаце выраслі на 27 %.

На падобны ўзор ствараўся беларускі Парк высокіх тэхналогіяў, дзе праз памяншэнне падаткаў дзяржава спрабавала матываваць развіццё ІТ-індустрыі.

Але гэтага можа быць недастаткова для далейшага паспяховага развіцця.

Для спрыяльнага бізнес-клімату ў сферы ІТ-тэхналогіяў Мінск мусіць праводзіць рэгулярныя гутаркі з лідарамі галіны, дапамагаць арганізоўваць канферэнцыі, якія прывабліваюць ці дапамагаюць у стварэнні новых кампаніяў. Кіраўніцтва горада пры гэтым мае выкарыстоўваць свае магчымасці ў арганізацыі і згуртаванні вядучых гандлёвых партнёраў, выбудоўваць сувязі паміж прадпрыемствамі, інвестарамі і таленавітымі людзьмі.

76774228-E3B1-4682-A0E3-1F93CECE3B93_w974_n_s-2

Адкрытая прастора і празрыстасць

Для паспяховага функцыянавання Мінска гарадскім уладам патрэбна больш празрыстасці – ад адкрытых сістэмаў размеркавання бюджэтных выдаткаў да стварэння зразумелай схемы коштаўтварэння на гарадскія паслугі, такія як грамадскі транспарт.

Напрыклад, праз выкарыстанне апошніх ІТ-тэхналогіяў і адкрытыя тэндары на выкананне транспартных паслуг дэпартамент транспарту Нью-Ёрка ў 2011 годзе заашчадзіў $ 100 млн.

Будаўнічыя і архітэктурныя тэндары мусяць быць адкрытымі, а не такімі, як гэта было з праектамі гатэля “Кемпінскі” і дома “Ля Траецкага.”  Для прыцягнення разумных інвестыцыяў мусяць стварацца адкрытыя конкурсы, у якіх таксама адведзеная роля для грамадскага абмеркавання. Такім чынам, разумнае гарадское планаванне мае ўяўляць дыялог паміж бакамі, а не вынікаць з асабістых рашэнняў і грашовых схем.

Больш за тое, прыклад тэхналагічных гарадоў, якія хутка развіваюцца, як, да прыкладу, Сан-Францыска, паказвае, што сістэма генпланаў на бліжэйшыя 25 гадоў састарэла. Гарады змяняюцца хутка, а таксама змяняюцца іх патрэбы, і, такім чынам, сістэма планавання мусіць заставацца адкрытай і мець магчымасць адаптавацца.

Далёкая перспектыва

Добрыя стратэгіі гарадскога развіцця павінны прадугледжваць не толькі рост і пашырэнне горада, але і развіццё раёну каля горада. Бо паглынанне эканомікі гарадской перыферыі, як сказалі бы чыноўнікі ААН, не з’яўляецца ўстойлівым сцэнаром развіцця.

Без супрацы Мінск і Мінская вобласць будуць канкураваць, напрыклад, за такія рэсурсы, як будаўніцтва дарог, транспарт і значныя інфраструктурныя аб’екты, што прывядзе да мясцовых канфліктаў і неразумнага дзяржаўнага інвеставання.

Пры развіцці горада не варта забывацца пра больш далёкія, але не менш важныя перспектывы развіцця навакольнага асяроддзя. Устойлівае развіццё горада мае інтэграваць прыярытэты аховы навакольнага асяроддзя ў працэсы прыняцця эканамічных рашэнняў.

Бо заторы на дарогах, напрыклад, павышаюць кошт вядзення бізнесу, а забруджванне паветра стварае пагрозу для здароўя грамадзянаў.

Экалагічныя мэты павінны інтэгравацца ў працэс гарадскога развіцця, бо добрае навакольнае асяроддзе мае жыццёва важнае значэнне для інтэлектуальнага росту горада. Таму Мінск павінен выкарыстоўваць ужо існыя зялёныя ды водныя рэсурсы, развіваць і падтрымоўваць такія праекты, як Вілейска-Мінская водная сістэма.

Такім чынам, для ўстойлівага развіцця горада рэформы мусяць ахопліваць розныя сферы жыцця – ад ІТ-тэхналогіяў і экалогіі да больш шчыльнай супрацы розных суб’ектаў у горадзе і па-за яго межамі.