падтрымаць нас

Грамадства

Ці існуе ў Беларусі гендарная роўнасць

Ці існуе ў Беларусі гендарная роўнасць
Паводле розных публічна даступных індэксаў, Беларусь з’яўляецца краінай з высокім узроўнем гендарнай роўнасці. Гэта сапраўды так?

Беларусь займае 6-е месца ў Індэксе гендарнага развіцця і 31-е месца ў Індэксе гендарнай няроўнасці ПРААН за 2014 год. Для параўнання, Расійская Федэрацыя і Злучаныя Штаты маюць у гэтым індэксе 54-ю і 55-ю пазіцыі адпаведна.

У той жа час у сацыяльным і палітычным жыцці Беларусі бракуе ўплывовых жанчынаў. Улады імкнуцца забяспечыць роўнасць кабет у пытаннях працы і занятасці, але ў той жа час іх прызначэнне на высокія кіроўныя пасады ў палітыцы і эканоміцы адбываецца выбарачна, у залежнасці ад іх лаяльнасці.

Акрамя таго, у соцыуме працягвае дамінаваць патрыярхальная мысленне, паводле якога мужчына ёсць асноўным носьбітам улады, які грае цэнтральную ролю ў сацыяльнай арганізацыі і палітычным кіраўніцтве.

Дэклараванне гендарнай роўнасці

Меры па забеспячэнні роўных магчымасцяў для мужчынаў і жанчынаў былі неад’емнай часткай сацыяльнай палітыкі беларускай дзяржавы. Беларусь ратыфікавала шэраг міжнародных дакументаў у пытаннях гендарнай роўнасці і барацьбы з дыскрымінацыяй паводле прыкметы полу.

Нацыянальная рада па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў завяршыла свой чацвёрты нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2011-2015 гады. Прыярытэт у гэтым дакуменце надаецца становішчы жанчын у сацыяльна-эканамічнай сферы, рэпрадуктыўнаму здароўю, развіццю гендарнай адукацыі, папярэджанню гвалту ў сям’і ды іншым пытанням.

Аляксандр Лукашэнка паспрыяў значнаму павелічэнню колькасці жанчынаў у прадстаўнічых органах праз выкарыстанне амаль поўнага кантролю над палітычнай сістэмай Беларусі.

14-га красавіка 2014-га года Лукашэнка ў сваім звароце да Нацыянальнага сходу і беларускага народа сказаў: “Жанчыны ў парламенце павінны мець не менш як 30-40 %, гэта зробіць парламент стабільным і спакойным”. Сёння жанчыны сапраўды займаюць 30 % месцаў у парламенце, але ён не мае ніякай рэальнай улады ў Беларусі і займаецца ўхваленнем рашэнняў выканаўчай улады.

Жанчыны амаль не маюць прадстаўніцтва ў вышэйшых эшалонах выканаўчай улады. Хоць сярод намеснікаў прэм’ер-міністра ёсць адна жанчына (Наталля Качанава),

з 24 міністраў жанчыны ўсяго толькі дзве.

Колькасць жанчынаў сярод міністраў ніколі не перавышала трох і гэтая найбольшая лічба мела месца толькі адзін раз ва ўрадзе 2004-2005 гадоў, калі жанчыны займалі пасады міністра працы і сацыяльнай абароны, міністра аховы здароўя ды міністра па падатках і зборах.

Апроч таго, у Беларусі жанчыны ніколі не прызначаліся на пасаду старшыні абласнога выканаўчага камітэта, гэта значыць ніколі не займалі найвышэйшай выканаўчай пазіцыі на ўзроўні шасці рэгіёнаў Беларусі.

Жанчыны ў бізнесе

Сітуацыя з жанчынамі ў беларускім бізнесе застаецца неадназначнай. На думку амерыканскай даследчай кампаніі Expert Market, якая вывучала звесткі статыстычнага бюро Міжнароднай арганізацыі працы за 2014-ты год,

Беларусь займае 6-е месца ў свеце (46,2 %) сярод краінаў, якія маюць найвышэйшы адсотак жанчын-кіраўнікоў прыватных кампаніяў.

Многія краіны першага свету, уключаючы ЗША, знаходзяцца па-за топ-10 гэтага спіса. ЗША, напрыклад, займае 15-ю пазіцыю з 42,7 % жанчын на кіроўных пасадах.

Жанчыны ў Беларусі сапраўды могуць стаць кіраўнікамі высокага ўзроўню як, напрыклад, Алена Кудравец, цяперашні генеральны дырэктар ААТ “Беларуская калійная кампанія”, што з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў.

У мінулым жанчыны кіравалі такімі гігантамі, як “Камунарка”, “Спартак”, “Слодыч”, швейная фабрыка “Элема”.

Высокі рэйтынг колькасці жанчын сярод кіраўнікоў прыватных кампаніяў, аднак, дае толькі агульную карціну. Жанчыны складаюць каля 53 % насельніцтва краіны, але Беларускі нацыянальны статыстычны камітэт не вядзе ўліку колькасці прадпрымальнікаў паводле полу.

У топ-300 беларускіх бізнесоўцаў 2014-га года, складзеным газетай “Ежедневник”, увайшлі толькі чатырнаццаць жаночых імёнаў (менш за 5 % ад агульнай колькасці).

Жаночая прысутнасць у буйных кампаніях ужо нікога не здзіўляе. Аднак большасць жаночага прадпрымальніцтва ў Беларусі перадусім развіваецца ў выглядзе невялікіх кампаніяў у сферы рознічнага і аптовага гандлю, грамадскага харчавання, адукацыі і прафесійных паслуг.

Схаваныя і яўныя перашкоды гендарнай роўнасці

Адна з прычын выбарачнага прадстаўніцтва жанчын у бізнесе і палітыцы схаваная ў патрыярхальным менталітэце многіх беларусаў. Большасць прытрымліваецца ўстаноўкі, што мужчыны мусяць зарабляць грошы, а жанчыны – займацца хатнімі справамі.

Можна заўважыць парадокс у публічных выступах старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзіі Ярмошынай пра ўдзел жанчынаў у паслявыбарчых пратэстах 19-га снежня 2010-га года:

“Гэтым жанчынам рабіць няма чаго! Сядзелі б дома, боршч варылі, а не па плошчах шасталі.

Мне ў галаву гэта не прыйдзе. Гэта ганьба для жанчыны – удзельнічаць у падобных мерапрыемствах. Я яшчэ разумею, калі яна дзяўчына дурная маладая, а калі жанчына ва ўзросце ідзе, значыць, у яе нешта з інтэлектам не ў парадку”.

Усе жанчыны, якія займаюць высокія пазіцыі, выконваць выключна структурную функцыю па ўзнаўленні мадэлі, у якой кіраўнік дзяржавы – “бацька”, патэрналісцкі лідар, выступае гарантам стабільнасці. У выніку зліцця палітыкі і эканомікі, улады Беларусі, маючы ўсе рэсурсы ў сваіх руках, выступаюць у якасці “бацькі”, які забяспечвае існавання сваёй “сям’і” – народу Беларусі.

Міжнародныя рэйтынгі і арганізацыі прызнаюць, што Беларусь дамаглася значнага прагрэсу ў выроўніванні сацыяльнага статусу мужчынаў і жанчынаў. Але нягледзячы на тое, што жанчына ў Беларусі можа весці вялікі бізнес і займаць высокія палітычныя пасады, гэтая з’ява не з’яўляецца распаўсюджанай. З аднаго боку, беларускае грамадства па-ранейшаму поўніцца гендарнымі стэрэатыпамі. З іншага боку, дзяржава прызначае на высокія пасады толькі лаяльных жанчын, каб забяспечыць функцыянаванне ўрадавай вертыкалі.