падтрымаць нас

Палітыка

Грузія: моцная дэмакратыя з недахопам палітычнай культуры

Грузія: моцная дэмакратыя з недахопам палітычнай культуры
Грузінская трансфармацыя даказвае, што пераход да дэмакратыі не з’яўляецца настолькі балючым, яктое прагнуць даказаць прадстаўнікі сённяшніх кіроўных элітаў Беларусі.

На працягу 10 гадоў Грузія прайшла шлях ад няўдольнай дзяржавы да краіны са спраўнай дэмакратыяй і дынамічнай эканомікай. Аднак палітычная культура краіны застаецца слабой.

У лістападзе мінулага году Георгі Маргвелашвілі афіцыйна ўступіў на пасаду прэзідэнта Грузіі. Выбарчая кампанія падцвердзіла, што дэмакратычнасць грузінскай сістэмы можа быць прыкладам не толькі для рэгіёну Каўказу, але і для некаторых краінаў Усходняй Еўропы. Нягледзячы на дробныя парушэнні ўсе кандыдаты мелі магчымасць для выказвання свайго меркавання, а грамадскія арганізацыі маглі на належным узроўні правесці кампанію назірання за выбарамі.

Прэзідэнцкая выбарчая кампанія праходзіла спакойна і нават сумна, такім чынам пераўтварыўшыся ў руціну. Згодна з дадзенымі мясцовых грамадскіх арганізацыяў, у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2012 году колькасць парушэнняў у гэтую перадвыбарчую кампанію зменшылася ў пяць разоў – з 300 да 60.Грузія прытрымліваецца высокіх стандартаў у арганізацыі выбарчага працэсу. Хоць апісанне расстаноўкі мэблі можа выглядаць пераборам, але гэта паказвае грузінскую прагу да празрыстасці выбараў. Цэнтральная выбарчая камісія стала супрацоўнічае з прадстаўнікамі кандыдатаў і назіральных групаў, дыпламатычным корпусам і сродкамі масавай інфармацыі.

Калі параўноўваць прэзідэнцкія выбары 2013 году і парламенцкія 2012 году, то 59% чальцоў камісіяў і 45% старшыняў і сакратароў камісіяў змяніліся, але ўсе яны прайшлі падрыхтоўку, што дазволіла ім кампетэнтна выканаць сваю працу. Гэтаксама ўлады значна панізілі выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу. Насуперак чаканням, палітыкі не выкарыстоўвалі ў сваёй барацьбе Бюро аўдытарскага кантролю, злоўжыванае ў мінулых кампаніях.

Хоць краіна прайшла вялікі шлях ад аўтарытарнай няўдольнай дзяржавы да спраўнай дэмакратыі, шмат чаго трэба ўдасканаліць. Выклікае пытанні прадстаўнічасць партыяў у выбарчых камісіях. Паколькі кіроўная кааліцыя “Грузінская мара” складаецца з шасці палітычных суб’ектаў, то ўсе яны былі прадстаўленыя адным чальцом у выбарчай камісіі. Такім чынам, толькі адна апазіцыйная партыя мела свайго прадстаўніка ў выбарчай камісіі. Хоць гэтая акалічнасць не паўплывала на падлік галасоў, прадстаўнічасць партыяў у камісіі мусіць быць палепшаная.

Значнае замяшальніцтва выклікала складанне спісаў выбарцаў. Улады выкраслілі каля 97 000 выбарцаў са спісаў у сувязі з недакладнасцямі ў дадзеных іх пражывання і толькі каля 10 000 чалавек паспелі перарэгістравацца.

Палітычная культура застаецца галоўным слабым бокам грузінскіх выбараў, у грамадскай сферы дагэтуль застаецца месца для абразаў і нават гвалту. Некаторыя палітыкі досыць пагардліва ставяцца да нацыянальных меншасцяў, што не спрыяе інтэграцыі гэтых групаў у грузінскае грамадства. Насцярожвае, што некаторыя выкарыстоўваюць традыцыяналізм для такіх мэтаў, як маргіналізацыя ЛГБТ-супольнасці.

Ужо прысягнуўшы прэзідэнт Георгі Маргвелашвілі, як і заняўшая трэцяе месца Ніно Бурджанадзе, збянтэжылі людзей напярэдадні выбараў. Маргвелашвілі заявіў аб тым, што калі ён не пераможа ў першым туры, то ён не прыме ўдзел у другім. Бурджанадзе падкрэсліла, што любы вынік выбараў, апроч уласнай перамогі, яна ўспрыме як праяву фальсіфікацыі. Папулізм застаецца значнай часткай палітыкі, але падобныя выказванні не мусяць гучаць з вуснаў адных з найбольш папулярных палітыкаў у краіне.

Уладам Грузіі варта прысвяціць больш увагі укараненню дэмакратычных практык сярод выбарцаў, напрыклад, прынцыпу таемнасці галасавання. Адзін з мясцовых экспертаў распавядаў прадстаўнікам беларускай місіі гісторыю, якая праілюстравала пэўную грузінскую спецыфіку. У часе выбарчай кампаніі 2010 году адна з партыяў не атрымала ніводнага голасу на адным з участкаў, хоць і была на ёй прадстаўленая чальцом у камісіі і назіральнікам, якія на гэтым участку галасавалі. Калі іх запыталі, што адбылося, яны адказалі, што іх вёска пастанавіла галасаваць за іншага кандыдата і яны вырашылі не ісці супраць рашэння супольнасці, да якой належаць.

Нягледзячы на гэтыя праблемы грузінскія грамадскія арганізацыі і палітычныя структуры здолелі моцна мабілізаваць свае структуры для назірання за выбарамі, такім чынам пакрыўшы ўсю тэрыторыю Грузіі, якая знаходзіцца пад кантролем грузінскіх уладаў. Адзін назіральнік на 63 чалавекі з’яўляецца высокай планкай, да якой мусіць цягнуцца беларуская апазіцыя і грамадзянская супольнасць.

Грузінскі шлях трасфармацыі хоць і мае свае купіны і ямы, але з’яўляецца прыкладам паспяховых рэформаў. Нягледзячы на праблемы з палітычнай культурай, грузіны застаюцца вернымі ідэям “рэвалюцыі ружаў”. Поспех дэмакратыі ў постсавецкай, яшчэ 10 год таму няўдольнай краіне, празрыстасць выбараў і добрая падрыхтоўка назіральнікаў мусяць быць добрымі прыкладамі для Беларусі.

Артыкул напісаны ў рамках праекту “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” па выніках беларускай назіральніцкай місіі ў Грузіі ў кастрычніку 2013 г. Болей інфармацыі на сайце

Рыгор Астапеня

Першакрыніца: arche.by