У нядаўна апублікаваным рэйтынгу шчасця Беларусь размясцілася на 73-ім радку, страціўшы шэсць пазіцыяў у параўнанні з мінулым годам. Нашыя суседзі, акрамя Украіны (132-ое месца), маюць неблагі вынік – Польшча размясцілася на 46-ым месцы, Расія на 49-ым, Літва на 52-ім і Латвія на 54-ым. Дарэчы, найлепшы вынік быў у Беларусі ў 2015-ым, калі нашая краіна апынулася на 59-ым месцы.
ААН займаецца даследаваннем шчасця ў краінах з 2012-га і вымярае яго ўзровень па шасці крытэрыях – ВУП на душу насельніцтва, сацыяльная падтрымка, чаканая працягласць жыцця, свабода, шчодрасць і карупцыя. Пры ўсёй умоўнасці такіх рэйтынгаў яны ў некаторай ступені адлюстроўваюць узровень задаволенасці ў грамадстве. І роля дзяржавы ў гэтым даволі істотная, бо яна мае дачыненне да кожнай сферы жыцця чалавека.
Калі шчасце разглядаць як узровень задавальнення асноўных патрэбаў чалавека, звяртаючыся да вядомай піраміды Маслоў, то, каб ашчаслівіць сваіх грамадзян, беларуская дзяржава магла б зрабіць шэсць рэчаў.
Павышэнне ўзроўню жыцця (фізіялагічныя патрэбы)
Былы прэзідэнт Гарвардскага ўніверсітэта Дэрэк Бок адзначыў, што пабудова моцнай эканомікі павышае ўзровень шчасця грамадзян. Не дарма ў топ-20 рэйтынгу ўваходзяць краіны з даволі высокім узроўнем жыцця.
Вядома, што ў нас з гэтым не ўсё ў парадку. Напрыклад, па ВУП на душу насельніцтва краіна знаходзіцца на 70-ым месцы ў свеце. Што тычыцца сярэдняга заробку, то, калі параўноўваць з іншымі еўрапейскімі краінамі, Беларусь знаходзіцца на апошніх пазіцыях.
Без правядзення эфектыўных эканамічных рэформаў становішча ў краіне і, адпаведна, узровень задаволенасці грамадзян, не палепшацца.
Жыллёвае пытанне (патрэба ў бяспецы)
Для чалавека вельмі важнае пачуццё дому. Беларусы былі б удзячныя ўладам за вырашэнне жыллёвага пытання, якое з’яўляецца галаўным болем для многіх людзей. Раней, калі ў дзяржавы было болей грошаў, шмат хто карыстаўся магчымасцю набыць жыллё на льготных умовах, расцягваючы выплату на 40 год пад 1 % гадавых.
Але сёння льготныя крэдыты атрымаць стала нашмат цяжэй, а інакш купіць жыллё з сённяшнімі невысокімі заробкамі не стала лягчэй. А жыць некалькім сем’ям у адной кватэры альбо вандраваць па здымных даволі няпроста. У суседніх жа краінах, акрамя больш высокіх заробкаў, ёсць магчымасць купіць кватэру або дом пад некалькі працэнтаў гадавых. Напрыклад, у Польшчы за 3-4 % у год, у параўнанні з 12-15 % у Беларусі.
Беларускі крэдытны калькулятар увогуле выклікае абурэнне – ад сумы $ 20 000, узятай у крэдыт на 20 год, у выніку трэба будзе аддаць $ 30 000 чыстай пераплаты банку.
Матывацыя ўлады (патрэба ў павазе)
Каб зрабіць чалавека шчаслівым, трэба перш за ўсё шчыра хацець зрабіць яго шчаслівым. Турбота аб людзях, павага і жаданне палепшыць іх жыццё павінна быць асноўным прыярытэтам у дзейнасці органаў улады. А далей трэба шукаць варыянты, як гэта зрабіць.
Сёння, на жаль, прыярытэты ссоўваюцца. Самі вярхі хочуць як мага даўжэй застацца ва ўладзе, і гэта іх галоўны клопат. А тыя, хто ніжэй у іерархіі, у першую чаргу хочуць ашчаслівіць тых, хто вышэй, але не народ.
Яскравым прыкладам, актуальным і для Беларусі, з’яўляецца нядаўняя трагедыя ў Расіі ў Кемерава, калі за тое, што здарылася, мясцовы губернатар папрасіў прабачэння ў Пуціна, а не ў народа.
Візы (пазнавальныя патрэбы)
Нягледзячы на няпростае фінансавае становішча, беларусы, як і ўсе людзі, любяць падарожнічаць, але існыя візавыя абмежаванні засмучаюць. Паводле дадзеных Global Passport Power Rank, у 2018-ым годзе беларусы могуць наведаць без візы 74 краіны. Для параўнання, грамадзяне Сінгапура могуць наведаць 163 краіны, Германіі – 162, Польшчы – 154, Украіны – 125. Больш актыўная праца дзяржавы ў гэтым кірунку, напэўна, падняла б настрой беларусам.
Шмат у чым ад уладаў залежыць, калі ўрэшце будзе падпсіанае пагадненне аб палягчэнні візавых фармальнасцяў з ЕС. Гэта прывяло б да ніжэйшай цаны за шэнгенскую візу (€ 35 замест € 60), а таксама да менш жорсткіх патрабаванняў датычна суправаджальных дакументаў.
Перамовы ідуць не адзін год і, наколькі вядома, праблема крыецца ў невялікіх дэталях, напрыклад, у прэтэнзіі ЕС да бяспекі беларускіх дыпламатычных і службовых пашпартоў. Гэткія перашкоды могуць быць пераадоленыя даволі хутка, калі на тое будзе палітычная воля.
Больш свабоды (патрэба ў самарэалізацыі)
У псіхалогіі існуе паняцце вывучанай бездапаможнасці. Ім характарызуецца стан чалавека, які суправаджаецца стратай пачуцця свабоды і самакантролю, нявер’ем у магчымасць зменаў і ва ўласныя сілы.
Калі перанесці гэта на рэальнае жыццё, такі стан характэрны для грамадства ў аўтарытарных краінах, дзе дзяржава бярэ на сябе функцыі кантролю над людзьмі, паказваючы ім, што рабіць і як. Гэтак дзяржава абмяжоўвае людзей у дзеяннях, не дае магчымасці для самарэалізацыі і робіць іх няшчаснымі.
Гэта адносіцца і да Беларусі, дзе ўлады бяруць на сябе занадта шмат функцыяў, звязаных з кантролем над грамадствам. Таму дзяржава павінна аслабіць хватку: знізіць кантроль, заахвочваць ініцыятыўнасць і заняцца дэбюракратызацыяй. Пэўныя пазітыўныя сігналы прысутнічаюць – гэта прыняцце дэкрэта № 7 “Аб развіцці прадпрымальніцтва” і дэкрэта № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”.
Час пакажа, наколькі эфектыўна будуць рэалізаваныя ідэі, закладзеныя ў гэтых пастановах, і ці распаўсюдзіцца гэты імпэт на іншыя сферы.