У той час, калі маладыя дэманстранты ў Гон-Конґу выцясняюць фінансістаў з цэнтру гораду пад аб’ектывамі сусветных медыяў, уйгуры ў Сінь-Цзяні пакутуюць ад крывавых дзеянняў і яшчэ больш крывавых рэпрэсіяў далёка ад людскіх вачэй. Хваляванні на перыферыі супярэчаць адноснаму спакою, які, падаецца, усталяваўся на галоўнай палітычнай сцэне Кітаю. Аб’ядноўвае гэтыя два асобныя сусветы хіба тое, што Ільгам Тахты, ціхі мірны акадэмік з Пекіну, быў прысуджаны да турэмнага зняволення за працу ў сферы абароны правоў уйгураў. Спакойнае развіццё палітычных падзеяў на галоўнай арэне Кітаю грунтоўна адрозніваецца ад стану рэчаў тры гады таму. У тыя часы спрэчныя пытанні, якія ўзнікалі ўнутры камуністычнай партыі, выносіліся на публіку, пачынаючы дэбатамі аб новым крымінальным кодэксе і сканчаючы справай аб карупцыі Бо Сі Лая, і гэтая гульня называлася палітыкаю пераемнасці. Усяго праз 50 кіламетраў ад мяжы з Гон-Конґам сяляне арганізавалі паспяховую акцыю пратэсту супраць прысвойвання зямель мясцовым чынавенствам і іх сябрукамі. Аднак, хто сёння ўзгадае Ўу-Кань, які быў на першых старонках выданняў па ўсім свеце ў 2011-2012?
На сёння ўсе канстытуцыйныя і палітычныя спрэчкі суцішаныя (у наступным месяцы запланаванае пленарнае паседжанне ў справе юрыдычных пытанняў, але сцвярджаць, што гэтая падзея мае дачыненне да вяршэнства закону, будзе памылкова). Працяглая мэтавая антыкарупцыйная праграма дасягнула свайго піку, але мае мінімум публічнасці, і толькі некаторыя падрабязнасці справаў, над якімі працуе партыйна-дзяржаўны апарат, былі апублікаваныя. Нават зачыстка ключавой палітычнай фігуры, былога “цара” службы бяспекі Кітая Чжоў Юн Кана была пацверджаная толькі чуткамі і он-лайн камюніке. Назіральнікі пачалі прызнаваць тое, што было відавочна ўжо пачынаючы з сярэдзіны 2013: Сі Цзінь Пін моцна ўхапіўся за ўладу, не збіраецца ёю дзяліцца, у кожным палітычным пытанні яго пазіцыя застаецца цвёрдай і выходзіць, нават часам не да месца, на эканамічную палітыку.
Ці існуе сувязь паміж хісткаю цішынёю ў цэнтры і хваляваннямі на перыферыі? Хутчэй за ўсё так. Кітайская дзяржава адказала жалезным кулаком на спробы некаторых уйгураў весці барацьбу ўнутры Кітая, уключна з аматарскім атрадам самагубцаў на плошчы Т’янь-Ань-Мэнь у кастрычніку 2013. Цягам апошніх некалькіх месяцаў тэракты ў Сінь-Цзяні караліся нашмат цяжэйшымі рэпрэсіямі. Хаця дакладныя лічбы цяжка праверыць, пасля расстрэлу людзей народнаю ўзброенаю паліцыяй колькасць ахвяраў у рэгіёне налічвае сотні. Падаецца, што падзеі на Блізкім Усходзе – ад Газы да ўздыму Ісламскай дзяржавы – выкарыстоўваліся кітайскімі ўладамі як шчыт, у чаканні палёгкі ад заходніх урадаў. Спіраль гвалту раскручаная, і гэта мае міжнародныя наступствы: уйгуры радыкалізуюцца і далучаюцца да міжнароднага джыхаду, ператвараючы афіцыйныя заявы кітайскага ўраду ў ім жа самім накліканую бяду.
Нюансаў у сітуацыі ў Гон-Конґу вельмі шмат. Аднак, падаецца, што мае месца хутчэй не крызіс нерэалізаваных надзеяў, а праява глыбокай занепакоенасці жыхароў Гон-Конґу аб уласнай будучыні. Дакладна як у Тайвані, дзе троху раней у гэтым годзе ўзнік Рух Сланечніка (накіраваны супраць гандлёвай дамовы аб паслугах з Кітайскім цэнтрам), моладзь сярэдняга класу складае аснову руху ў Гон-Конґу, збольшага студэнцкі клас як прадукт школьнай селекцыі. Агулам, пра-дэмакратычныя партыі атрымліваюць больш галасоў у цэнтральным Гон-Конґу і Каўлуні, чым на новых тэрыторыях.
Для Гон-Конґу, як і для Тайваню, існуюць два зразумелыя пасылы ад спецыфічнай кітайскай глабалізацыі. Першы пасыл заключаецца ў тым, што меншыя тэрыторыі мусяць чакаць паразы ў канкурэнтнай барацьбе з Кітаем цэнтральным. У Тайвані гандлёвая дамова аб паслугах абяцае прынесці нізкія заробкі ў сферы паслугаў, а працаўнікі фабрык даўно пацярпелі паразу ад інвестыцыяў з КНР. У Гон-Конґу мясцовых жыхароў выцясняюць 20-мільённыя натоўпы турыстаў з КНР штогод, у выніку чаго землеўладальнікі з высокаю набывальнаю здольнасцю радыкальна падымаюць кошты на нерухомасць – і гэтая сітуацыя асабліва датычыцца тых, хто толькі пачынае сваё актыўнае працоўнае жыццё.
Другі пасыл ад кітайскай глабалізацыі пакідае чакаць скарачэння палітычных прывілеяў у бліжэйшай будучыні. Змена школьнай праграмы ў бок большай спалучальнасці з будучымі правіламі КНР стымулявала рост студэнцкага руху ў Гон-Конґу два гады таму. У Тайвані збліжэнне з Кітаем, ініцыяванае прэзідэнтам Ma Ін Цзю, прымусіла людзей выйсці на вуліцы, нягледзячы на тое, што рост кітайскага войска можа зрабіць незалежнасць Тайваня нерэалістычным праектам. І якія б ні былі вынікі падзеяў у Гон-Конґу, яны абавязкова моцна адаб’юцца на Тайвані.
Існуе французскае выслоўе, якое сцвярджае, што “пазбегнуць двухсэнсоўнасці можна толькі не на карысць сабе”. Гэта яскрава ілюструе сітуацыю, у якую цяпер трапілі Сі Цзінь Пін з калегамі. Дамова пра вяртанне Гон-Конґу з яго 50-гадовай арэндай 1984 году паводле прынцыпу “адна краіна, дзве сістэмы” заўжды была двухсэнсоўнаю. З аднаго боку, яна адклала канчатковую дамоўленасць на 50 гадоў – такі ж метад выкарыстаў Дэн Сяў Пін, каб аслабіць спрэчкі за выспу з Японіяй. Гэтая даўняя сварка цяпер нечакана выбухнула з новаю сілаю.
Больш за тое, умовы пагаднення былі надзвычай двухсэнсоўнымі ў дачыненні да зменаў, якія могуць быць праведзеныя падчас пераходнага перыяду (Брытанцы часткова вінаватыя ў тым, што толькі выступалі за поўную дэмакратыю ў апошнія гады перад 1997, але сумнеўна, што яны змаглі б дамагчыся большага ад Пекіну ў любым выпадку). Думка, што ў Гон-Конґу можа быць поўная непасрэдная дэмакратыя, дапоўненая свабодна абраным Заканадаўчым Саветам (LegCo) і галоўным выканаўцам, застанецца фантазіяй, пакуль у Кітаі пануе аднапартыйнае кіраванне. У Гон-Конґу існуе вельмі моцная дэмакратычная плынь, якую яскрава відаць кожны год падчас масавага ўшанавання памяці ахвяраў Т’янь-Ань-Мэня. Аднак Пекін вядомы сваймі саступкамі (напрыклад, павольным павелічэннем колькасці месцаў для непасрэднага абрання ў Заканадаўчы Савет) пра-пекінскімі, або пра-бізнесовымі, партыямі, якія здолелі прабіцца назад да большасці. Цэнтральныя ўлады абапіраюцца на бізнес і ўскосныя сродкі (уключна з запужваннем) замест прамых дзеянняў, каб паменшыць відавочны прагал паміж інтэрнацыяналістычным і касмапалітычным грамадствам Гон-Конґу і нуднаю палітычнаю сістэмаю і ідэалогіяй Кітаю.
Аднак палітыка прадугледжвае надзеі. Папярэднія саступкі Пекіна, уключна з абвяшчэннем прамых выбараў кіраўніка Гон-Конґу ў 2017, цяпер перакрэсленыя слаба легітымізаваным выбарчым камітэтам для абрання кандыдатаў: жыхарам Гон-Конґу далі права накласці вета на кандыдата, але яны не могуць прагаласаваць за аднаго з абраных імі. Магчымае выйсце ўсё ж існуе, напрыклад, пашырыць усеагульнае выбарчае права або яго камбінацыі, як у выпадку з LegCo, на гэты выбарчы камітэт.
Але нават саступкі такога кшталту не разгадаюць галоўны рэбус: для Гон-Конґу немагчыма мець палітычных лідараў, якія б супярэчылі асноўнаму кіраўніцтву Кітая – кіраўніцтву, якое захавае свае пазіцыі як мінімум да 2047. Кітайскія лідары не маюць намеру сыходзіць. Гон-Конґ, атрымаўшы значную выгаду ад блізкасці да Кітая, можа настойваць на выкарыстанні Асноўнага Закону да 2047, і патрабаваць аўтаноміі шматлікімі шляхамі. Аднак чым больш ён будзе рабіць адкрытых заяваў на ўласнае палітычнае аблічча, у дадатку да права на пратэст, тым большая будзе рызыка катастрафічнага сутыкнення.
Іншыя ўрады не мусяць пакідаць Гон-Конґу ілюзіяў, якія прывядуць толькі да фіналу кшталту Т’янь-Ань-Мэню. Яны павінны таксама звяртаць увагу цэнтравага ўраду на палітычныя перавагі кампрамісу і страшны кошт сапраўдных рэпрэсіяў. Гэта канкрэтныя мэты, і еўрапейская дыпламатыя мусіць прытрымлівацца іх.