падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Як 3D-прынтары зменяць эканоміку свету

Як 3D-прынтары зменяць эканоміку свету
Мабільнасць вытворчасці прывядзе да эканамічнага ажыўлення Старога Свету і дасць шанец Беларусі.

Апошнім часам тэма 3D-прынтараў не сыходзіць са старонак СМІ. Тут і навіны пра будынкі, якія можна будзе выдрукаваць, і забарона на выраб на 3D-прынтарах зброі. Разам з падзеннем коштаў на самі прынтары, можа скласціся ўражанне, што хутка наш дом ператворыцца ў мініфабрыку, дзе кожны будзе друкаваць усё што пажадае.

Гэты інфармацыйны ўздым нагадвае 1950-ыя, калі мікрахвалёвыя печы называлі будучыняй гатавання. Сёння мікрахвалёўка ёсць амаль у кожнай кватэры, але яны так і не замянілі выгляд кухні. Друк 3D перакуліць наш свет, але не так, як нам гэта падаецца цяпер.

Сапраўдная рэвалюцыя і распаўсюд 3D-прынтараў пачнецца з 2015 г. У гэты час скончыцца тэрмін дзеяння ключавых патэнтаў на гэтыя тэхналогіі. Гэта прывядзе да з’яўлення большай колькасці вытворцаў прынтараў, а таксама адкрые шлях на масавы рынак новых тэхналогіяў друку 3D.

Калі з 2009 г. тэхналогія паслойнага наплаўлення (FDM – fused deposition modeling) перастала быць абароненай патэнтамі, менавіта яна захапіла рынак і дагэтуль на ім дамінуе. Тэхналогія выкарыстоўвае тоўстую нітку палімеру або металу, якая прасоўваецца праз разагрэтае сопла і дзейнічае па прынцыпе клеевага пісталету. Нягледзячы на рэкламу, у выніку вырабы атрымліваюцца занадта крохкімі і малапрыгоднымі для канчатковага выкарыстоўвання і падыходзяць толькі для стварэння мадэляў ды прататыпаў.

З канца 2014 г. на масавым рынку з’явяцца прынтары на больш якаснай тэхналогіі выбарачнага лазернага спякання (SLS – selective laser sintering). Яна выкарыстоўвае прамень энергіі, які расплаўляе парашковы метал або палімер. Такім чынам за адзін крок цалкам вырабляецца дэталь, якасна і па трываласці не адрозная ад традыцыйных прамысловых метадаў ліцця, коўкі ці штампавання.

Масавы прыход на рынак прынтараў, якія выкарыстоўваюць тэхналогію SLS (і сумежныя SLM і EBM), у суме з рабатызацыяй вытворчых працэсаў прывядзе да новай індустрыялізацыі Еўропы і ЗША. Змены ў вытворчых і лагістычных схемах будуць параўнальныя з распаўсюдам канвеернай мадэлі ў пачатку ХХ ст.

Сёння вытворцы выкарыстоўваюць аддаленыя рынкі таннай працоўнай сілы, што прапарцыйна павялічвае выдаткі на транспарт і лагістыку. 3D-друкаства размесціць вытворчасць побач з канчатковымі рынкамі продажу тавараў. Гэта радыкальна зменшыць выдаткі на даставу, а рабатызацыя і аўтаматызацыя, як мінімум, захавае на тым жа ўзроўні выдаткі на працоўную сілу.

Блізкасць да канчатковых рынкаў таксама значна паскорыць цыкл распрацоўкі прадукту. Замест планавання на некалькі год, прыйдзе мадэль аператыўнага адказу на патрабаванні спажыўцоў.

Першымі галінамі, адкуль пачнецца экспансія новых мадэляў вытворчасці, будуць сантэхнічнае абсталяванне і посуд, мэбля і лялькі, выраб запасных частак для хатняй электронікі.

Гэткая мабільнасць вытворчасці балюча ўдарыць па краінах Усходняй Азіі і ў першую чаргу па Кітаі. Толькі па вышэйузгаданых катэгорыях Кітай можа згубіць значную частку свайго экспарту. Прапарцыйна скароцяцца працоўныя месцы, што яшчэ больш абвострыць сацыяльную напружанасць у рэгіёне.

Набліжэнне рэіндустрыялізацыі Еўропы дае Беларусі выключную магчымасць для ажыўлення ўласнай эканомікі. Значную частку імпарту ў нашую краіну складаюць прамежкавыя тавары. Нашыя буйныя прамысловыя прадпрыемствы вырабляюць свае тавары з імпартных запасных частак і дэталяў. Гэты імпарт лёгка можа замяніць 3D-друкаства. А выраб тавараў шырокага спажывання дасць штуршок для развіцця малога бізнесу.

Ужо сёння такія гіганты нашай эканомікі, як Атлант і МТЗ, маюць свае ўласныя 3D-прынтары і эксперыментуюць з вырабам дэталяў. На гэтую сферу нарэшце звярнула ўвагу і Нацыянальная Акадэмія Навук, якая плануе стварыць кластар па вытворчасці 3D-прынтараў.

Аднак для паспяховай адаптацыі эканомікі пад рэаліі 3D-друкарства патрэбны комплексны падыход. Належныя змены неабходна будзе правесці ў сферы адукацыі, якая павінна забяспечыць краіну высокакваліфікаванымі спецыялістамі ў вобласці дызайну трохмерных аб’ектаў, аператараў трохмернага друку, тэхнікаў, інжынераў. Гэтак жа трэба будзе лібералізаваць вядзенне высокатэхналагічнага малога бізнесу, зняць падаткі са спецыялізаванага абсталявання, наладзіць супрацу буйных вытворчых прадпрыемстваў і малога бізнесу.

Толькі такая асэнсаваная палітыка прывядзе да сапраўднай мадэрнізацыі эканомікі і паляпшэння дабрабыту грамадзянаў.