У Беларусі ёсць два тыпы заходняга фінансавання – тое, пра якое пішуць, і тое, пра якое звычайна маўчаць. Напрыклад, у мінулым месяцы ледзь не ўсе СМІ напісалі пра Трампа, які плануе скасаваць амерыканскую дапамогу Беларусі (і не толькі ёй).
Грошы, якія ЗША выдаткоўвае на Беларусь, не надта вялікія (каля $ 8 млн), але яны амаль цалкам ідуць на падтрымку грамадзянскай супольнасці і недзяржаўных арганізацыяў, развіццё стартап-руху і малога бізнесу ў рэгіёнах. І відавочна, што жыццё многіх НДА і мясцовых ініцыятываў можа значна ўскладніцца.
Але насамрэч гэтыя $ 8 млн – гэта кропля ў моры ў параўнанні з тымі сродкамі, пра якія ў Беларусі не пішуць.
Гэта тыя сродкі, якія ад Захаду атрымліваюць беларускія ўлады, падуладныя ім недзяржаўныя арганіазацыі ды міжнародныя арганізацыі. Як прыклад, праект на паўмільёна еўра, які акурат пачынае беларускі Чырвоны Крыж і мясцовыя ўлады.
Агулам штогод Беларусь атрымлівае каля $ 100-120 млн грантавай дапамогі, большасць з якой ідзе з Еўрапейскага Саюза. Пры гэтым ЕС мае яшчэ і павялічыць фінансаванне. І насамрэч Беларусь не ўнікальная ў тым, што большасць сродкаў кіруецца дзяржаве – у той жа Украіне каля 87 % усёй міжнароднай тэхнічнай дапамогі таксама ідзе дзяржаўным інстытутам.
Але адрозненне ў тым, што ў Беларусі гэты агромністы пул сродкаў застаецца мала каму вядомым.
Міністэрства эканомікі (якое адказвае за рэгістрацыю праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі) не публікуе дадзеныя аб праектах і іх рэалізацыі. Еўрапейскі Саюз хоць і спрабуе рабіць працэсы больш празрыстымі і стварыў для гэтага адмысловы сайт, але партал усё роўна мае даволі абмежаваную інфармацыю і не асвятляе ўсіх актуальных праектаў.
З той жа інфармацыі, якая публікуецца, і з размоваў з адмыслоўцамі вынікае, што рашэнне Трампа мала што зменіць для найбуйнейшых грантасмокаў краіны, чые бюджэты большыя, чым $ 8 млн на год.
Мінпрыроды
На нацыянальным узроўні, бадай, самым актыўным гульцом з’яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яно, на дзіва, адкрытае на інавацыі, не абмяжоўваецца толькі пытаннямі аховы прыроды і з’яўляецца галоўным рухавіком развіцця “зялёнай эканомікі” ў краіне. Ад 1997 да 2014 года міністэрства ўзяло непасрэдны ўдзел у блізу 70 праектах, якія фінансаваліся не толькі ЕС, але і Сусветным банкам, шведскімі і дацкімі агенцтвамі ды Праграмай развіцця ААН.
Хоць цяпер Міністэрства прыроды ўцягнутае ў карупцыйны скандал, а міністр адхілены ад працы, гэта не павінна паўплываць на актыўнасць структуры. Бо акурат лічыцца, што мінулы міністр даволі скептычна ставіўся да міжнароднай дапамогі і толькі замаруджваў рэалізацыю праектаў.
ПРААН
Другім актыўным гульцом на мясцовым грантавым рынку з’яўляецца Праграма развіцця ААН. Гэтую структуру любяць як беларускія чыноўнікі (бюракратам даволі хутка атрымліваецца знайсці агульную мову), так і Еўрасаюз, які ахвотна выдае гранты “надзейнай міжнароднай арганізацыі”.
На сённяшні дзень ПРААН рэалізуе ў краіне каля 30 праектаў з агульным бюджэтам у $ 20 млн. Незадаволенымі застаюцца толькі НДА, якія крытыкуюць ПРААН за нізкую якасць выканання праектаў, а таксама скандалы з выдачай грантаў няісным арганізацыям ці прадзяржаўным НДА.
Мясцовыя ўлады
Не менш актыўнымі “грантасмокамі” з’яўляюцца рэгіянальныя ўлады, якія ва ўмовах бюджэтнага крызісу з ахвотаю прымаюць “варожыя” еўрапейскія грошы. Напрыклад, Браслаў, Навагрудак, Чавусы атрымліваюць сотні тысяч еўра на абнаўленне кацельных, устаноўку сонечных калектараў, цеплавых помпаў і іншыя модныя рэчы.
Можна колькі заўгодна размаўляць пра блізкасць да еўрапейскіх каштоўнасцяў, але калі Упраўленню капітальнага будаўніцтва Магілёва даюць $ 450 000 на рамонт будынка ці $ 3 млн на ветрагенератары, палітыка адыходзіць на другі план.
І чым менш будзе грошай у рэспубліканскім бюджэце, тым ахвотней мясцовыя ўлады будуць прымаць еўрапейскія гранты.
І ў адрозненні ад ЗША Еўрапейскі Саюз наўрад ці адмовіцца ад дапамогі Беларусі і спрытным бюракратам з ПРААН.