падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Перажыць крызіс: нетыповы досвед Ісландыі

Перажыць крызіс: нетыповы досвед Ісландыі
Як маленькай краіне даць рады з эканамічнымі праблемамі.

Сёння, калі ўвага шматлікіх аналітыкаў канцэнтруецца на эканамічным становішчы Грэцыі, усё больш зацікаўленых позіркаў скіроўваецца да аналізу таго, што адбылося ў Ісландыі ў 2008-2009 гадах. Насамрэч маленькая дзяржава – з насельніцтвам каля 330 тыс. чалавек – падчас сусветнага фінансавага крызісу здолела зрабіць “фінт вушамі”, які дагэтуль выглядае парадаксальнай з’явай у гісторыі эканамічнага развіцця Еўропы. Нягледзячы на рызыку пераўтварэння краіны ў банкрута, ісландцы не пабаяліся кінуць пальчатку фінансавым магнатам і адносна хутка пераадолелі наступствы дэфолту.

Паводле даклада ААН, у 2007-ым краіна “лёду і агню”, як часта называюць Ісландыю, была ў ліку сусветных лідараў па якасці і працягласці жыцця (у сярэднім – 82 гады), па ўзроўні прыбыткаў на душу насельніцтва і даступнасці адукацыі. Эканамічны рост у краіне трымаўся пераважна за кошт рыбалоўства, таннай электраэнергіі ад геатэрмальных крыніц, вытворчасці алюмінію, цяплічнага агародніцтва, турызму і развіцця ў якасці афшорнай зоны.

Напачатку трэцяга тысячагоддзя ісландскі банкаўскі сектар быў прыватызаваны, пасля чаго ўсяго толькі цягам пяці гадоў тамтэйшыя банкіры назапасілі замежных крэдытаў у гіганцкіх памерах, міжволі стварыўшы своеасаблівую “мыльную бурбалку” ў эканоміцы.

Нясіце вашы грошыкі, іначай быць бядзе!..

Нягледзячы на пашыраную практыку параўнання з Грэцыяй, сутнасць ісландскага крызісу ўсё ж такі была іншай і палягала на тым, што тры найбуйнейшыя ісландскія банкі досыць лёгка атрымалі грошы ад 300 тыс. укладчыкаў з Вялікабрытаніі на € 5 млрд і 125 тыс. укладчыкаў з Нідэрландаў на € 1,7 млрд. У ролі ўкладчыкаў былі таксама грамадзяне Фінляндыі, Нарвегіі, Аўстрыі, Германіі. Не апошнюю ролю ў дадзеным працэсе грала так званая стратэгія inflation targeting, якая прадугледжвае жорсткі кантроль за інфляцыяй дзякуючы варыяцыям з працэнтнай стаўкай банкаўскага рэфінансавання. Пры гэтым ісландская крона выглядала як цалкам стабільная валюта, а брытанскія і нідэрландскія аматары хуткага прыбытку, якія паўкладалі сродкі ў ісландскія банкі, былі ўпэўненыя ў тым, што дадзеныя інстытуты знаходзяцца ў межах еўрапейскай юрысдыкцыі.

money

На фінансавым рынку з’явілася прапанаваная адным з галоўных ісландскіх банкаў паслуга пад прыгожай назвай “Icesave” (літаральна – “захаваны ў лёдзе”), паводле якой дастаткова было адкрыць рахунак праз інтэрнэт і пры дапамозе карткі аформіць дэпазіт пад найлепшы на той час у Заходняй Еўропе працэнт.

З улікам таго, што крэдытныя стаўкі ў краіне нашчадкаў вікінгаў істотна перавышалі агульнаеўрапейскія, банкіры здолелі не толькі прыцягнуць у краіну велізарныя сродкі і канвертаваць іх у кроны, але і перазакласці па мясцовых вышэйшых стаўках. Гэта ў сваю чаргу стымулявала лакальнае крэдытаванне, дзякуючы чаму асобныя грамадзяне пачалі актыўна скупляць нерухомасць і жыць на шырокую нагу. Зразумела, што ненатуральны фінансавы ўздым разам з марнатраўным праяданнем крэдытаў меў і свой адмоўны бок.

Сусветны фінансавы крызіс 2008-га непазбежна закрануў дагэтуль “стабільную і квітнеючую” Ісландыю. Тры галоўныя банкі краіны –  Landbanki, Kapthing і Glitnir – хутка сталі банкрутамі, нацыянальная грашовая адзінка страціла больш за 80 % сваёй вартасці ў стасунку да еўра, рэальныя даходы ісландцаў зменшыліся амаль на 20 %, а беспрацоўе падскочыла да 10 %.

Гейзер народнага абурэння

У кастрычніку 2008-га ісландскі ўрад звярнуўся за ратавальным крэдытам у МВФ, атрымаўшы больш за € 2 млрд для выплаты вонкавага доўгу. Але разам з тым дзяржаўны доўг перавысіў 70 % ВУП, а грошы на выплаты шматлікіх пазык можна было хіба што намаляваць. Каб перакрыць шматлікія міжнародныя выдаткі, кожны жыхар Ісландыі фактычна мусіў штомесяц выплочваць суму каля € 100 цягам 15 гадоў! Гэта было занадта нават для нардычнага характару ісландцаў.

З канца лістапада 2008-га ў краіне распачалася серыя акцый пратэсту. Адным з ініцыятараў гэтага працэсу стаў паэт і спявак Хёрдур Торфасан, які ўсталяваў мікрафон на пляцы перад будынкам парламента і прапанаваў усім ахвотным не саромецца ў выказваннях. Энтузіязм гэтага вядомага дысідэнта знайшоў шырокую падтрымку сярод жыхароў Рэйк’явіка.

Пасля нацыяналізацыі вядучых банкаў краіны выплаты кампенсацый замежным укладчыкам мусілі здзяйсняцца за кошт бюджэтных грошай, а значыць –непасрэдна са сродкаў падаткаплацельшчыкаў. Аднак расплочвацца за недальнабачную фінансавую палітыку з уласнай кішэні не хацелі ні прадпрымальнікі, ні хатнія гаспадыні.

Людзі пачалі выходзіць да будынка парламента з каструлямі і патэльнямі, каб грукацець, перашкаджаючы парламенцкім слуханням. Гэтая з’ява была акрэслена ў медыях як “посудавая рэвалюцыя”. Пад ціскам народнага абурэння ўрад быў вымушаны сысці ў адстаўку, а на датэрміновых выбарах большасць месцаў у парламенце атрымалі палітыкі левага кірунку.

Новае кіраўніцтва краіны аказалася под моцным ціскам звонку з боку міжнародных фінансавых інстытутаў і вырашыла правесці адпаведны рэферэндум, у выніку якога 93 % насельніцтва адхіліла законапраект аб вяртанні запазычаных банкамі сродкаў. Да таго ж шэраг уплывовых асоб, якія непасрэдна спрычыніліся да ўтварэння фінансавага крызісу ў Ісландыі, былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Але самае цікавае, бадай, пачалося з распрацоўкай новай Канстытуцыі, якая не змянялася з моманту абвяшчэння Ісландыяй незалежнасці ў 1944-ым.

IMG_9256

Восенню 2010-га з ліку 1,5 тыс. грамадзян краіны ва ўзросце ад 18 да 80 гадоў была створана Нацыянальная асамблея, падзеленая на адмысловыя групы па абмеркаванні пэўных пытанняў. Пазней з гэтай супольнасці ўсеагульным галасаваннем былі абраныя 25 грамадзян з 522 кандыдатаў. Адметнасцю было тое, што перадвыбарчая кампанія праходзіла пераважна ў інтэрнэце і не вымагала вялікіх выдаткаў. Урэшце ў 2012-ым была прынятая новая Канстытуцыя, якая пачыналася са словаў: “Мы, народ Ісландыі, хочам пабудаваць справядлівае грамадства, дзе ўсе маюць роўныя правы”.

Нягледзячы на сур’ёзную рызыку апынуцца ў татальнай ізаляцыі, насуперак парадам МВФ і іншых магутных фінансавых структур ісландцы адмовіліся плаціць, прымусіўшы банкі ануляваць пазыкі і стаць банкрутамі. Армагедона пры гэтым не адбылося, хоць пытанне поўнай кампенсацыі замежным укладчыкам так дагэтуль і не вырашана канчаткова. Да таго ж давялося здзейсніць шэраг непрыемных рэчаў: дэвальвацыю ісландскай кроны, абмежаванне руху капіталу, скарачэнне сацыяльных выдаткаў.

Абраўшы свой, нечаканы для міжнароднай супольнасці шлях, Ісландыя ўжо праз некалькі гадоў пасля вялікага крызісу пачала дэманстраваць стабілізацыю эканамічнага развіцця, уздым у сацыякультурнай сферы і значны прыток замежных турыстаў (на 30 %). А гэта значыць, што ўнікальны досвед маленькай астраўной дзяржавы, якая знаходзіцца даволі далёка ад кантынентальнай Еўропы, можа быць у нечым карысным і для нас, асабліва ў дачыненні да ўпадабанай дзяржавай практыкі няспыннага назапашвання вонкавых пазык.