падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Тры графікі, як улады правалілі праграму па інавацыйнасці

Тры графікі, як улады правалілі праграму па інавацыйнасці
Улады не здолелі выканаць тры з чатырох паказчыкаў дзяржпраграмы. Чацверты – выканалі, але не да канца зразумела як.

Інавацыйнасць беларускай навукі калісьці была легендай, але цяпер становіцца міфам. Новыя дадзеныя Белстата аб стане беларускай інавацыяў паказваюць, як дэградавала беларуская навука ў апошнія пяць гадоў.

Найлепш гэта бачна, калі параўнаць статыстыку з паказчыкамі, якія ўлады ўклалі ў дзяржаўную праграму інавацыйнасці на 2011-2015 гг. Паводле яе да канца мінулага году:

  • Унутраныя выдаткі на навуковыя даследванні і распрацоўкі павінны былі дасягнуць 2,5 – 2,9 % ад агульнага памеру беларускай эканомікі.
  • Доля інавацыйных прадпрыемстваў сярод прамысловых кампаніяў павінна складаць 40%.
  • Доля інавацыйнай прамысловай прадукцыі ў агульнай адгружанай прадукцыі мела складаць 20 – 21%.
  • Аб’ём экспарту навукаёмістай высокатэхналагічнай прадукцыі павінен складаць $ 7950 млн.

Большасць з гэтага не спраўдзілася. Навукаёмістасць беларускай эканомікі не толькі не вырасла ў чатыры разы, але змяншалася. Выдаткі на навуковыя даследванні скарачаліся не толькі ў працэнтах, але і абсалютных лічбах, бо папярэднія пяць гадоў беларуская эканоміка не расла.

Доля інавацыйна-актыўных прадпрыемстваў гэтаксама не расла, пры гэтым частка інавацыйных кампаніяў больш шкодзяць Беларусі, чым прыносяць карысці. Найлепшым прыкладам з’яўляюцца мадэрнізаваныя цэментныя кампаніі, як Беларускі цэментны завод. Ён традыцыйна знаходзяцца ў топе самых стратных ААТ Беларусі, але атрымлівае граматы ад ураду за якасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі.

Не дзіва, што пры змяншэнні інавацыйна-актыўных прадпрыемстваў змяншаецца і колькасць інавацыйнай прадукцыі, якая імі выпускаецца.

Адзіным паказчыкам, паводле якога, Беларусь выканала дзяржаўную праграму па інавацыйнасці, з’яўляецца аб’ём экспарту навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі. Паводле кіраўніка Дзяржкамітэта па навукі і тэхналогіях, Беларусь экспартавала навукаёмістай прадукцыі на $ 37 млрд, такім чынам перавыканаўшы праграму на 146%. 

Праблема ў тым, што немагчыма знайсці адкуль паходзіць такая лічба, а зварот у ДКНТ не прынёс выніку – дзяржкамітэт параіў больш уважліва разглядзець статыстычныя дадзеныя.