Калі ў Беларусі кажуць аб замежных інвестыцыях, часцяком маецца на ўвазе сфера інфармацыйных тэхналогіяў – і на гэта ёсць прычыны. Прынятыя нядаўна законы і ласкавая ўвага ўладаў да гэтай сферы прымушаюць многіх інвестараў задумацца над тым, каб сур’ёзна асталявацца ў Беларусі.
Крыптабіржы, майнінг-фермы, блокчэйн і іншыя ІТ-нішцякі – гэта ўсё выдатна, але ў Беларусі існуюць і іншыя нішы, якія могуць быць прывабнымі для замежных інвестараў (калі, канешне, дзяржаўныя органы не будуць супраць).
Харчовая прамысловасць і сельская гаспадарка
Беларусь вядомая якасцю сваіх прадуктаў харчавання. Мясцовыя прадукты дагэтуль з’яўляюцца свайго роду брэндам у суседніх краінах і шыльда “Зроблена ў Беларусі” ва ўмоўнай Туле ці Жытоміры прыцягвае павышаную ўвагу пакупнікоў.
Інвестыцыі тут павінны быць як мага больш выверанымі, а таксама прымаць пад увагу пэўныя рызыкі. Бо з аднаго боку знаходзіцца рынак ЕС, доступ да якога атрымаць няпроста. З іншага – непрадказальная Расія, якая пастаянна блакуе экспарт пэўных беларускіх прадуктаў (прынамсі можна ўзгадаць бесперапынныя малочныя войны).
Патэнцыйнаму інвестару варта правільна выбраць нішу для інвестыцыяў у гэтай сферы. Пры гэтым важна памятаць аб некалькіх важных умовах: адсутнасць залежнасці ад аднаго дастаўцы сыравіны і матэрыялаў (дыверсіфікацыя паставак); сацыяльная страхоўка ў выглядзе вялікай колькасці занятых на прадпрыемстве (што дазволіць у некаторай ступені абараніцца ад самавольства з боку дзяржавы); пераважна экспартная накіраванасць прадпрыемства; вытворчасць прадукцыі ў сегменце, дзе адсутнічае жорсткая канкурэнцыя з боку дзяржавы (тая ж малочка або мясная вытворчасць наўрад ці адпавядаюць гэтаму крытэрыю).
Удалым прыкладам замежных інвестыцыяў можна назваць кампанію “Coca-Cola Beverages Belarus”.
Яна стварыла ў Беларусі паспяховую вытворчасць з немалой колькасцю працаўнікоў (больш за 1000) і займае цалкам добрую нішу безалкагольных напояў.
Сельская гаспадарка адносіцца да сферы, дзе інвестыцыі не заўсёды могуць даць хуткі прыбытак. З іншага боку, тут існуюць такія плюсы як пастаянны попыт на прадукцыю і доступ на вялікі рынак ЕАЭС. З улікам расійскіх санкцыяў у адносінах да сельгаспрадукцыі з краінаў ЕС і ЗША, гэта дае пэўную спакусу, каб укладаць сродкі ў эканоміку Беларусі.
Акрамя таго, інвестарам у сельскую гаспадарку прадугледжаныя прыемныя бонусы. У прыватнасці, замест падатку на прыбытак для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ўведзены адзіны падатак, які складае 1 % ад выручкі, а ПДВ на гэтую прадукцыю выплачваецца па стаўцы 10 %.
Высокатэхналагічныя і інавацыйныя прадукты
Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк “Вялікі камень” пад Мінскам прапануе рэзідэнтам даволі нядрэнныя ўмовы вядзення бізнесу. Для замежных інвестараў прывабным мае быць тое, што на тэрыторыі больш чым 8 тыс. гектараў у 25 км ад Мінска існуе спецыяльны (а для Беларусі беспрэцэдэнтны) прававы рэжым тэрмінам дзеяння на 50 год.
Згодна з ім, напрыклад, кампаніям рэзідэнтам даюцца ільготы, кшталту вызвалення ад зямельнага падатку і падатку на нерухомасць да 2062-га года, 0% на мытныя пошліны і ПДВ пры экспарце тавараў за межы ЕАЭС, а таксама 0% падатку на прыбытак цягам 10 гадоў.
Карацей – адны ільготы.
Аднак варта памятаць пра галоўную ўмову: патэнцыйны інвестар мусіць стварыць высокатэхналагічную інавацыйную вытворчасць, напрыклад, у сферы электронікі, фармацэўтыкі, тонкай хіміі, біятэхналогіяў, машынабудавання і гэтак далей.
Медыцынскі турызм
Нягледзячы на гучныя карупцыйныя скандалы ў краіне, а таксама праблемы, якія існуюць у сферы медыцыны, шэраг медыцынскіх паслуг (ад транспланталогіі да стаматалогіі) у Беларусі аказваюцца на высокім узроўні.
І што асабліва важна – медычныя паслугі ў Беларусі прымальныя па кошце.
Сфера медыцынскага турызму ў краіне развіваецца – у 2017-ым арганізацыі сістэмы Міністэрства аховы здароўя аказалі паслугі больш як 190 тыс. пацыентам з-за мяжы, у параўнанні з 100 тыс. у 2010-ым. У той жа час, як і ў іншых сферах, тут ёсць куды расці. І з пункту гледжання павелічэння колькасці “турыстаў” нядаўняе падаўжэнне бязвізу да 30 дзён будзе своечасовым.
Мільёны долараў былі ўкладзеныя ў досыць паспяховы праект – сетку афтальмалагічных клінік “Новы зрок”.
І нягледзячы на тое, што большасць пацыентаў клінік – беларусы, гэта добры прыклад інвестыцыяў у медыцынскай сферы. А з 10-дзённым бязвізам у Брэсце і добрымі цэнамі, чаму б не заахвоціць палякаў з суседніх рэгіёнаў прыязджаць лячыцца ў Брэст.
Але інвестыцыі ў гэтай сферы датычаць не толькі ўкладання сродкаў у медыцынскія цэнтры. Даволі перспектыўным выглядае санаторна-аздараўленчы сегмент.
Беларусь называюць “лёгкімі Еўропы” і гэтай фішкай можна скарыстацца.
У 2016-ым годзе беларускія здраўніцы наведалі 216 тыс. замежнікаў, 90 % сярод якіх – грамадзяне Расіі. Тым не менш мы не маем шмат санаторыяў добрага ўзроўню. А лясоў і азёр у краіне дастаткова, таму ў гэтай нішы зусім не цесна.
Лагістыка
Геаграфічнае становішча Беларусі і звязаныя з гэтым магчымасці ў сферы лагістыкі ўжо сталі пагалоскай. У той жа час патэнцыял краіны ў гэтай сферы да гэтага часу застаецца недастаткова выкарыстаным. Аб чым, напрыклад, сведчаць сусветныя рэйтынгі. Так, згодна са свежым World Bank Logistics Perfomance Index, Беларусь апынулася толькі на 103 месцы, а па якасці лагістычнай інфраструктуры – на 92.
Тое, што стварэнне адпаведнай лагістычнай інфраструктуры ў краіне неабходнае, відаць няўзброеным вокам.
Дастаткова праехаць па галоўнай беларускай магістралі М1 і параўнаць колькасць лагістычных цэнтраў на ёй з іх колькасцю ўздоўж трас у Польшчы.
Розніца будзе істотнай.
Удзел Беларусі ў глабальным кітайскім праекце “Адзін пояс, адзін шлях” можа быць дадатковым аргументам для замежных інвестараў. Плануецца, што ў рамках праекту адзін з транспартных калідораў будзе праходзіць праз Беларусь. У сувязі з чым, напэўна, узрасце неабходнасць у стварэнні высакаякаснай лагістычнай інфраструктуры ў краіне.
Так, у індустрыяльным парку “Вялікі Камень” пры ўдзеле нямецкай кампаніі Duisburger Hafen, якая кіруе самым вялікім рачным портам у свеце ў аднайменным горадзе, ужо пачалося будаўніцтва буйнога сухога порта, які будзе лагістычным сэрцам парку.
Акрамя таго, варта звярнуць увагу на сектар грузавых аўтаперавозак. Гэта акурат тое месца, дзе свежыя грошы могуць зрабіць беларускі аўтамабільны бізнес больш канкурэнтным.