Папулярна меркаванне, што травеньскія выбары ў Еўрапарламент стануць «трэцім актам» у папулісцкай драме, якая пачалася ў 2016-ым з рэферэндумам аб «брэксіце» ў Вялікабрытаніі і абраннем Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША. Нам кажуць, што трэба чакаць вялікае супрацьстаянне паміж сіламі «адкрытых» і «закрытых» грамадстваў, дзе на коне стаіць будучыня Еўрапейскага саюза. Усё гэта гучыць вельмі праўдападобна. Але часам атрымліваецца інакш.
«Брэксіт» і абранне Трампа схілілі шмат якіх палітычных аналітыкаў да высновы, што еўрапейскія выбарнікі таксама адмовяцца галасаваць за асноўныя партыі на карысць “кланаў, заснаваных на ідэнтычнасці”. У Амерыцы палітычныя і рэгіянальныя падзелы гэтак укараніліся, што ўплываюць на тое, дзе чалавек працуе, з кім гуляе вяселле і як глядзіць на свет. У Вялікабрытаніі такія падзелы ўзнікаюць паміж поўначчу і поўднем краіны, маладымі і старымі, гарадскімі і вясковымі, людзьмі з вышэйшай адукацыяй і без яе.
Еўрапейская палітыка больш нестабільная.
Нядаўняе апытанне 50 тыс. выбарнікаў з 14 краін-удзельніц ЕС, праведзенае Еўрапейскай радай па міжнародных дачыненнях, кажа, што лепшая мадэль для разумення Еўропы ў 2019-ым – гэта не ЗША ці Вялікабрытанія, а Вестэрос – галоўная сцэна серыяла «Гульня тронаў». Еўрапейскі палітычны ландшафт без устойлівых кланаў з’яўляецца непрадказальным полем бою для саюзаў, якія пастаянна змяняюцца.
Няўстойлівасць – гэта рыса, якая яго вызначае.
Еўрапейская палітыка не столькі рухаецца ад асноўнага напрамку да краю, колькі па ўсіх напрамках – ад левага да правага, ад антыістэблішменту да яго падтрымкі і гэтак далей. Варыянты развіцця падзей на выбарах няясныя, палова рэспандэнтаў заявіла, што ўвогуле не будзе галасаваць. Яшчэ 15 % пакуль не вызначыліся, і сярод 35 % выбарнікаў, якія збіраюцца галасаваць, – 70 % вагаюцца. Па папярэдніх дадзеных чакаецца, што ў травеньскіх выбарах прыме ўдзел 100 млн чалавек.
У адрозненне ад прэзідэнцкіх выбараў 2016-га года ў ЗША і ад рэферэндуму аб «брэксіце» гэта будзе не проста галасаванне за альбо супраць міграцыі. У цэлым большасць еўрапейцаў не разглядае іміграцыю як галоўную праблему іх краін. Такія ж або больш важныя пытанні – гэта эканоміка, пагрозы нацыяналізму, ісламскага радыкалізму, змены клімату і расійскай агрэсіі.
Эксперты памыляюцца і лічаць выбары супрацьстаяннем паміж праеўрапейскімі глабалістамі і нацыяналістамі-еўраскептыкамі. Апытанне Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях паказвае, што пераважная большасць еўрапейцаў не адчувае неабходнасці абіраць паміж іх еўрапейскай тоеснасцю і адпаведнай нацыянальнай ідэнтычнасцю. Па факце, нават нацыяналістычныя партыі зразумелі, што гэтыя ідэнтычнасці звязаныя адна з адной, ды перасталі выступаць за выхад з еўразоны або ЕС.
Праблема, якая сапраўды турбуе многіх еўрапейцаў – гэта іх адносіны да «сістэмы».
Амаль тры чвэрці грамадзян ЕС лічаць, што палітычная сістэма не працуе ці то на нацыянальным узроўні, ці то на ўзроўні ЕС, ці ў абодвух выпадках. Тое, як асобныя выбарнікі разумеюць гэтую праблему, вызначае, як яны будуць галасаваць.
Па класіфікацыі «Гульні тронаў», гэтых выбарнікаў можна падзяліць на чатыры асноўныя групы. Першая група – «Старкі», якія вераць, што сістэма яшчэ працуе і што значныя змены адбываюцца праз выраз палітычных поглядаў і галасаванне. «Старкі» складаюць 24 % электарату ЕС, іх апірышча – на поўначы (Германія, Данія, Швецыя).
Другая група – «вераб’і», якія лічаць, што палітыка не працуе і на ўзроўні ЕС, і на ўзроўні краін-удзельніц. Сярод найбольш радыкальных груповак «вераб’ёў» ёсць пратэстныя рухі, кшталту французскіх «жоўтых камізэлек», якія, як і рэвалюцыянеры ў «Гульні тронаў», хочуць ачысціць сістэму ад карупцыі і пачаць усё спачатку. «Вераб’і» складаюць 38 % электарату, больш за ўсё іх у Францыі, Грэцыі і Італіі.
Трэцяя група – «бездакорныя». У «Гульні тронаў» яны пасля вызвалення з рабства падтрымліваюць Дэенерыс Таргарыен, маці драконаў. «Бездакорныя» выбарнікі ў ЕС адмаўляюць вузкі нацыяналізм і шукаюць сэнс у інтэрнацыяналізме і транснацыянальных праектах. Яны лічаць, што праблемы ўзнікаюць у іх нацыянальных сістэмах, а рашэнне знаходзіцца ў Бруселі. «Бездакорныя» складаюць 24 % электарату і шырока прадстаўленыя ў Венгрыі, Румыніі, Польшчы ды Іспаніі.
Апошняя група – «здзічэлыя», што «жывуць за сцяной». Гэта еўраскептыкі-нацыяналісты, якія могуць прыцягнуць шмат увагі ў прэсе, але яны складаюць усяго 14 % выбарнікаў. «Здзічэлых» шмат у Даніі, Аўстрыі ды Італіі.
Насамрэч асноўны выбар для ўсіх гэтых груп існуе не паміж «адкрытай Еўропай» і «закрытымі дзяржавамі-нацыямі». Хутчэй, пытанне ў тым, ці працуе статус-кво па-ранейшаму і ў якіх умовах. Калі ёсць адно істотнае падабенства паміж ЗША, Вялікабрытаніяй і ЕС, то гэта тое, што палітычныя партыі больш увагі надаюць мабілізацыі сваёй базы, чым спробам нарасціць яе і ўпэўніць прыхільнікаў іншых партый перайсці на іх бок. Такім чынам, на выбарах у Еўрапейскі парламент многія палітычныя партыі засяродзяць увагу на 149 млн людзей, якія не ўпэўненыя, ці будуць яны ўвогуле галасаваць (то бок не належаць да выбарчай базы найкай з партый).
Але гэтага не будзе дастаткова. Каб разграміць партыі папулістаў і нацыяналістаў, асноўным кандыдатам Еўропы трэба будзе павярнуць некаторых «вераб’ёў» і «здзічэлых» назад у сістэму і перавесці іх на свой бок.
І каб зрабіць гэта, яны мусяць пазіцыянаваць сябе як агентаў перамен, якія заслугоўваюць даверу.
У рэшце рэшт, гэтыя спаборніцтвы будуць выйграныя або прайграныя ў моцна лакалізаваных умовах; тое, што працуе для асноўных кандыдатаў у некаторых рэгіёнах, не будзе працаваць для тых, хто прадстаўляе іншыя. Самыя важныя бітвы будуць ісці ў краінах, дзе ва ўладзе ёсць еўраскептыкі (напрыклад, Венгрыя, Італія), і ў тых, дзе праеўрапейскія сілы пацярпелі ад палітычнай рэакцыі (да прыкладу, Францыя). Гульня толькі пачалася.