падтрымаць нас

Бяспека·Палітыка

Колькі дзяржаўнасці ў “Ісламскай дзяржаве”?

Колькі дзяржаўнасці ў “Ісламскай дзяржаве”?
Галоўная тэрарыстычная групоўка нашых часоў даказвае, што здольная не толькі ваяваць.

У 2014-ым “Ісламская дзяржава” зарабіла больш за $ 1 млрд, стаўшы самай багатай групоўкай тэрарыстаў у свеце. “ІД” збірае падаткі і мыты, вядзе дэталёвы бухгалтарскі ўлік і нават развівае турызм, нядаўна аднавіўшы люксавы гатэль у іракскім Масуле.

І чым больш “Ісламская дзяржава” будзе апраўдваць другое слова сваёй назвы, тым складаней будзе свету пазбавіцца ад яе фанатычных пагроз: прыняць іслам ці памерці за бязбожніцтва. І пакуль што ў ісламістаў атрымліваецца развіваць і эфектыўную бюракратыю, і стабільную эканоміку.

Белая бухгалтэрыя пад чорным сцягам ісламізму

Тэрарысты з “ІД” – гэта не толькі лютыя салдаты з доўгімі бародамі, але, мяркуючы па ўсім, яшчэ і добрыя эканамісты з заграбушчымі рукамі. Групоўка амаль не залежыць ад знешняга фінансавання і прызвычаілася зарабляць самастойна.

У 2014-ым ахвяраванні спонсараў і выкупы за заходнікаў прынеслі “ІД” $ 50-100 млн – 5-10 % гадавога прыбытку. Такія дадзеныя падае Міністэрства фінансаў ЗША. Не прывозяць “Ісламскай дзяржаве” шмат грошай і фанатыкі з Еўропы ды ЗША. У шэрагах ісламістаў ваюе каля 20 тыс. легіянераў, але толькі каля 3 тыс. прыехалі з багатых краін Заходняй Еўропы і ЗША, дзе значная іх частка атрымлівала дапамогу для беспрацоўных і жыла ў беднасці.

За кошт чаго тады квітнее “Ісламская дзяржава”? Перш за ўсё, дзякуючы падаткам. Як правіла, “ІД” забірае ў прадпрымальнікаў-мусульман 20 % выручкі, а “няверныя” мусяць аддаваць не менш за 50 % свайго прыбытку. Значныя мыты тэрарыстам плацяць камерсанты і кіроўцы, бо зараз “ІД” кантралюе частку іракскіх дарог. Танней за ўсё правезці ў Ірак фуру з ежай, даражэй за ўсё – “д’ябальскую” электроніку накшталт смартфонаў. Такія звесткі аб падаткавай палітыцы “ІД” прыводзіць даследчы інстытут Brookings.

ІД_разрабаваная віла

Шмат чаго ісламісты здабываюць, захопліваючы дамы буйных сірыйскіх і іракскіх чыноўнікаў і бізнесоўцаў

Папаўняюць казну ісламістаў таксама дробныя грэшнікі. Рэлігійная паліцыя “аль-Хісба” можа запатрабаваць штраф за занадта кароткую бараду, наяўнасць айфона, яскравую вопратку ці слуханне музыкі. Прыносіць прыбытак і нелегальны продаж сірыйскай нафты. Праўда, бамбаванні амерыканцаў і саюзнікаў максімальна яго абмежавалі, як сведчаць высновы даследчай карпарацыі Rand. Сёння ад нафтавых пагадненняў “ІД” атрымлівае толькі каля $ 2 млн на тыдзень. Дарэчы, чорнае золата ісламісты прадаюць усім сваім ворагам: рэжыму Башара аль-Асада, Курдыстану і Турцыі.

Карацей кажучы, эканоміка “ІД” на ўздыме: групоўка можа плаціць сваім байцам каля $ 300-350 у месяц – прыкладна ў некалькі разоў больш за тое, што можа атрымаць звычайны сірыец ці іракец у правінцыях, дзе ідзе вайна. Пры гэтым усе выдаткі бюджэту ўлічваюцца ў тысячах электронных ды рукапісных бухгалтарскіх кніг.

Ад дзяржавы ісламскай да дзяржавы сацыяльнай

Як паказвае бухгалтэрыя “ІД”, сямейныя і шматдзетныя тэрарысты атрымліваюць “надбаўкі”. Іх жонкі таксама могуць разлічваць на зніжкі. Аднак кошты “Ісламская дзяржава” зніжае не на адзенне, а на ежу: перадусім на хлеб, але часам і на мяса. Бывае, што тэрарысты вылучаюць для такіх “распродажаў” сродкі бюджэту, але часцей проста прымушаюць гандляроў несці страты пад рулямі аўтаматаў.

“ІД” імкнецца заваяваць падтрымку сваіх грамадзянаў, не толькі прадаючы танны хлеб, але і аднаўляючы разбураныя вайной гарады. Для гэтага быў створаны гэтак званы дэпартамент ісламскіх службаў. Супрацоўнікі дэпартаменту займаюцца рамонтам дарог, каналізацыі і ліній электраперадач.

ІД_супраць палення

Рэлігійныя забароны на тытунь таксама робяць халіфат “ІД” здаравейшым

На тэрыторыях “Ісламскай дзяржавы” магчыма атрымаць і адукацыю. Праўда, толькі пачатковую і толькі рэлігійнага характару. Не з’яўляецца чымсьці незвычайным і базавая медыцынская дапамога, прычым выдаткі на яе часцяком пакрывае “ІД”. Акрамя таго, некаторыя твітар-акаўнты ісламістаў заклікаюць скалечаных салдат не ездзіць у Турцыю за пратэзамі, а выкарыстоўваць “айчынны прадукт”.

Вядома ж, сацыяльныя паслугі, якія прапануе “ІД”, наўрад ці лепшыя за тыя, што даюць сваім грамадзянам найбяднейшыя дзяржавы Афрыкі. Але ва ўмовах вайны і гэткая дробязь можа ацэньвацца насельніцтвам вельмі высока. Да таго ж бязлітасная паліцыя і суды шарыяту “ІД” забяспечваюць поўную бяспеку і парадак. За крадзеж, напрыклад, па законах шарыяту могуць пазбавіць рукі.

Дзяржава, якую цяжка разбурыць, але лёгка страціць

Сцяг “ІД” ніколі не будзе лунаць перад штаб-кватэрай ААН сярод сцягоў суверэнных дзяржаў. Ніводная краіна свету не прызнае ўлады тэрарыстаў, чаго не скажаш пра многіх сірыйцаў і іракцаў. “Ісламская дзяржава”, якая стварае міністэрствы, сочыць за чысцінёй на вуліцах ці раздае хлеб беднякам, становіцца нечым звыклым. Чым больш трывалай будзе бюракратыя і эканоміка тэрарыстаў, тым больш верагодна, што просты народ перастане ўзгадваць аб афіцыйных кіраўніках Ірака і Сірыі.

Аднак, гарантуючы ўсім мусульманам годнае жыццё і высокія зарплаты салдатам, “ІД” таксама трапляе ў пастку ўсіх аўтарытарных рэжымаў. У будучыні эканамічная бязладзіца і згортванне сацыяльнай дапамогі могуць азначаць як мінімум страту народнай падтрымкі, як максімум – паўстанне незадаволеных.

Здаецца, “Ісламская дзяржава” выдатна разумее такія пагрозы, таму эканоміць на прыфрантавых правінцыях, якія пераходзяць з рук у рукі, дзе ствараць дзяржаву проста не мае сэнсу. А каб загадзя прывучыць байцоў да цяжкіх часоў і пакінуць у шэрагах самых адданых, “ІД” мае схільнасць зніжаць выплаты тым, хто знаходзіцца на самай лініі фронту. Пад кулямі сапраўдны салдат павінен думаць пра Алаха і прарока, а не пра дынары і долары.

ІЛ_дзеці гуляюць у ІД

Дзеці, што жывуць пад кантролем “ІД”, гуляюць у ісламістаў і іх закладнікаў

Але што самае страшнае – “Ісламская дзяржава” рыхтуе сабе цэлае пакаленне нашчадкаў. Тэрарысты “замбуюць” моладзь, робячы ісламскую адукацыю абавязковай. Пераканаць такіх юных прыхільнікаў халіфата жыць паводле цывілізаваных парадкаў можа быць значна складаней, чым проста перамагчы “ІД” у вайне. Гэта “грамадзяне”, якім больш важная рэлігійная чысціня дзяржавы, чым яе магчымасці забяспечыць чалавечыя ўмовы жыцця, хоць “ІД” імкнецца быць паспяховай у абодвух напрамках.