падтрымаць нас

Бяспека

Гэта проста бізнес. Як насамрэч выглядае беларускі гандаль зброяй

Гэта проста бізнес. Як насамрэч выглядае беларускі гандаль зброяй
У беларускім экспарце зброі ідэалогія мае маргінальнае значэнне, у здзелках пераважае эканамічны прагматызм.

28-га верасня Аляксандр Лукашэнка даў адлуп ЗША на Генеральнай асамблеі ААН у фірмовым стылі з 90-ых: “Навошта Вы рванулі ў Сірыю? Навошта забіваеце людзей, зрынаеце дзейснага прэзідэнта?”. Усё было б як звычайна, калі б не факт, што за 11 дзён да гэтага амерыканскі сайт BuzzFeed апублікаваў расследаванне, паводле якога Злучаныя Штаты набылі ў Беларусі супрацьтанкавыя ракеты для сірыйскіх паўстанцаў.

Насамрэч, сірыйскія паўстанцы “забіваюць людзей і зрынаюць дзейснага прэзідэнта” з дапамогай беларускай зброі.

Згодна з расследаваннем, Пентагон патраціў некалькі мільёнаў долараў на пакупку 700 супрацьтанкавых ракетаў, а сама здзелка адбылася праз малавядомую пасярэдніцкую кампанію, бо ЗША афіцыйна не могуць набываць зброю ў Беларусі.

На жаль, здзелка прыцягнула мала публічнай увагі. Звычайна беларускія медыі прысвячаюць куды больш месца для такога кшталту гешэфтаў, але гэтым разам большасць беларускіх СМІ спазнілася на некалькі дзён з перадрукам матэрыялу альбо наагул праігнаравалі навіну.

Расследаванне BuzzFeed значна адрозніваецца ад таго, што звычайна пішуць пра беларускі гандаль зброяй.

Па-першае, праўдападобнасць здзелкі вельмі высокая. Матэрыял утрымлівае пацверджанні здзелкі ад некалькіх асобаў, ды і амерыканскі закон абмяжоўвае магчымасці высоўваць такія абвінавачванні без адпаведных падставаў.

Па-другое, Беларусь звычайна ўпісваецца ў здзелкі з краінамі-ізгоямі, якія супрацьстаяць ЗША. Тут жа Беларусь выступіла партнёрам Злучаных Штатаў, з якімі мы знаходзімся ў настолькі халодных дачыненнях, што нашыя дыпламатычныя кантакты абыходзяцца без амбасадараў.

Як мага больш кантрактаў і каб без праблемаў

Гісторыя, апублікаваная BuzzFeed, яскрава адлюстроўвае два прынцыпы беларускага гандлю зброяй, хоць імі кіруюцца многія дзяржавы.

Па-першае, прадаваць столькі, колькі гэта магчыма. Таму Беларусь актыўна гандлюе з краінамі, якія парушаюць правы чалавека больш за Беларусь: з Азербайджанам, Суданам, Анголай ды Іранам. Раней Беларусь экспартавала зброю сірыйскім уладам, а цяпер прадае ракеты сірыйскай апазіцыі. Гэта адбываецца пры тым, што такія кантракты, як і пастаўкі беларускага вайсковага абсталявання ва Украіну, могуць злаваць Крэмль, які мае супрацьлеглыя інтарэсы ў абедзвюх краінах.

Але гандаль з многімі, часам не самымі дэмакратычнымі рэжымамі, не вылучае Беларусь ад іншых дзяржаваў. Напрыклад, немцы крытыкуюць свой урад, які экспартуе зброю ў Саудаўскую Аравію, аднаго з сусветных лідараў у парушэнні правоў чалавека.

Другі прынцып беларускага гандлю зброяй – гэта мінімалізацыя праблемаў. Таму Беларусь пазбягае экспарту зброі тым дзяржавам ці групам, супраца з якімі выходзіць па-за межы міжнароднага права. Напрыклад, сістэмы “Восток-Е”, якія Беларусь прадавала ў Іран, выклікаўшы вялікую крытыку, насамрэч не знаходзіліся ў Спісе зброі ААН, забароненай для экспарту ў Іран.

Абвінавачванні ж у продажы ракетных сістэмаў S-300 Ірану ці зброі тэрарыстам, якія базуюцца ў Пакістане, ніколі не былі даказаныя.

Наагул, ніводнае абвінавачанне Беларусі ў нелегальным экспарту зброяй не атрымала адпаведных доказаў.

Гэта значыць, Беларусь імкнецца не парушаць міжнароднага права, што дазваляе, напрыклад, у тых жа Злучаных Штатах, успрымаць сённяшнія ўлады Беларусі як рэгіянальную недарэчнасць на ўсходзе Еўропы, а не глабальную праблему.

Шкурны інтарэс

Гісторыя з продажам беларускай зброі сірыйскім паўстанцам паказвае, наколькі мала ідэалогіі, а наколькі шмат эканамічнага прагматызму ў дзеяннях беларускіх уладаў. Кіраўнік дзяржавы можа крытыкаваць ЗША за падтрымку сірыйскіх паўстанцаў, але адначасова прадаваць зброю ЗША для тых жа сірыйскіх паўстанцаў.

Звонку магло б падацца, што паміж словамі і дзеяннямі ёсць нейкі кантраст.

Але насамрэч і першае, і другое падпарадкаванае звычайнаму шкурнаму інтарэсу, які наказвае гандляваць і з краінамі-ізгоямі, і са Злучанымі Штатамі. Зброя ўсім – гэта проста бізнес.