падтрымаць нас

Артыкулы

Што каманды Кейс-клуба параілі Мінфіну і Паўлу Латушку

Што каманды Кейс-клуба параілі Мінфіну і Паўлу Латушку

З 12 лютага па 24 сакавіка 18 беларусаў і беларусак прайшлі “Кейс-Клуб” па тэме “належнае кіраванне” (“good governance”). Ён стаў лабараторыяй, дзе яны не проста набралі кампетэнцыі, каб напісаць добрую полісі-паперу, але і паспрабавалі зрабіць гэта самастойна. Як гэта атрымалася і хто перамог — у нашым матэрыяле.  

Запампаваць полісі-паперы:

— Фармат полісі-папераў з кожным Кейс-клубам становіцца ўсё больш складаным, — адзначае дырэктарка ЦНІ Леся Руднік. — Спачатку мы прапаноўвалі напісаць дакумент у больш вольным фармаце, цяпер гэта дакладна акрэсленае заданне, дзе загадзя вызначаныя аб’ём, складнікі і іншыя патрабаванні. Гэта набліжае працу да гатовага да публікацыі дакумента. У гэтым годзе мы дадаткова сфакусаваліся на тым, што ён не “памірае” пасля публікацыі, таму важна ведаць, якімі інструментамі карыстацца, каб яго прасоўваць.

Агульная рамка — розныя фокусы

У межах тэмы належнага кіравання каманды пісалі полісі-паперы пра розныя аспекты. Групы мусілі абраць фокус у тэмах, абгрунтаваць актуальнасць праблемы, а таксама прапанаваць канкрэтныя рэкамендацыі да стэйкхолдэраў, якія маглі б палепшыць сітуацыю. На кожным этапе з імі побач былі ментары і ментаркі. Яны дапамагалі вызначыцца з фокусамі, метадамі і інструментамі, але пры гэтым не дыктавалі, што рабіць і дазвалялі набіваць уласныя “гузы”, каб навучыцца на іх. 

Група, якая працавала з удзелам грамадства, звузіла фокус да моладзі і вырашыла прапанаваць, як можна пашырыць яе ўдзел у грамадскай дзейнасці. Сярод іншага, яны параілі далучыць да працэсу больш актараў і супрацоўнічаць з прыватным сектарам, каб запачаткоўваць стыпендыі для моладзі. На думку групы, бракуе і платформаў для выказвання меркаванняў, гэта можна было б вырашыць фарматамі кшталту Social Weekend, якія ўжо працавалі раней.

Каманда па фінансаванні разглядала, як пераразмяркоўваць частку падаткаў на мясцовыя праекты, каб падвысіць удзел грамадзян у мясцовым кіраванні. Яны ў тым ліку абралі стэйкхолдараў унутры краіны — Міністэрства фінансаў, мясцовыя органы кіравання, грамадзянскую супольнасць асобных раёнаў. Гэта дазваляе прапаноўваць слушныя рэформы ў краіне ўжо цяпер, нягледзячы на палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Не трэба было тлумачыць актуальнасць сваёй полісі-паперы камандзе па гендэрнай роўнасці, прэзентацыя працы якой прыпала на гарачыя абмеркаванні ў беларускім грамадстве наконт гендэрных квотаў. Удзельнікі і ўдзельніцы прапанавалі глядзець на магчымыя механізмы шырэй за гэты інструмент і зрабілі стаўкі на палітычных актараў. Яны выпрацавалі канкрэтныя рэкамендацыі Святлане Ціханоўскай, Валеру Кавалеўскаму, Паўлу Латушку і іншым, ахапіўшы ўсе магчымыя палітычныя сферы ўплыву.

Група па лічбафікацыі паставіла пад сумнеў e-voting — сістэму электроннага галасавання. Яны патлумачылі, чаму да спробаў увесці яе ў сучаснай Беларусі трэба ставіцца негатыўна: гэта толькі ўзмацніць фальсіфікацыі на выбарах, прывёўшы да “лічбавага аўтарытарызму”. “Цяпер гэта не перавага, а вымушаная мера, якая забяспечвае максімальную інклюзіўнасць пратэснай часткі грамадства ў выбарах”, — упэўненыя яны. Выратаваць сітуацыю можа папярэдняе больш шырокае развіццё e-goverment, а таксама спалучэнне лічбавых і традыцыйных метадаў галасавання.   

Адзін удзельнік працаваў над уласным праектам і шукаў, як размяркоўваць падаткі, каб развіваць грамадскі ўдзел і філантропію. Паводле яго, калі вылучыць на гэтыя мэты 1% падаходавага падатка, можна будзе развіваць культуру філантропіі. Апроч гэтага, так грамадства будзе больш давяраць дзяржаве і лепш разумець, куды накіроўваюцца іх падаткі. 

Чаму перамаглі грошы  

У выніку перамогу на дэбатах атрымала група, якая напісала полісі-паперу на тэму фінансавання. Журы ацэньвала працу паводле пяці розных крытэраў, і менавіта гэтая каманда больш пераканаўча давяла, што іх ідэя важная, суадносіцца з шырокай рамкай належнага кіравання, а рэкамендацыі могуць заахвоціць стэйкхолдэраў. 

— Мы няхутка прыйшлі да патрэбнай формулы, — адзначыў удзельнік каманды-пераможцы Мікіта, чалец юрыдычнага гуртка ЦНІ. — Мы пачалі вывучаць магчымасці глыбінных рэформаў, але потым змянілі фокус, злакалізавалі тэму і засяродзіліся на спецыфіцы размеркавання падаткаў.

Фармат Кейс-клуба палягае ў тым, што прымушае цябе пільна працаваць у камандзе: такі аб’ём працы пацягнуць аднаму можна толькі з вялікімі высілкамі. Мы знаходзімся па-за межамі Беларусі, значыць, вымушаныя альбо візіяніраваць, альбо падпарадкоўвацца дзейнаму парадку і спрабаваць знайсці ў ім лазейкі. Гэта крутая кампетэнцыя, але дастатковы выклік. Увогуле ўвесь Кейс-клуб стаў для мяне такім выклікам: ты знаходзішся ў звышкамфортных сацыяльных умовах, але табе неабавязкова камфортна пры выкананні задачы. Думаю, я пераадолеў гэты канфлікт і знайшоў выйсце. 

Журы адзначыла: нягледзячы на тое, што пераможца ў Кейс-клубе толькі адзін, усе каманды паказалі блізкія вынікі. Групы выбралі актуальную праблематыку, далі трапныя рэкамендацыі слушным стэйхолдэрам. У некаторых каманд журы заўважыла структурныя недахопы, недастатковую спецыфікацыю праблемы ці перакос у бок акадэмічна-аналітычнай паперы. Ідэальную полісі-паперу не напісаў ніхто, але гэта цалкам зразумела, як заўважыў адзін з ментараў Кейс-клуба, сацыёлаг Генадзь Коршунаў

— Вы і прыйшлі сюды вучыцца, — сказаў ён удзельнікам і ўдзельніцам спаборніцтва. — Але больш важна цяпер падумаць, што вы атрымалі не з пункту погляды каманды, а асабіста. Паразважайце, што кожны з вас вынес адсюль? Сэнс не ў тым, хто перамог на камандным узроўні, сэнс у тым, хто колькі атрымаў за той час, як сюды прыйшоў.