падтрымаць нас

Артыкулы

Выжыць і перажыць: што адбываецца з беларускай медыяпрасторай пасля 2021-га

Выжыць і перажыць: што адбываецца з беларускай медыяпрасторай пасля 2021-га

Цэнтр новых ідэй падрыхтаваў канспект трэцяга дня анлайн-канферэнцыі “Reshape 2022 – Framing the Future of Belarus”. Рыгор Астапеня абмеркаваў з экспертамі Пятром Кузняцовым, Аляксандрай Пушкінай, Максімам Беразінскім і Галінай Малішэўскай, што адбываецца з медыяпрасторай падчас палітычнага крызісу. 

Як змянілася аўдыторыя беларускіх СМІ за апошнія паўтара года

Мы маем цяпер новую сістэму каардынат для айчынных СМІ ў плане дыстрыбуцыі медыякантэнту і яго якасці. Тут адбыліся тэктанічныя змены, бо сыгралі сваю ролю палітычны і тэхналагічны фактары, прычым апошні нават большую.

Да 2020-га года мы мелі “залаты век” – у нас сфармаваўся моцны і разнастайны нацыянальны медыйны рынак. Ключавым ядром быў TUT.by, які служыў пунктам уваходу для аўдыторыі і адначасова рэсурсам, які ўсё ўцягваў з рынку і перапрацоўваў.

Пасля 2020-га адбылося татальнае разбурэнне гэтых дасягненняў. Дзяржава сама знішчае існую інфраструктуру, паслабляючы сваю бяспеку перад знешнімі гульцамі. Пры гэтым давер да дзяржаўных СМІ застаецца нізкім і галоўным бенефіцыярам ад гэтага з’яўляюцца расійскія СМІ, якія ўсмоктваюць у сябе ўсё.

Медыяспажыванне моцна змянілася. Уплыў заблакаваных СМІ зменшыўся, але ў некаторых з іх выраслі падпіскі на іх сацсеткі. Усе шукаюць эфектыўныя спосабы данясення інфармацыі да сваёй аўдыторыі. Так у сайта “Трыбуна” ёсць свой мабільны дадатак, праз які можна чытаць інфармацыю. Часам гэтае і іншыя выданні губляюць сваіх чытачоў на роўным месцы, што добра бачна на прыкладзе зімовай Алімпіяды ў Кітаі: калі сёння карыстальнікі шукаюць вынікі спартовых падзей, яны ўсё часцей трапляць на расійскія сайты, бо шмат хто з беларускіх СМІ быў вымушаны змяніць дамены, быў заблакаваны і ў выніку выпаў з пошуку. Як потым вярнуць гэтую аўдыторыю назад – галоўнае пытанне. Мы жывем у час, калі рэдакцыі і медыяменеджары вырашаюць гэтую праблему ў рэальным часе.

Хакей пераўтварыўся з віду спорту ў абслугу рэжыму

Знайсці неабходны баланс між палітыкай і іншымі навінамі складана. Нават “Трыбуне” гэта даецца не заўжды лёгка. Што рабіць з хакеем, калі ён з віду спорту ў Беларусі пераўтварыўся ў абслугу рэжыму? Кожны раз даводзіцца прыдумляць, як выйсці з сітуацыі.

Выданне часта піша пра правы спартоўцаў, звальненні, ціск на іх, і не пісаць пра гэта нельга. Калі палітыка выглядае з-за кожнага вугла, то нікуды ад яе не падзенешся.

Нават новы медаль Смольскага ці Гуськовай на Алімпіядзе – гэта ўсё адно сутыкненне поглядаў і сітуацый. Заплюшчваць на гэта вочы немагчыма, як і на тое, што шмат хто з журналістаў дагэтуль за кратамі, у тым ліку і спартовы аглядальнік Саша Івулін.

Чытаць беларускія навіны сёння – траўматычны досвед

Прагляды паказваюць, што людзі не стаміліся ад палітыкі, але іх цікавіць, і колькі каштуе гародніна на Камароўцы. Калі ацэньваць аўдыторыю TUT.by і Zerkalo, то не бачна асабліва вялікіх зменаў у плане гендару карыстальнікаў. Раней яна была больш жаночая, цяпер каля 64 % – мужчыны. Адкуль карыстальнікі – пакуль што цяжка адсочваць, бо шмат хто фізічна не знаходзіцца ў родных мясцінах. Пры гэтым 57 % – беларускі трафік (пераважна Мінск).

Па “Тэлеграм”-каналах бачна, што з намі застаўся касцяк, найбольш актыўная аўдыторыя, якая ўключаецца ў павестку і яе абмеркаванне. У TUT.by на момант разгрому было 3,3 млн унікальных карыстальнікаў. У Zerkalo сёння – 2,5 млн.

Эльдарада беларускай медыяпрасторы

З сацыяльных платформаў варта прыглядзецца да “Яндэкс.Дзэна”. Мы ўжо зараз бачым, як па індэксе цытавання растуць сайты, кшталту “Белновостей”. Тая ж “Белта” прысутнічае ў сотцы расійскага інфармацыйнага сегменту дзякуючы актыўнай працы ў ЯД. 

Калі расце Instagram ці Youtube, то трэба і пад іх падладжваць працу рэдакцыі. Калі праспаць такі момант, то аўдыторыя заякарыцца і застанецца толькі на старых платформах. Нельга баяцца перабудовы лічбавай дыстрыбуцыі. Калі карыстальнікі сядзяць у Viber, то нельга цурацца і такой платформы. Калі незалежныя СМІ не знаходзяць у сабе сілаў для такога падыходу, то аўдыторыю яны ніколі не ўтрымаюць.

Мае сэнс глядзець на Youtube і TikTok, якія дазваляюць хутка сабраць аўдыторыю і не вымагаюць вялікай інфраструктуры, усё можна зрабіць бюджэтна. 

TikTok не толькі для танцаў

Выданне “Моцныя навіны” даўно працуе на гомельскім інфармацыйным анлайн-рынку. Сайт выдання на сённяшні момант заблакаваны, люстэрка рэдакцыя вырашыла не ствараць, бо працягвае знаходзіцца ў Беларусі і афармляе новую юрыдычную асобу замест ліквідаванай.

“Моцныя навіны” працягваюць працаваць у выглядзе мультыплатформеннага выдання, у тым ліку і ў TikTok, дзе некаторыя іх матэрыялы набіраюць нават не сотні тысяч, а мільён праглядаў. Для гэтага быў пэўны падмурак – за гады існавання рэдакцыя актыўна развівала ўласныя сацсеткі.

Аўдыторыя сайта ў “стабільныя” месяцы складала 260 тыс. карыстальнікаў, а ў “высокі” сезон сягала 310 тыс. Пераважная частка чытачоў была з Гомеля і вобласці. Па назіраннях рэдакцыі, беларускі сегмент паступова пераходзіць у TikTok праз псіхалагічную стомленасць: увечары хочацца схавацца ад негатыву і хоць неяк пераключыцца.

Трэба ісці за трэндам, а не спрабаваць яго зламаць. Псіхалогію людзей зараз не зменіш. Калі яны цяпер крытычна стомленыя, то трэба даваць ім запатрабаваны кантэнт, каб потым, калі яны зноў пачнуць цікавіцца палітыкай, то змогуць знайсці яе менавіта ў незалежных СМІ.

Палітыка інфармацыйнага замяшчэння

Па аператыўнасці адказаў на актуальныя пытанні, у рэагаванні на гарачыя тэмы незалежныя СМІ навучыліся працаваць больш эфектыўна за дзяржСМІ. Нават нягледзячы на шматлікія перашкоды, а часам і фізічнае знаходжанне па-за межамі Беларусі, журналісты знаходзяць адказы і аператыўна працуюць з першакрыніцамі.

Безумоўна, незалежным СМІ не хапае магчымасці перабываць унутры краіны, рабіць рэпартажы адсюль, але яны робяць усё магчымае ў гэткай сітуацыі. Для кампенсацыі даводзіцца шмат працаваць са зваротным матэрыялам у сацсетках, іх маніторынгам, асабліва рэгіянальных дзяржаўных выданняў.

Дзяржаўны фэйкамёт

Цяжкасці ўзнікаюць, калі даводзіцца спасылацца на прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска, бо за апошнія паўтара года ён часта быў заўважаны ва ўласным прадукаванні фэйкаў, якія не заўжды можна хутка пераправерыць. Раней была яснасць, што калі чыноўнікі або дзяржструктуры публікуюць нейкую інфармацыю, то ёй збольшага можна давяраць. Што з недакладнымі публікацыямі рабіць цяпер – не зусім зразумела. Рабіць прыпіскі, што ўсё можа быць інакш і не варта давяраць прачытанаму/пабачанаму/пачутаму?..

Культ адной асобы ў недзяржаўных СМІ

У спробе знайсці інфармацыю ў Беларусі і рэпостах навін важна не станавіцца чыста рэтранслятарам, бо інакш адлік пойдзе на секунды ў хуткасці перапостаў і вы ўсё адно прайграеце. Асабліва ў сітуацыі, калі дзяржаўныя СМІ яшчэ больш пільна сочаць за любым крокам кіраўніка дзяржавы і дзяржорганаў. Таму важна любую навіну перапрацоўваць і дадаваць ёй нейкі сэнс, бэкграўнд. Трэба пазначаць крыніцу інфармацыі і ўважліва ўжываць фармулёўкі.

Медыяспажыванне змянілася: людзі чытаюць больш увечары дома, калі гэта бяспечна і ўтульна, таму няма сэнсу выдаваць па 30-50 інфармацыйных паведамленняў днём, а сканцэнтравацца на публікацыі пераважна ўласнага кантэнту пад вечар. Ну, і варта не паразітаваць на вядомых прозвішчах.

Крадзеж кур vs планы Пуціна аб сусветным уладарстве

Узяць каментар у кагосьці ў Беларусі або зняць відэа – часта невыканальная задача не толькі для рэдакцый тых СМІ, што месцяцца зараз за мяжой. У рэгіянальных выданняў назіраецца тая ж самая праблема, і яна будзе актуальнай, пакуль будзе захоўвацца статус-кво. Рэгіянальныя беларускія СМІ, што засталіся ў Беларусі, будуць пры гэтым яшчэ і абмежаваныя ў магчымасцях пісаць пра палітыку. Таму і тыя, і другія будуць мець праблемы.

Паўнавартасны TUT.by у найбліжэйшыя гады не адродзіцца, зрэшты як і “Моцныя навіны”. Кожны будзе граць сваю ролю ў чаканні лепшых часоў. Мадэль медыяспажывання апошнім часам нагадвае прагляд тэлебачання – у кожнага свае ўлюбёныя каналы/сайты.

У такіх умовах трэба любым чынам узмацняць мясцовую павестку. Гэта перабівае агульны дыскурс. У вёсцы на 100 двароў нават крадзеж кур з пагрозай гвалту будзе мець большы рэзананс, чым планы Пуціна аб сусветным уладарстве. Супрацьстаяць расійскім СМІ можна толькі ў гэтым.

Нацыянальны медыярынак разбураны і больш не нагадвае супермаркет медыяспажывання, дзе кожны мог знайсці нешта для сябе. Таму варта і надалей утрымліваць хаця б нацыянальны фокус, стаць тым самым нацыянальным, грамадскім ды сацыяльным клеем, каб любая падзея падавалася праз уласную, беларускую падачу.

Сёння над сваёй павесткай актыўна працуюць Mail.ru ды “Яндэкс.Дзэн”. Гэта не Russia Today з іх шалёнай прапагандай, але свой кантэкст яны прасоўваюць ужо зараз і вынікі яго ўплыву будуць бачныя трохі пазней. Іх наратыў слабой беларускай дзяржавы і моцнай Расіі пачынае паступова працаваць. Мае быць апалагетыка штодзённасці і тады інфаполе будзе канструявацца па-новаму.

Новы папулярны нейтральны інфармацыйны рэсурс: рэальнасць або фантазія?

Стан грамадства цяпер такі, што любым недзяржаўным СМІ будзе цяжка. Усе думаюць над тым, як хаця б аднавіць свой уплыў, але для гэтага не будзе ўмоў. Мы не ў тым стане, каб урывацца назад на медыярынак у ранейшым аб’ёме, але ў інтэрнэце ніш усё яшчэ хапае. У прыярытэце мае быць захаванне аўдыторыі і абмежаванне ўваходу сюды расійскага медыяўплыву.

Даведка:

  • Пётр Кузняцоў – стваральнік інтэрнэт-выдання “Моцныя навіны”
  • Аляксандра Пушкіна – медыяменеджар Zerkalo.io
  • Максім Беразінскі – кіраўнік праекта Tribuna.com
  • Галіна Малішэўская – медыяэкспертка, былая галоўная рэдактарка “КП в Беларуси”

Фота: Наталля Федасенка

Глядзіце запіс гутаркі на YouTube