Як і навошта рэгуляваць выбары ў новай канстытуцыі?
Аляксандр Шлык упэўнены, што выбары трэба рэгуляваць на канстытуцыйным узроўні, але празмерна рэгуляваць таксама не варта. Аўтары канстытуцыйнага праекта павінны сканцэнтравацца на тым, каб закласці асноўныя прынцыпы правядзення выбараў. Метады рэалізацыі гэтых прынцыпаў трэба пакінуць на меркаванне заканадаўству, якое павінна прымацца кваліфікаванай большасцю. Таксама ў працэсе фарміравання канстытуцыйных палажэнняў трэба памятаць пра тое, што выбары — гэта выключна палітычны працэс. Зусім не хочацца, каб канстытуцыя стала ахвярай нейкіх бітваў на палітычнай арэне.
Леў Марголін лічыць, што выбары — гэта люстэрка дэмакратыі. Калі ёсць выбары, калі ёсць цвёрдыя правілы, і ўсе ўдзельнікі працэсу іх прытрымліваюцца, значыць дэмакратыя дзейнічае. Калі няма даверу да выбараў, значыць і няма дэмакратыі.
У канстытуцыях многіх краін з ўстоянай дэмакратыяй наогул няма падзелу з выбарамі. Толькі гаворыцца, што гэта нейкі орган, кім і якім чынам абіраецца. Усе астатнія падрабязнасці адлюстроўваюцца ў законах, палажэннях і інструкцыях. Спецыяльныя раздзелы ў канстытуцыі — гэта норма, якая характэрна для новых, маладых дэмакратый. На думку Льва, выбары і правілы правядзення выбараў павінны адлюстроўвацца ў канстытуцыі Беларусі з-за кепскага вопыту за апошнія 25 гадоў. Але не трэба рэгламентаваць ў канстытуцыі тыя моманты, якія могуць быць у далейшым аспрэчаныя. Важна прапісаць у канстытуцыі тыя нормы, якія прынятыя большасцю дэмакратычных краін.
Выбары — гэта люстэрка дэмакратыі. Калі няма даверу да выбараў, значыць і няма дэмакратыі.
Аляксандр згодны, што трэба разглядаць розныя прыклады канстытуцыі, якія ёсць ва Усходняй Еўропе. Асабліва цікава прааналізаваць тыя канстытуцыі, якія былі прынятыя адразу пасля распаду СССР і дзейнічаюць да гэтага часу. Напрыклад, канстытуцыя Чэхіі, Славеніі мае добрую рэпутацыю. Практычна ні ў адной канстытуцыі мы не знойдзем вялікі раздзел аб выбарах. На думку Аляксандра, няма сэнсу прапісваць выбарчую сістэму ў канстытуцыі. Выбарчая сістэма змяняецца часцей, чым канстытуцыя, і гэта нармальна.
Леў сцвярджае, што ў праекце Грамадскай канстытуцыйнай камісіі ўлічваюцца магчымыя змены ў выбарчай сістэме на працягу першых 5-10 гадоў. У праекце канстытуцыі імкнуцца пазбягаць дэталізацыі наконт удзелу ў выбарчай сістэмы. Але, па словах Льва, у людзей узнікаюць пытанні і асцярогі наконт будучай выбарчай сістэмы. Калі паставіць гэтае пытанне на галасаванне, хутчэй за ўсё большасць адкажа, што ў канстытуцыі трэба вызначаць выбарчую сістэму.
Якія прапануюцца змены ў канстытуцыю ў раздзел аб выбарах?
У праекце Грамадскай канстытуцыйнай камісіі змяняецца сістэма фарміравання заканадаўчай улады. У адрозненне ад цяперашняй мажарытарнай сістэмы, выбары будуць праходзіць па прапарцыйнай сістэме. Гэта значыць, што кожная зарэгістраваная партыя зможа вылучыць спіс сваіх кандыдатаў па адзінай аднамандатнай дзяржаўнай акрузе. Галоўнае адрозненне прапарцыйнай сістэмы ад мажарытарнай ў тым, што чалавек выбірае не паміж людзьмі, якіх ён не вельмі ведае, а паміж ідэямі. І тая партыя, якая не атрымлівае большасць, таксама будзе прадстаўлена ў парламенце.
Акрамя таго, ліквідуецца Савет Рэспублікі, які абіраецца не на прамых выбарах. Верхнія палаты ў парламенце звычайна бываюць у федэратыўных краінах, дзе ёсць неабходнасць прадстаўляць розныя рэгіёны, якія моцна адрозніваюцца паміж сабой.
Трэцяе пытанне — фарміраванне выбарчых камісій. Зараз старшыні ЦВК і нават выконваючага абавязкі старшыні ЦВК прызначае асабіста прэзідэнт. У Народнай канстытуцыі цалкам памянялі прынцып фарміравання выбарчых камісій, пастараліся прыбраць ЦВК ад уплыву якой-небудзь з галін улады і зрабіць яе незалежнай. Таксама зменены прынцып фарміравання камісіяў на месцах. Калі цяпер камісіі фармуюцца мясцовымі органамі ўлады, то ў Народнай канстытуцыі вышэйстаячая камісія будзе адказная за фарміраванне ніжэйстаячых камісій. ЦВК будзе працаваць на прафесійнай аснове. У іншым выпадку ёсць рызыка, што гэтыя людзі будуць залежаць пра тых, каму падпарадкоўваліся падчас працы па-за выбараў.
Галоўнае адрозненне прапарцыйнай сістэмы ад мажарытарнай ў тым, што чалавек выбірае не паміж людзьмі, якіх ён не вельмі ведае, а паміж ідэямі.
На думку Аляксандра, важна на канстытуцыйным узроўні замацаваць магчымасць абскарджання вынікаў, а таксама роля судовай улады як гаранта дэмакратычных выбараў. Мы павінны прыйсці да таго, што суды будуць стаяць на варце дэмакратычнага ладу краіны.
Мы павінны прыйсці да таго, што суды будуць стаяць на варце дэмакратычнага ладу краіны.
Што тычыцца мінімальнага парога для партый для ўваходжання ў парламент, то гэтае палітычнае пытанне павінны вырашаць грамадзяне праз прадстаўнікоў у партыі. Ёсць прыклады ў краінах, калі парог мадэлюецца натуральным чынам праз мадэляванне выбарчай сістэмы. Парог накшталт існуе, але прадстаўніцтва партый у парламенце вельмі дакладна адлюстроўвае тую долю галасоў, якія яны атрымліваюць, як напрыклад у Даніі.
Ці патрэбна адлюстроўваць ролю ЦВК у канстытуцыі?
Аляксандр і Леў згаджаюцца, што неабходна абавязкова адлюстроўваць ролю ЦВК у канстытуцыі. Дадаткова трэба абмяркоўваць прынцып фарміравання і наколькі падрабязна адлюстроўваць у канстытуцыі асноўны функцыянал ЦВК. На думку Льва, ЦВК не павінен мець права трактаваць выбарчы кодэкс. Трактаваць законы можа толькі парламент. І ўносіць змены ў заканадаўства магчыма пасля галасавання двух складаў парламента. Аляксандр лічыць, што ЦВК павінен ўвасабляць у жыццё выбарчае заканадаўства, што значыць інтэрпрэтаваць яго ў рамках заканадаўства і канстытуцыі. Нельга ні ў якім выпадку выходзіць за рамкі заканадаўства, але трактаваць усё адно давядзецца. Закон можа не ўлічваць якія-небудзь новыя аспекты правядзення выбараў, і ў такім выпадку ісці ў парламент да палітыкаў, якія змагаюцца за ўладу, таксама дрэнная ідэя. ЦВК павінна мець права трактаваць закон, але мець адказнасць за гэта перад судом.