падтрымаць нас

Артыкулы

Лукашэнка заўсёды ўспрымаўся большым дыктатарам, чым Назарбаеў

Лукашэнка заўсёды ўспрымаўся большым дыктатарам, чым Назарбаеў

Мы падрыхтавалі канспект чацвёртага выпуску падкаста “У кантэксце”. У гэтым выпуску Леся Руднік і Аляксандар Мазуркін размаўляюць з казахстанскай даследніцай у сферы камунікацый Святланай Чуйкінай. Паслухаць падкаст можна па спасылцы.

Пратэсты 2022-га

У студзені 2022-га года ў Казахстане прайшла хваля пратэстаў і гэтая “маленькая рэвалюцыя” мела неадназначныя вынікі. З аднаго боку, пратэсты далі магчымасць пазбавіцца ад уплыву клана Назарбаевых. З іншага, пратэстоўцы чакалі значных пераменаў у палітычнай сістэме, якіх не адбылося. Абяцанні Такаева аб дэмакратызацыі краіны так і засталіся словам. Шмат у чым гэта звязана і з вайной ва Украіне. Усе, асабліва палітычныя эліты, замерлі ў чаканні і думаюць, што благі мір лепшы за сварку. І гэта істотна абумоўлівае сённяшні палітычны парадак дня ў Казахстане.

Зварот да АДКБ 

Асоба Такаева даволі загадкавая. З аднаго боку, чалавек, які прыйшоў да ўлады дзякуючы Назарбаеву, ініцыяваў перайменаванне Астаны ў Нур-Султан. З іншага, пасля пратэстаў у студзені 2021-га ён актыўна спрыяў сыходу Назарбаева з яго “пажыццёвай” пасады. Трэба разумець, што Такаеў – выпускнік МГІМО, вучыўся практычна ў адзін час з Сяргеем Лаўровым,  у яго добрыя сувязі з расійскімі дыпламатычнымі элітамі. Канечне, дэмакратычная частка казахстанскага грамадства адрэагавала на зварот у АДКБ негатыўна, як на заклік да іншых дзяржаў умяшацца ва ўнутраную палітыку Казахстана. Але ў той жа час было некалькі незразумелых момантаў (напрыклад, захоп будынка Камітэта нацыянальнай бяспекі) і ў цэлым агульнае пачуццё небяспекі з-за паўбандыцкіх фармаванняў на вуліцах.

Такаеў не мысліць катэгорыямі абавязку. Ён звяртаўся па дапамогу да легітымнай структуры, а не да расійскай улады. Палітычныя ўступкі Расіі ёсць, але ідзе пэўны гандаль і пошук балансу. Многія чыноўнікі і людзі на вышэйшых пасадах стаяць на пазіцыях казахскай ідэнтычнасці і казахстанскага суверэнітэту. Таму змены ідуць, але даволі памяркоўна.

Прэзідэнцкія выбары. Ці чакаць фальсіфікацый?

На сённяшняй стадыі выбары выглядаюць дзіўна. У гэтых выбарах кандыдаты – гэта людзі, якія не прымалі актыўны ўдзел у палітычных працэсах Казахстана да гэтага. У краіне ёсць апазіцыйная незарэгістраваная партыя “Агла” пад кіраўніцтвам Мухтара Аблязава, але яна не мае доступу да інстытуцыяналізаванага палітычнага працэсу, як і пры Назарбаеве. Магчыма, пакуль што гэта дамоўленасць аб захаванні статус-кво ў перыяд вайны.

У Такаева няма безумоўнай усенароднай падтрымкі, але ёсць пэўная ступень даверу, з ім звязваюць надзеі і чаканні.

Таму здаецца, што гэтыя выбары будуць з відавочным, прадказальным вынікам.

Моўная палітыка

Казахстан заўсёды быў мультыкультурнай краінай з вялікімі этнічнымі групамі. Цяпер руская мова з’яўляецца мовай зносін, а казахская носіць статус дзяржаўнай мовы. Руская мова паступова вымываецца з афіцыйнага асяроддзя. Але дзяржава не разглядае развіццё мовы як сваю зону адказнасці, не займаецца развіццём казахскай. Нягледзячы на гэта, цікавасць да вывучэння казахскай мовы і разуменне яе важнасці расце.

Успрыманне вайны ва Украіне

Ёсць пэўны разлом у грамадстве. Рускія, якія пераважна жывуць на поўначы Казахстана, а менавіта старэйшае пакаленне, глядзяць расійскае тэлебачанне, таму ставяцца да вайны станоўча і падтрымліваюць Расію.

Старшае пакаленне казахаў успрымае вайну праз прызму сваёй казахскай ідэнтычнасці, таму адчувае ў вайне пагрозу сваёй краіне. Сярод маладога пакалення ёсць больш разумення важнасці незалежнасці краіны, адчування сувязі з краінай, таму значна менш падтрымкі вайны.

Казахстан і расійская мабілізацыя

Адчуваецца напружанне з-за прыезду расіян. Па-першае, гэта эканамічнае напружанне, з-за якога казахстанцы адчуваюць нестабільнасць, слабую абароненасць. Па-другое, ёсць бытавая незадаволенасць. Напрыклад, гаспадары арэнднага жытла часта просяць казахстанцаў выселіцца, каб засяліць туды расіян, якія гатовыя плаціць у разы больш.

Стаўленне да беларусаў, апазіцыі і Лукашэнкі

З боку казахстанцаў беларускія пратэсты атрымалі вялікую ўвагу і павагу да праяўленай смеласці. Пратэсты ў Беларусі сталі для Казахстана ілюстрацыяй, што перамены магчымыя, іх трэба патрабаваць. У некаторым сэнсе яны паслужылі спускавым кручком для пратэстаў у студзені 2022-га года ў Казахстане. 

Казахстан прайшоў праз перыяд інтэнсіўных ліберальных эканамічных рэформаў у 1990-ыя. Лукашэнка як чалавек, які такіх рэформаў не правёў, успрымаецца пройгрышна. Адмысловых сімпатый да яго ніколі не было. Лукашэнка ўспрымаўся большым дыктатарам, чым Назарбаеў. Казахстан пазіцыянаваў сябе як краіну з заходнім вектарам развіцця. Гэтым і тлумачыцца дыстанцыя ад Лукашэнкі, якую трымае Назарбаеў.

Але пры гэтым у Такаева цесныя сувязі з Масквой, таму збліжэння з беларускай апазіцыяй не адбудзецца.

Палітычная будучыня Казахстана

Казахстан не існуе асобна. Ён, як і Беларусь, існуе ў цеснай сувязі з Расіяй, з Украінай. Развіццё краіны цесна звязана з тым, як будзе разгортвацца сітуацыя на постсавецкай прасторы. Калі зʼявіцца надзея на дэмакратычныя перамены ў Расіі і наогул постсавецкай прасторы пасля вайны, то гэта акрэсліць станоўчы вектар для Казахстана.

Геаграфія краіны вызначае яе лёс. Знаходзячыся паміж Расіяй і Кітаем, Швейцарыяй не станеш. Казахстан залежыць ад агульнага парадку дня для ўсіх краін. Але ёсць спадзеў, што Казахстан не стане менш свабодным праз 5 гадоў.

Фота: Timur Nusimbekov