Транзіт працягваецца з новымі палітычнымі і эканамічнымі выклікамі
Падчас палітычных пераўтварэнняў 1990-ых і 2000-ых у Румыніі ўзніклі дзве асноўныя сілы: сацыял-дэмакратычная PSD і нацыянал-ліберальная PNL. Менавіта гэтыя партыі гадамі дамінавалі ў румынскай палітыцы, змяняючы адна адну на кіроўных пасадах ці ў апазіцыі. Пры гэтым частка чальцоў гэтых партый паходзіла з былой камуністычнай наменклатуры, бо паўнавартаснай люстрацыі пасля звяржэння Чаўшэску краіна не пабачыла.
Нягледзячы на сацыльна-эканамічны прагрэс пасля далучэння Румыніі да Еўразвяза ў 2007-ым, краіна сутыкаецца з сур’ёзнымі выклікамі. Так, Румынія займае апошняе месца ў ЕЗ паводле памеру выдаткаў на ахову здароўя (на душу насельніцтва), а таксама лідаруе паводле долі насельніцтва, якая часам не можа дазволіць сабе паўнавартасны прыём ежы (23%). Акрамя таго, з-за эміграцыі насельніцтва ў больш развітыя часткі ЕЗ і свету краіна страціла амаль 20% працоўнай сілы цягам апошніх 10-15 гадоў.
На фоне такіх сацыяльных праблемаў, недахопу дыялогу паміж уладамі і грамадствам, а таксама карупцыйных скандалаў, звязаных з асноўнымі мэйнстрымавымі партыямі, расце папулярнасць альтэрнатыўных сілаў, кшталту правапапулісцкай партыі AUR і незалежнага палітыка Кэліна Джарджэску (Călin Georgescu). Менавіта ён перамог з 23% галасоў у першым туры прэзідэнцкіх выбраў у лістападзе.
Румыны пратэстуюць праз галасаванне і абіраюць TikTok
Джарджэску не быў вельмі заўважнай фігурай да 2024-га года, але і нельга казаць, што ён узяўся з ніадкуль. Палітык працаваў з тэмамі фермерства, экалагічнай палітыкі і ўстойлівага развіцця ў міністэрствах некалькіх румынскіх урадаў, займаў пасаду спецдакладчыка ААН, некалькі разоў яго прапаноўвалі на пасаду прэм’ер-міністра як незалежнага кандыдата.
Пры гэтым поспех Джарджэску тлумачыцца перш за ўсё яго кампаніяй у TikTok. У сваім акаўнце ён публікаваў, напрыклад, відэа з заклікамі спыніць вайсковую дапамогу Украіне, скептычныя выказванні адносна ЕЗ і НАТА ды абяцанне вярнуць нацыянальныя інтарэсы Румыніі на першае месца. Не менш важнымі тэмамі былі традыцыйныя сямейныя каштоўнасці і праваслаўе (Румынія – у асноўным праваслаўная краіна), але ж і эканоміка таксама.
Джарджэску, апроч таго, зрабіў шэраг канспіралагічных і наўпрост правакацыйных выказванняў. Напрыклад, аб наначыпах у пластыкавых бутэльках, неіснаванні COVID-19 і вакцынацыі як эксперыменце па “ўніфікацыі людскіх душ”. А яшчэ да пачатку прэзідэнцкай кампаніі ён называў румынскага маршала, які ўдзельнічаў у Халакосце, і іншага лідара антысеміцкага руху 1930-ых нацыянальнымі героямі.
@calingeorgescuoficial Prioritățile României: Bunăstare, Stabilitate și Siguranță, nu Războiul de la Graniță. În cadrul emisiunii #DIGI24 Nici susținătorii mei, nici poporul român nu sunt interesați de Putin sau de Ucraina, ci sunt interesați de România și de bunăstare, de fericire, de stabilitate și siguranță. Insistăm prea mult pe un subiect care nu este treaba noastră, în timp ce avem probleme reale în țară, cum ar fi sărăcia, drogurile și insecuritatea mamelor. Ca președinte, prioritatea mea este să mă preocup în primul rând de poporul meu, care astăzi suferă. #România #Ucraina #Bunăstare #Stabilitate #Siguranță #Sărăcie #Droguri #Securitate #CĂLINGEORGESCU #calingeorgescu #fyp #DIGI24 ♬ sunet original – calingeorgescu
Стомленасць румынскіх выбарцаў ад палітычнага мэйнстрыму, эканамічныя і сацыяльныя праблемы, карупцыя і вобраз Джарджэску як незалежнага кандыдата – усё гэта дапамагло яму здзівіць палітычную сцэну ў Румыніі. Джарджэску нават меў усе шанцы на перамогу ў другім туры.
Сумленнасць выбараў застаецца пад пытаннем
Але ж Канстытуцыйны суд Румыніі прыняў беспрэцэдэнтнае рашэнне – ануляваць вынікі першага тура выбараў і пачаць працэс з нуля. Прычынай стала справаздача румынскіх спецслужбаў, дзе сказана аб арганізаванай і нелегальнай кампаніі дзеля прасоўвання Джарджэску ў TikTok. Як сцвярджаецца, больш за 25 тысяч акаўнтаў сталі скаардынавана актыўнымі перад самым пачаткам выбарчага працэсу. Таксама акаўнты, якія падтрымлівалі палітыка, нібыта атрымлівалі сотні тысяч еўра цягам некалькіх месяцаў перад выбарамі.
Пастанову Канстытуцыйнага суда раскрытыкавала нават лідарка праеўрапейскай партыі Элена Ласконі, якая таксама выйшла ў другі тур. Эксперты ўказваюць на тое, што суд насамрэч спачатку прызнаў вынікі першага тура, а ўплывовая румынская НДА Funky Citizens заклікала да максімальнай празрыстасці ў тлумачэнні прынятага рашэння.
Адзначалася таксама, што абранне Джарджэску на пасаду прэзідэнта, імаверна, прывяло б да перазагрузкі палітычнай сістэмы і паставіла б пад пагрозу далейшую падтрымку Украіны з боку Румыніі, якая, апроч іншага, даслала ЗСУ сістэму Patriot, а таксама выступае ключавым лагістычным цэнтрам для міжнароднай ваеннай дапамогі Кіеву. Пры гэтым урадам кіруе прэм’ер-міністр, а румынская Канстытуцыя досыць моцна абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзідэнта, не дазваляючы яму прымаць значных рашэнняў без згоды парламента.
Ці паўплывае справаздача спецслужбаў і адмена рэзультатаў выбараў на вынікі новай прэзідэнцкай кампаніі – пытанне адкрытае. Ва ўмовах нізкага даверу да дзяржаўных інстытутаў выбарцы могуць успрыняць гэта як чарговы доказ таго, што Джарджэску выступае супраць карумпаваных эліт, і зноў актыўна падтрымаць яго.
Румынскія ўрокі для беларускай дэмакратызацыі
Румынскі досвед можа быць паказальным для Беларусі ў будучыні – дэмакратычная трансфармацыя не бывае простай. Беларуская палітыка ў пачатку пост-аўтарытарнага перыяду мае шанцы быць падобнай да румынскай у 1990-ых: былая наменклатура на кіроўных пасадах, канкурэнцыя “старых” і “новых” эліт, нізкі давер да дзяржаўных інстытутаў і адсутнасць шырокага досведу, як мае адбывацца палітычная канкурэнцыя. Адпаведна, падобнымі могуць аказацца і выклікі, напрыклад высокая верагоднасць прыходу да ўлады радыкальных папулістаў.
Акром таго, сітуацыя ў Румыніі падкрэслівае прыярытэтнасць узмацнення інстытутаў у Беларусі і забеспячэння празрыстасці іх працы, напрыклад праз развіццё незалежнай судовай і выбарчай сістэм. Інстытуты павінны быць не толькі ўстойлівымі пры патэнцыйных пагрозах дэмакратыі, а яшчэ і карыстацца даверам грамадства.
Беларусі таксама неабходна прыстасоўвацца да палітычнай рэчаіснасці, дзе платформы кшталту TikTok граюць велічэзную ролю ў выбарчых кампаніях і з’яўляюцца асноўнымі крыніцамі медыяспажывання.
Гэта стварае як магчымасці для хуткага распаўсюду інфармацыі, так і пагрозу прасоўвання дэзынфармацыі. Румынскія выбары ў лістападзе – не першы і дакладна не апошні выпадак скаардынаванага прасоўвання нейкага кандыдата ў сацыяльных сетках, і да такіх сцэнароў варта быць гатовымі.
Нарэшце, шлях да дэмакратыі не абмяжоўваецца свабоднымі выбарамі. Гэта доўгі працэс сацыяльных, эканамічных і палітычных рэформаў. Румынія, нягледзячы на ўсе дасягненні, працягвае сутыкацца з праблемамі кшталту карупцыі і эканамічнай няроўнасці. Падобныя праблемы будуць актуальныя і для Беларусі часоў перамен. Таму поспех дэмакратычных пераўтварэнняў будзе залежаць ад здольнасці палітыкаў і грамадзянскай супольнасці да доўгатэрміновай працы над рэформамі і развіццём нацыянальных інстытутаў.