Эканамічныя карысці ад міграцыі цяжка аспрэчыць. Мігранты запаўняюць нішы на рынку працы і праз падаткі павялічваюць пенсійны фонд. Высылаючы ж грошы дамоў, яны дапамагаюць бедным краінам, адкуль паходзяць. Болей за тое, мігранты спрыяюць культурнай разнастайнасці.
Аднак дагэтуль ніводная група перасяленцаў у Еўропу не несла столькі праблемаў як мусульманскія мігранты з Трэцяга свету. Асвоіўшыся ў свецкіх еўрапейскіх дзяржавах, яны ўпэўнена пашыраюць спіс сваіх патрабаванняў: ад спецыфічнай вопраткі да пабудовы мячэцяў ды мінарэтаў.
Ліберальная палітыка, якая апраўдвае новыя патокі мігрантаў, ужо прычынілася да антыеўрапейскіх працэсаў як “брэксіт” і ўзмацненне правых партый у Еўрасаюзе. Што яшчэ горш, мяккая палітыка ў адносінах да мігрантаў-радыкалаў і грамадзянаў ЕС, якія вярнуліся з Сірыі, ставіць пад пагрозу жыхароў Еўропы.
Што пайшло не так
Пытанне бяспекі грае невялікую ролю ў ліберальнай думцы, якая канцэнтруецца перадусім на асабістых правах. Але часта знайсці мяжу паміж свабодай перакананняў і экстрэмізмам можа быць складана. Напрыклад, ці мае чалавек права публічна заклікаць да прысягі на вернасць “Ісламскай дзяржаве”, што бяскарна адбывалася на вуліцах Лондана? Ці можна арыштоўваць грамадзяніна, які вярнуўся з Сірыі, калі няма доказаў, што ён ваяваў па баку ІД?
У гэтых пытаннях ліберальнай думцы цяжка правесці чырвоныя лініі. Брытанцам заняло больш года, каб знайсці, якім чынам быў парушаны закон аб тэрарызме пры публічных закліках да далучэння да ІД. Такім чынам, прыхільнікі тэрарыстычнай групоўкі і патэнцыйныя джыхадысты расхаджваюць па вуліцах Еўропы, ахінуўшыся ў сцяг ІД, або бяспечна сядзяць у адасобленых раёнах еўрапейскіх сталіц.
Пры гэтым сучаснае еўрапейскае мысленне аслабіла абачлівасць. Вырашыўшы, што дабрабыт і эканамічныя ўзаемазалежнасці скончаць войны, а НАТА абароніць ад замежнай атакі, краіны ЕС аказаліся заспетымі знянацку, калі абрынулася серыя тэрактаў.
Ніводная з краін, якая пацярпела ад джыхадыстаў, не аўтарызавала 5-ты артыкул Паўночнаатлантычнай дамовы, які кажа пра калектыўную абарону ў выпадку атакі на тэрыторыю краін НАТА. У той жа час, калі Францыя ініцыявала ўтварэнне антытэрарыстычнай кааліцыі, войскі меншых краінаў ЕС аказаліся непадрыхтаванымі праз недахоп персаналу і сучаснага абсталявання.
Розныя межы свабоды
Калі ў Нігерыі вызвалілі групу дзяўчат, якіх выкрала групоўка “Боку Харам”, мой знаёмы даследчык-антраполаг праводзіў з імі інтэрв’ю. 14-гадовая дзяўчынка, у якой ужо было двое дзяцей, на здзіўленне, хацела вярнуцца да ваеннага становішча. Яна казала, што прызвычаілася бачыць трупы на вуліцы, гук выстралаў і што сярод тэрарыстаў ёй было камфортна жыць.
Гэта паказвае не толькі жахі вайны, але і тое, што свабоду людзі бачаць па-рознаму.
Ліберальны падыход у гэтым выпадку кажа, што гэтая маладая кабета мае права выбіраць тое жыццё, якое яна лічыць лепшым для сябе. Таму трэба прыслухацца да яе асабістага рашэння і адправіць яе да “Боку Харам”.
Спакойнае стаўленне да сігналаў экстрэмізму, а таксама беспакаранасць былых прыхільнікаў ІД, якія вярнуліся з месцаў ваенных дзеянняў, сведчаць хутчэй не пра гуманнасць, а пра бездапаможнасць перад новай формай пагрозы.
Пастка ліберальнага падыходу
Магчымая ж змена палітыкі (абмежаванне ў правах мігрантаў) нясе негатыўныя наступствы. Гэта выклікае абурэнне, што дэмакратычныя краіны не прытрымліваюцца сваіх нормаў. Гэтак Заходняя Еўропа трапіла ў сваю ж пастку.
Аргумент парушэння закона аб недыскрымінацыі паводле рэлігійных поглядаў кожны раз з’яўляецца ў судовых справах. Яны тычацца, напрыклад, адмовы мусульманаў ціснуць руку кліентам другога полу ці рэгістраваць аднаполы саюз. Частай тэмай з’яўляецца звальненне жанчын-мусульманак з працы за нашэнне хусткак ў фірмах, якія прытрымліваюцца палітыкі рэлігійнага нейтралітэту.
Еўропе не заўсёды атрымоўваецца адстойваць свецкія прынцыпы і пры тым захоўваць культурную ўнікальнасць. Немцы спрабавалі падыход, паводле якога наяўнасць хрысціянскіх рэлігійных знакаў (напрыклад, крыжы ў грамадскіх будынках) лічылася культурным сімвалам і часткай нямецкай спадчыны.
Мусульманскія ж ды іншыя сімвалы (асабліва гэта тычылася хіджабаў) забараняліся, бо не мелі дачынення да нямецкай культуры і неслі выключна рэлігійны характар, што недапушчальна ў свецкім грамадстве. Аднак у 2015 годзе Вышэйшы суд прызнаў такую трактоўку дыскрымінацыйнай і знёс забарону на хусткі для мусульманскіх настаўніц.
Два выйсці з пасткі
У Заходней Еўропе, дзе міграцыя ісламу лічыць ужо некалькі пакаленняў, адзіным лагічным выйсцем падаецца інкарпараванне новай рэлігіі паводле прыкладу Германіі. То бок палітычныя дзеянні павінны даваць адназначны сігнал: мы змагаемся не з ісламам, а з экстрэмізмам.
Калі ўжо дзяржава вырашыла прымаць мігрантаў, нельга іх маргіналізаваць.
Вывучэнне мовы і засяленне сярод карэнных жыхароў, а не ў адасобленых раёнах, – гэтыя ўмовы выглядаюць неабходнымі да асваення ў чужым грамадстве.
У еўрапейскіх навуковых колах ужо даўно з’явілася думка, што мусульмане, якія пераймаюць еўрапейскія каштоўнасці і трымаюцца сваёй рэлігіі, не нясуць пагрозы. Наадварот – гэтыя людзі з’яўляюцца значным унёскам для грамадства.
Іншае выйсце – гэта абмежавальная палітыка. Яе лягчэй праводзіць у менш ліберальных ці больш традыцыйных краінах, дзе абмежаванне правоў мігрантаў падтрымліваецца грамадствам. Іншая справа, што гэтыя краіны менш вабяць патэнцыйных мігрантаў. Аднак для барацьбы з унутранай пагрозай гэта не найлепшы інструмент, бо ён вядзе да адасаблення часткі грамадства.
Нягледзячы на ідэалогію, якой прытрымліваецца дзяржава, бяспека грамадзянаў павінна быць прыярытэтам. Калі ж сучаснае мысленне дазваляе публічна насіць сцяг групоўкі, якая аб’явіла вайну Еўропе, гэта выглядае здзекам з барацьбы з радыкалізмам.