падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Што хацеў нам сказаць стваральнік MAPS.ME

Што хацеў нам сказаць стваральнік MAPS.ME
Нашыя высновы пасля сустрэчы з Юрыям Мельнічкам (+відэа).

Юрый Мельнічак – адзін з тых, хто змяняе аблічча беларускага бізнесу. Ён стварыў і узначальвае Maps.Me, дастасаванне для смартфонаў з афлайн мапамі. Амбіцыі распрацоўшчыкаў прыемна здзіўляюць: “Мы хочам зрабіць лепшыя мапы на OpenStreetMap і абапіраючыся на OpenStreetMap зрабіць лепшыя мапы ўвогуле”.

Намеры Maps.Me супадаюць з амбіцыямі Mail.Ru Group, якія і купілі беларускіх стартапераў у канцы 2014. Гэты гешэфт стаў адным з галоўных на постсавецкім ІТ-рынку, а колькасць запампаванняў дастасавання з таго часу падвоілася  да 14 млн. Вось некалькі парадаў ад Юрыя Мельнічка ўсім, хто хоча скарыць свет(фота і відэа прыкладаюцца).

Рабіце прадукт для сусветнай аўдыторыі

Беларусь тут вызначае. Наш унутраны рынак занадта маленькі, таму пры пошуку добрай ідэі для ІТ-стартапу з самага пачатку трэба глядзець на патрэбы сусветнай аўдыторыі. Нават нішавая рэч, добра зробленая і распаўсюджаная на ўсю планету зробіцца ў разы папулярнейшаю, чым мега-крутая прылада для аднаго асобна ўзятага гораду. Гэта таксама гарантуе вам незалежнасць ад эканамічнай або палітычнай сітуацыі ў нейкай краіне або рэгіёне.

Тут мы чымсьці падобныя на Ізраіль. Іх стартапы такія паспяховыя, бо з-за адсутнасці ўнутранага рынку, адразу накіраваныя на ўвесь свет. Расейцам жа наадварот цяжэй  часта яны распрацоўваюць крутую рэч для Масквы, дасягаюць поспеху, але не могуць выйсці на сусветны ўзровень.

Пры такіх абставінах знаходзіцца ў Беларусі таксама добра. Кошт жыцця ў нас меншы, чым у іншых краінах Еўропы, а заканадаўства пры экспарце спрошчанае.

Рабіце свой уласны прадукт (прывітанне EPAM Systems!)

Спачатку ты ходзіш на працу, дзе прадаеш свой час. Потым ты пачынаеш займацца аўтсорсінгам. Тут ты прадаеш свой час і пэўныя вынікі працы. Наступны ўзровень  працаваць на сябе і ствараць свой уласны прадукт. Відавочна і рызыка тут большая  прадукт можа стаць паспяховым, а можа і не стаць. Аднак, калі працуеш над уласным прадуктам, ты атрымліваеш інтэлектуальную маёмасць, а не толькі грошы і досвед.

Прадукт заўсёды застанецца з вамі. Maps.Me доўгі час меў сродкі толькі на заробкі для персаналу. Але аўдыторыя з часам расла, што ў выніку і дазволіла прадаць кампанію Mail.Ru Group, у складзе якой развіццё паскорылася ў разы. Не спыняйцеся на аўтсорсінгу і ідзіце далей, стварайце свае прадукты.

Каб было прасцей, пажадана знайсці ментараў для праекту. Гэта можа быць дасведчаны сябра або прафесійны кансультант. Яны дапамогуць са стратэгіяй, бізнес-разуменнем і маркетынгам. Перад тым, як абяцаць долю ў стартапе лепш прапісаць KPI (ключавыя паказнікі эфектыўнасці). Калі ніхто, акрамя сваякоў, не будзе ў вас верыць, яны адзіныя, хто рацыянальна вам растлумачаць, чаму вы дасягняце поспеху і ў вас усё атрымаецца.

 Шукайце пустыя рынкі

Для поспеху вельмі істотна прыйсці на рынак, дзе няма канкурэнцыі. Той жа рынак мабільных дастасаванняў ужо сфармаваўся, таму і дасягнуць поспеху зрабілася цяжэй. Некаторыя нішы на Android яшчэ не насычаныя, але і гэта хутка пройдзе.

Таму варта ісці не туды, дзе цяпер знаходзіцца мяч, а туды, дзе ён будзе заўтра. Сёння такія сферы: гадзіннікі (калі атрымаецца ў Apple Watch), робаты, ІТ у сельскай гаспадарцы, дроны, вялікія дадзеныя і збор інфармацыі пра сябе (трэкінг калорый і г.д.).

Сумнявайцеся

Важна не проста ісці ў адным кірунку, але і задавацца ўвесь час пытаннем, ці тое я раблю, глядзець па баках, правяраць. Не бойцеся рабіць эксперыменты, нешта крыху змяніць і адкарэктаваць курс у адпаведнасці з рынкам.

Пры распрацоўцы можна прытрымлівацца двух падыходаў. Першы  доўга працуеш над прадуктам і ідэальны вынік запускаеш на рынак. Гэта вымагае вялікіх інвестыцыяў у распрацоўку, так робіць Apple. Другі  выпусціць сырую версію і паглядзець на рэакцыю. Пазітыўныя водгукі нададуць натхнення, а негатыўныя пакажуць хібы.

Думайце, як інтэграваць рэкламу

Ужо цяпер платная мадэль распаўсюду дастасаванняў памірае. Людзі не прызвычаіліся плаціць за нешта не фізічнае, ды і не заўсёды ўпэўнены ў якасці таго, што набываюць. Самае папулярнае платнае дастасаванне для смартфонаў  на 15 месцы паводле выручцы. Наступнае  на 111.

Будучыня за інтэграванаю і лакальнаю рэкламаю. Такая рэклама будзе дапаўняльным сэрвісам і арганічна глядзецца ў прадукце. На прыкладзе мапаў, гэта можа быць прапанова забраніраваць бліжэйшы рэстаран (так з часам напэўна збіраюцца манітызаваць Maps.Me). Вялікія гульцы, як Google і Facebook, ужо працуюць над такімі мадэлямі рэкламы, панаваць яны пачнуць праз гады два.

Вашай увазе прапаноўваем больш падрабязную версію выступу Юрыя Мельнічка і фотасправаздачу з сустрэчы.

Ужо хутка другая сустрэча «Ідэі», дзе прадстаўнікі Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця распавядуць, чаму трэба перастаць шкадаваць сябе і пачаць развіваць свой бізнес. Сачыце за абвесткамі!