Літаральна месяц таму, на мяжы студзеня і лютага сёлетняга года, і беларускія медыі, і памежнікі ў суседскіх краінах адзначалі выключную з’яву – ніводзін мігрант не спрабаваў незаконна перасекчы межы краін Еўразвяза з тэрыторыі Беларусі. Прычым сітуацыя доўжылася аж восем дзён запар – неймаверны выпадак за апошнія гады, амаль цуд. Але цуду не здарылася.
У лютым колькасць спроб нелегальна перасекчы заходнюю і паўночныя межы Беларусі павялічылася ў разы. Назіранне паказвае, што і цяпер гэтая колькасць толькі расце, прычым імкліва – амаль кожны тыдзень лічба такіх спроб стала большай у два-тры разы. У выніку цягам мінулага месяца тыднёвая сума такіх пераходаў узрасла больш чым у дваццаць разоў (з 17 у першы тыдзень лютага да амаль 400 у перыяд ад 26-га лютага да 3-га сакавіка).
Па-ранейшаму асноўнымі мэтамі мігранцкіх хваляў застаюцца Польшча і Латвія. Літва, якая да Заходняй Еўропы знаходзіцца бліжэй за Латвію і мае значна даўжэйшую мяжу (увогуле, беларуска-літоўская мяжа – самая вялікая ў Беларусі з краінамі ЕЗ), – фактычна па-за ўвагай нелегальных мігрантаў. Каля дзесяці спробаў перасячы яе мяжу цягам тыдня – проста непараўнальныя з некалькімі дзясяткамі на беларуска-латвійскай і трыма сотнямі – на беларуска-польскай межах.
Раней я выказваў меркаванне, што рэжым у Беларусі менавіта такім чынам вызначае напрамкі мігранцкіх хваль (абмінаючы Літву), бо разлічвае атрымаць пэўныя бенефіты, кшталту “незаўважанай” літоўскім бокам кантрабанды, якая ідзе з Беларусі. Мы не адмаўляемся ад гэтай гіпотэзы, тым больш што і літоўцы час ад часу кажуць пра неабходнасць рэагаваць на кантрабандысцкія захады ўладаў Беларусі, і на спробы рэжыму абысці санкцыі (гл., напрыклад, тут або тут).
Але нельга не звярнуць увагі на яшчэ адзін нюанс. Не хочацца перабольшваць здольнасці рэжымных сілавікоў у стратэгічным мысленні, аднак ці не можа такое вызваленне літоўскіх межаў ад мігрантаў з Азіі мець яшчэ і дадатковую мэту: перанакіраваць увагу літоўскага грамадства на ўцекачоў з Беларусі?
Тут прыцягвае нашую цікавасць дзіўнае супадзенне дзвюх фактаў. Па-першае, гэта ўздым у літоўскай інфапрасторы тэмы беларускага “ліцвінізму”, а па-другое, – запрашэнне ў Беларусь рэшткаў ПВК “Вагнер”, сумесныя беларуска-вагнераўскія “вучэнні” ды развагі аб іх высоўванні ў напрамку Сувалкаўскага калідора. Апошнія падзеі адбываліся ў чэрвені-ліпені мінулага года, а інфармацыя аб “ліцвінізме” пачала пашырацца ўжо з пачатку жніўня.
Зразумела, на 100% тут нічога сцвярджаць нельга. Можа, і сапраўды Літва адчувае пагрозу з боку дзясяткаў тысяч беларусаў, значная частка якіх запаўняе вольныя нішы на літоўскім рынку працы. Але калі тэма “ліцвінізму” ўсё ж такі ініцыяваная і раздзімаецца з падачы беларускіх і расейскіх сілавікоў, то гэтую аперацыю сапраўды варта прызнаць перамогай камітэтчыкаў. У літоўскай прасторы мігранцкі крызіс цалкам змяніў сваю прыроду: галоўную пагрозу цяпер ствараюць не мігранты на межах, а беларускія ўцекачы ўнутры краіны.
І калі наконт справаў унутры Літвы нешта спрагназаваць цяжка, то адносна будучай дынамікі на межах Беларусі з краінамі ЕЗ сумневаў няма. Абапіраючыся на мінулагоднія звесткі, можна ўпэўнена прагназаваць, што ў сакавіку нас чакае яшчэ больш спробаў нелегальнага пераходу межаў. У сакавіку 2022-га года іх было больш за 2600, а ў гэтым жа месяцы 2023-га – больш за 3400.
Калі лютаўскія трэнды захаваюцца і ў гэтым месяцы, то на яго канец можа атрымацца чарговы веснавы рэкорд – нешта блізу 5 000 спробаў “атакаваць” межы Беларусі з краінамі ЕЗ. Асноўны ўдар, хутчэй за ўсё, прыйдзецца на Польшчу і Латвію.
А на беларуска-літоўскай мяжы варта чакаць працяг штылю (чэргі на памежных пераходах, вядома, ва ўлік не ідуць).
Фота: gov.pl