Пасля Крыма ўзмацніліся алармісцкія галасы, якія прадракаюць хуткае паглынанне Беларусі Расіяй. Сапраўды, узрасла рэалістычнасць сцэнара, які базуецца на ўзброеным захопе беларускіх земляў (хоць з улікам спадарожных рызыкаў і магчымых наступстваў ён застаецца малаверагодным). Але пры гэтым за апошнія гады змяншаецца рэальны – мірны, штодзённы – уплыў Масквы на Мінск. І адбываецца гэта ў значнай ступені дзякуючы паводзінам самой Масквы.
Як дылер дапамагае нарказалежнаму
Як сведчаць аналітыкі Bloomberg, пасля анексіі Крыма эканоміка Расіі згубіла $ 150 млрд, альбо болей за 10 % ВУП. Пэўная частка – гэта падзенне коштаў на нафту, але большасць стратаў звязаная з заходнімі санкцыямі і інвестыцыямі ў інтэграцыю анексаваных земляў (напрыклад, будаўніцтва моста праз Керчанскі праліў). І гэтыя выдаткі працягваюць расці.
Страты б’юць як па расійскім бюджэце, гэтак і па кішэнях блізкіх да Крамля алігархаў. Іх трэба нечым кампенсаваць, і ахвярай робіцца інтэграцыя з Беларуссю.
Нягледзячы на логіку вольнага гандлю ў межах ЕАЭС, беларускія мяса і малочныя прадукты, як і шэраг іншых тавараў, увесь час сустракаюць перашкоды на расійскім рынку. Рашэнні Рассельгаснагляда на руку расійскім сельскагаспадарчым бізнесоўцам, якія актывізаваліся пасля контрсанкцый і частковага закрыцця мясцовага харчовага рынку. Да прыкладу, расійскі рэйтынг Forbes-2017 зафіксаваў рэкордную колькасць бізнесоўцаў-аграрыяў.
Галоўныя для Беларусі эканамічныя пытанні – нафта, газ, крэдыты – Расія цяпер таксама адмаўляецца абмяркоўваць да вырашэння пытанняў па саюзнай інтэграцыі. Але гэтая інтэграцыя буксуе апошнія 20 год і не існуе мадэлі яе паглыблення, якая б задавальняла абодва бакі. Такім чынам, “калі вырашым пытанні па інтэграцыі” – гэта адпаведнік прымаўкі “калі рак на гары свісне”.
Разам з падатковым манеўрам гэта паступова знішчае фундамент беларускай эканамічнай мадэлі, якую будаваў Лукашэнка.
Яе жартоўна называлі “нафта ў абмен на пацалункі”. Аднак у такіх любоўных адносінах па разліку пацалункі без нафты хутка скончацца. У кароткай і сярэднетэрміновай перспектыве гэта пагражае вялікімі эканамічнымі праблемамі для Беларусі і зніжэннем узроўню жыцця. Аднак, калі глядзець стратэгічна, то злазіць з іголкі расійскай падтрымкі і дыверсіфікаваць эканоміку – гэта менавіта тое, што Беларусі заўсёды раілі незалежныя эканамісты і міжнародныя фінансавыя інстытуты.
Ломка і яе рызыкі
Але часовыя эканамічныя цяжкасці – не адзіная рызыка беларуска-расійскай дэзынтэграцыі. Ва ўмовах падзення ўзроўню жыцця могуць узмацніцца прарасійскія галасы, якія патлумачаць беларусам, што існуе лёгкае вырашэнне ўсіх праблемаў – стаць часткай брацкай дзяржавы. Сённяшнія заявы расійскіх чыноўнікаў у духу “раніцай інтэграцыя – увечары эканамічная дапамога” граюць на карысць гэтай пагрозы.
Аднак наколькі моцныя тыя галасы? І, адпаведна, наколькі вялікую пагрозу яны нясуць беларускай незалежнасці?
“Рускі свет” у Беларусі – пад плінтусам. Моцных прарасійскіх арганізацый няма, а на існых ціснуць метадамі, добра знаёмымі беларускай апазіцыі. Нішу “прарасійскіх” займаюць лаяльныя да афіцыйнага Мінска людзі – ад экспертаў да казакоў.
Слабасць мяккай сілы Расіі добра дэманструе дэградацыя “Несмяротнага палка”.
Гэта галоўная і, бадай, адзіная больш-менш прыкметная і масавая вулічная акцыя прарасейскіх арганізацыяў і актывістаў у Беларусі. Нават пры ваяўнічым амбасадары Мікалаі Бабічы “Несмяротны полк” не змог дамагчыся рэгістрацыі, згубіў палову ўдзельнікаў акцыі ў сталіцы і наогул не адбыўся ў рэгіёнах. У прарасійскіх арганізацыяў нават не знайшлося грошай на тое, каб аплаціць паслугі міліцыі і медыкаў, што забяспечыла б большы маршрут.
Інтэграцыйныя і прарасійскія медыі не маюць у Беларусі моцнага ўплыву, а вядомыя ў першую чаргу карупцыйнымі скандаламі.
Такія сайты, як “ІмхаКлаб”, “СОНАР-2050”, “Тэлескоп” і падобныя да іх, не маюць вялікай аўдыторыі і, адпаведна, уплыву на беларускае грамадства. Яны не могуць здабыць не тое што лідарскія, а нават нейкія значныя пазіцыі ў рэйтынгах беларускіх анлайн-медыяў. У выніку іх прадстаўнікам застаецца пракламаваць бяззубыя пагрозы нацыяналізаваць TUT.by, бо перамагчы ў сумленнай канкурэнцыі яны не могуць.
Замест гэтага прарасійскія медыі пачынаюць грызню між сабой за гранты. Гэтак прарасійскі тэлеграм-канал “Бульба престолов” выкрывае не толькі “прымусовую” дзяржаўную беларусізацыю і “агентаў” MI-6 сярод беларускіх аналітыкаў, але і карупцыю на сайце “СОНАР-2050”. Напрыклад, сцвярджаецца, што дырэктар “СОНАР-2050” Васіль Бокаў на грошы сайта адкрыў уласную грамадскую лазню ў расійскім Звянігарадзе, шэф-рэдактар Сямён Уралаў набыў дом у анексаваным Крыме, “а ноунеймных белорусов-писателей обманывают и оставляют им крохи”. Немагчыма сказаць, наколькі праўдзівая гэтая інфармацыя. Але падобныя сваркі дакладна не ўзмацняюць расійскі інфармацыйны ўплыў і не шкодзяць Беларусі.
Такім чынам, беларуска-расійская інтэграцыя ў яе ранейшым выглядзе згортваецца. Сваёй пазіцыяй Масква сама прымушае Мінск злазіць з нафтавай іголкі. Гэты працэс будзе эканамічна цяжкім, аднак малаверагодна, што ён прывядзе да страты беларускай незалежнасці. Расійская мяккая сіла ў Беларусі слабейшыя, чым можа здавацца алармістам.