падтрымаць нас

Грамадства

Чаму беларускі сацыяльны працаўнік лепшы, чым ты думаеш

Чаму беларускі сацыяльны працаўнік лепшы, чым ты думаеш
Што матывуе беларусаў працаваць у сацыяльнай сферы і чаму яны спачуваюць блізкаму інакш, чым палякі.

У бізнесе галоўны матыватар працы – грошы. А чым кіруюцца працаўнікі дзяржаўнага сектара ці сябры няўрадавых некамерцыйных арганізацый? Гэтае пытанне даўно цікавіць сацыёлагаў і спецыялістаў з галіны дзяржкіравання.

Напрыканцы 1980-ых амерыканскія навукоўцы запыталі працаўнікоў дзяржаўнага і прыватнага сектара, наколькі істотна для іх дапамагаць іншым людзям. Выявілася, што нягледзячы на тое, што людзі заўсёды ацэньваюць сябе лепш, чым ёсць насамрэч, для працаўнікоў дзяржсектара жаданне дапамагаць было вышэйшым. Розніцу ўзроўню матывацыі паміж сектарамі эканомікі назвалі матывацыяй працы для грамадства (МПГ).

Амерыканскі сацыёлаг Джэймс Пэры расклаў матывацыю працы для грамадства на чатыры чыннікі. Гэта, па-першае, прывабнасць спрычыніцца да дзяржаўнай палітыкі – “я ўдзельнічаю ў тым, што вырашае лёс іншых”. Па-другое, адданасць грамадскім інтарэсам – “тое, што я раблю, дапамагае грамадству”. Па-трэцяе, пачуццё спагады – “камусьці кепска, і я сябе праз гэта дрэнна адчуваю”. Нарэшце самаадданасць, калі грамадскія інтарэсы ў сістэме каштоўнасцяў чалавека стаяць па-над прыватнымі.

Далейшыя даследаванні пацвердзілі сапраўднасць такой мадэлі для розных частак свету – ад Паўночнай Амерыкі і Заходняй Еўропы да Усходняй Азіі. Хоць прычыны пачуццяў-матыватараў розняцца паміж краінамі. Напрыклад, у Кітаі ды Швейцарыі сямейныя каштоўнасці і супольныя вартасці істотна ўплываюць на матывацыю працы, а ў Карэі людзі хочуць дапамагаць іншым праз традыцыі канфуцыянства.

Навошта беларусы працуюць на карысць грамадства

У 2012-ым паўстала даследаванне з 12 краінаў свету, на падставе якога навукоўцы стварылі ўніверсальную шкалу вымярэння МПГ, якая ўлічвае культурныя адрозненні. Неўзабаве пасля гэтага беларуская даследніца Паліна Прысмакова ў дысертацыі ў Міжнародным універсітэце Фларыды праверыла, ці працуе вынайдзеная шкала ў Беларусі.

Даследаванне “Матывацыя працы для грамадства на дзяржаўнай і пазаўрадавай сацыяльнай службе Беларусі і Польшчы” высвятляе асаблівасці матывацыі не толькі ў дзяржаўных установах, але і ў арганізацыях трэцяга сектара.

palina_prysmakova2

Паліна Прысмакова

Даследніца апытала каля 700 чалавек з дзяржаўных і няўрадавых арганізацый Гродзеншчыны і Беласточчыны, якія аказваюць сацыяльныя паслугі. Навуковец выявіла тры складнікі матывацыі: спачуванне, самаадданасць і жаданне служыць народу.

Спачуванне лічацца высокім у таго, хто пагаджаецца са сцверджаннямі кшталту “мне сумна бачыць людзей у цяжкіх жыццёвых абставінах” ці “мне сумна, калі я бачу, што да кагосьці ставяцца несправядліва”.

Самаадданы – той, хто высока ацэньвае такія выразы як “я гатовы панесці рызыку, калі гэта дапаможа грамадству” ці “я гатовы ахвяраваць дзеля дабрабыту суполкі”.

Нарэшце жаданне служыць народу характарызуюць сцверджанні: “мяне захапляюць людзі, якія ўдзельнічаюць у праектах на карысць маёй суполкі” ці “мне вельмі істотна спрычыняцца да мерапрыемстваў, якія змагаюцца з сацыяльнымі праблемамі”.

Пра ролю царквы і бюракратыі

На Падляшшы на матывацыю працы для грамадства ў працаўнікоў дзяржаўнага сектара значна ўплывае царква. Складнік самаадданасці ў матывацыі найвышэйшы менавіта сярод тых, хто пазначыў сваю прыналежнасць да рэлігійных суполак, а такіх у апытаных дзяржарганізацыях – бальшыня. Сярод апытаных беларусаў такой залежнасці не выявілася.

У даследаванні былі пытанні пра цэнтралізацыю ўлады ў арганізацыі. Напрыклад, прапаноўвалася ацаніць сцверджанне: “чалавеку, які хоча прымаць уласныя рашэнні, хутка адбіваюць да таго ахвоту”. Выявілася, што палякі вельмі ўражлівыя да стаўлення кіраўніцтва. Як толькі пачынаюць адбіваць ініцыятыву, спадае спачуванне, жаданне служыць народу ды матывацыя наогул. У беларусаў адбівай ініцыятыву ці не – на матывацыю гэта ніяк не ўплывае.

Іншая справа з фармулёўкай: “ва ўсіх дзеяннях трэба пацверджанне кіраўніка”. Чым больш трэба пацверджанняў, тым больш зматываваныя палякі. Чаму так? Даследчыца тлумачыць гэта тым, што палякі вераць у закон, у бюракратыю. Чым больш правілаў, пацверджанняў і рэгламентаў, тым большая ўпэўненасць, што яны правільна робяць сваю справу. І тым больш зматываваныя дапамагаць.

Як уплываюць на матывацыю партыі, месца жыхарства і замежныя паездкі

Выявілася, што сярод апытаных беларусаў большую самаадданасць і жаданне служыць народу маюць тыя, хто належаць да палітычнай партыі. А ў польскіх палітычных актывістаў меншы ўзровень спачування. Гэта даводзіць, што ў Польшчы партыі працуюць паводле свайго асноўнага прызначэння – прыйсці да ўлады. Каб быць паспяховымі ў палітыцы, трэба ўмець ісці па галовах. Спачуванню месца тут няма.

У Беларусі ж палітычныя партыі – хутчэй сацыяльныя гурткі адданых асобаў, якія хочуць нешта разам зрабіць для свайго наваколля, для жыхароў, лічыць Паліна Прысмакова. Што цікава, з прафсаюзамі сітуацыя кардынальна іншая: тыя, хто назваліся сябрамі прафсаюзаў, маюць меншую матывацыю працы на карысць грамадства.

Польскія сацыяльныя працаўнікі ў малых мястэчках спачуваюць іншым часцей, чым іх калегі з Беластока. Справа ў тым, што ў польскай сельскай мясцовасці больш развітае пачуццё супольнасці: “праблема майго суседа – гэта і мая праблема”. Па пераездзе ў вялікі горад гэтае пачуццё губляецца.

У Беларусі – наадварот, больш спачуваюць у сталіцы рэгіёна, чым у вёсках. Даследчыца тлумачыць гэта тым, што ў нас гарадская інфраструктура значна лепшая. У вяскоўцаў уласныя праблемы займаюць і галаву, і вольны час, куды там да суседа. А ў горадзе прасцей з бальніцамі, школамі, садкамі ды транспартам. У выніку застаецца кавалак вольнага часу, каб паспачуваць.

У даследаванні было пытанне пра працоўныя паездкі за мяжу. Высветлілася, што ў супрацоўнікаў беларускіх НДА, якія бывалі па працы ў замежжы, узровень спачування значна меншы, чым у іх калегаў з дзяржустаноў. Зыходзячы з гэтага, даследчыца лічыць, што для грамадства будзе больш карысці, калі за мяжу з’ездзіць працаўнік дзяржаўнай сацслужбы, чым прадстаўнік трэцяга сектара.

Такім чынам, даследаванне выявіла каштоўнасныя адрозненні беларусаў і палякаў, які працуюць у дзяржаўных сацыяльных арганізацыях. У Беларусі перамагае жаданне служыць народу, тады як на польскім баку мяжы – магчымасць праявіць самаадданасць. Менавіта за кошт высокай самаадданасці палякі крыху абганяюць беларускіх калегаў па агульным узроўні матывацыі працы на карысць грамадства.

А вось прадстаўнікі трэцяга сектара па абодва бакі мяжы маюць падобныя каштоўнасці. Нягледзячы на розніцу ва ўмовах працы і фінансаванні, пазаўрадавыя арганізацыі ўяўляюць сабой аднастайную групу, якая існуе па-над палітычнымі рэжымамі і адміністрацыйнымі межамі.