падтрымаць нас

Артыкулы

Навучыцца спрачацца і… маўчаць. Як прайшлі дэбаты падчас Кейс-клуба

Навучыцца спрачацца і... маўчаць. Як прайшлі дэбаты падчас Кейс-клуба

З 12 лютага па 24 сакавіка 18 беларусаў і беларусак прайшлі “Кейс-Клуб” па тэме “належнае кіраванне” (“good governance”). Падчас чэмпіянату чатыры каманды з дапамогай ментараў і ментарак дэбатавалі і распрацоўвалі полісі-паперы. У гэтым матэрыяле распавядаем, як адбываліся гарачыя дэбаты і чаму прайгралі “гендарныя квоты”.

У дэбатах каманды прадстаўлялі пазіцыі “за” і “супраць”  па дзвюх тэмах: “Гендарныя квоты ў дзяржаўным кіраванні” і “Дзяржаўнае фінансаванне грамадзянскіх арганізацый”. Працу над аргументацыяй яны пачалі прадумваць падчас анлайн-сесій, ім дапамагалі зоркі “Моладзевага Блоку” і дэбатаў Ліза Пракопчык і Стас Шашок

Як адбываліся?

Каманды абаранялі не тыя пазіцыі, па якіх працавалі ў межах полісі-папераў, таму аўдыторыя моцна ўключалася ў дэбаты адно аднаго. Гэта дазваляла адчуць хібы сваіх полісі-папераў, пачуць новыя ідэі, якія яшчэ не пакладзены ў змест сваіх дакументаў і дапрацаваць іх. Дадатковую вастрыню абмеркаванням дадавала тое, што не ўсе ўдзельнікі і ўдзельніцы абаранялі бакі, якіх насамрэч прытрымліваюцца, таму гэта стала добрым метадам адчуць сябе ў шкуры звычайных апанентаў і апанентак і зрабіць сваё мысленне яшчэ больш крытычным.

Апроч лагічных аргументаў, дзе прэвалявалі халодныя статыстыка і лічбы з самых розных даследаванняў, каманды апелявалі рэлевантнымі прыкладамі, метафарамі і жартамі. Яны ўзгадвалі асабістыя гісторыі, хутка рэагавалі на контраргументы супернікаў і суперніц, дэманстравалі яскравыя ўласныя і камандныя характары.  

Не менш важнай апынулася рэфлексія пасля дэбатаў. Удзельнікі і ўдзельніцы абменьваліся думкамі наконт выступаў і выносілі для сябе ўрокі. Хтосьці адзначаў шанаванне часу ў камандзе, каб кожны і кожная мог выказацца. Хтосьці хваляваўся, што не змог падабраць вартыя адказныя аргументы. Але каманды амаль адзінагалосна дзякавалі апанентам і апаненткам за ўзаемапавагу, досвед і вайб, які панаваў на дэбатах.

— Мне падабаецца стратэгія, калі ты выглядаеш і гаворыш вельмі ўпэўнена, нават крыху нахабны стыль, — распавяла Ксюша Малюкова, каардынатарка праекту Girls Power Belarus, якая дэбатавала на баку каманды, што не падтрымлівала дзяржфінансаванне грамадскіх арганізацый. — Я зразумела, што я навучылася маўчаць: на дэбатах з маёй эмацыйнасцю можна “перагаварыць”, а важна балансаваць са сваёй прысутнасцю ў прасторы, памерам адказаў, жартамі. Часам мне хацелася дзёрзка закідаць апанентаў маімі “слушнымі” аргументамі, але часам мая тактыка была прамаўчаць і даць далучыцца камусьці больш спакойнаму з каманды. Таму я старалася патрэніравацца не казаць усё, што думаю, бо гэта камандная праца. 

Як ацэньвалася?

Журы ацэньвала каманды паводле некалькіх крытэраў. Яны звярталі ўвагу на змест і аргументацыю: наколькі якасна і лагічна падабраныя аргументы, як каманда абвяргае аргументы апанентаў, наколькі аргументацыя была структурнай. Ацэньваліся аратарскія навыкі: наколькі мова ўдзельнікаў і удзельніц была выразнай і яснай, як яны ўтрымлівалі кантакт з аўдыторыяй. Апроч гэтага, важнай была каманднай праца: узаемадзеянне ўнутры каманды, размеркаванне роляў у камандзе — было важна, каб размаўляў не адзін чалавек. У выніку галоўнай мэтай было падабраць адпаведныя тэме аргументы, быць гнуткімі і пераканаўчымі.

У выніку ментар і ментарка дэбатаў Стас Шашок і Ліза Пракопчык адзначылі, што ўсе каманды ішлі побач. Аднак яны адзначылі ў пераможаных бакоў дысбаланс уключанасці ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц, пэўнай стратэгіі ў дэбатах і дыялогу з камандай-канкурэнткай.

У выніку перамаглі абедзьве каманды, якія займалі пазіцыі “супраць” — як і дзяржфінансавання грамадзянскіх арганізацый, так і гендарных квотаў (нечаканае развіццё падзеяў у кантэксце цяперашніх падзей!) На меркаванне журы, хібамі ў прайграўшых каманд былі недастаткова моцныя стратэгіі. Апроч гэтага, у гульнявых дэбатах заўсёды ёсць сэнс абіраць больш радыкальную пазіцыю — гэтага каманды не зрабілі.

— Мне спадабалася, што мая каманда ў дэбатах была рознай, — падзяліўся ментар каманды па фінансаванні, даследчык ЦНІ Стас Гарэлік. — Яны ўсе розныя па характарах, ведах, узросту і біяграфіі, але я рэдка бачу, каб не вельмі знаёмыя паміж сабой людзі могуць хутка знайсці кантакт адно з адным і добра працаваць. Нават калі хтосьці больш ярка выказваў лідарскія якасці, паміж імі заўсёды заставалася павага. Па-другое, яны вельмі шчырыя і вераць у тое, што робяць.

Мяркую, што ўдзельнікам і ўдзельніцам Кейс-клуба важна развіваць уменне дэбатаваць, пітчыць, прадаваць сваё бачанне і рашэнне, для гэтага карысны досвед публічных выступаў. Магчыма, на гэтым этапе людзям можа быць не вельмі зразумела, чым яны хочуць займацца, але такога кшталту актыўнасць дапамагае ў гэтым. І калі яны хочуць займацца публічнай дзейнасцю, такі досвед дапамагае ўбачыць свае праблемы і зразумець, як штосьці палепшыць.

З гэтым згодная ўдзельніца Кейс-клуба Аляксандра, уладальніца моўнай школы. Яна распавяла, што імпрэза стала для яе выйсцем з зоны камфорту, у якую цяпер не так проста і вярнуцца.

— Я разумела, што публічныя выступы — не мая тэма, —- распавяла яна. — Але выклікам была магчымасць перазагрузіцца і зразумець, што мне рабіць далей. Калі ў адным месцы збіраецца столькі матывуючых і ўключаных у грамадскае жыццё людзей, гэта вельмі натхняе. Таксама апошнія чатыры дні я ўвогуле амаль не ўжывала расейскую мову: гэта для мяне таксама новы досвед. Мне не хапала такога атачэння, гэта праўда змяняе тваё жыццё.