Беларускія ўлады справядліва не прынята хваліць ува ўсім, што звязана з культурнай палітыкай і сімвалічнымі рэпрэзентацыямі, а таму крытычныя рэплікі наконт “зайчыкаў 2.0” выглядаюць крыху на інерцыю. У “Фэйсбуку” ды іншых сацыяльных сетках крытычныя выказванні найчасцей грунтаваліся на эстэтычных меркаваннях. Натуральным чынам былі вернутыя ў поле актуальнага абмеркавання ранейшыя праекты знешняга выгляду беларускіх грошай.
Іншае вымярэнне крытыкі ўтвараюць ідэалагічныя выказванні, да якіх можна аднесці таксама тых ці іншых экспертаў. Нагоду для гэтага далі самі банкіры, змясціўшы на манетах нацыянальны арнамент (ці ягоныя элементы) і, звыш таго, дадаўшы свае тлумачэнні, выкананыя ў рэчышчы спрэчных пошукаў беларускага этнографа Міхаіла Кацара. Некалі Яўген Барышнікаў пісаў пра ініцыятывы, звязаныя з вышыванкамі, як пра “чарговае мясцовае абвастрэнне апісанай яшчэ Хобсбаўмам з’явы [“вынаходніцтва традыцый]”. Параўнальнаю вастрыню мае крытыка аздобы будучых беларускіх манет з боку этнографа Вольгі Лабачэўскай.
“Наша Ніва” апублікавала цікавыя разважанні Сяргея Харэўскага. Некаторыя заўвагі датычаць дызайну як, напрыклад, пра несамавітасць калажаў на адваротным баку купюр. Значна больш выказваецца ідэалагічных меркаванняў і прэтэнзій.
Харэўскі гаворыць як прадстаўнік нацыянальнага наратыву, крытыкуе саму выбарку гістарычных помнікаў, безаблічнасць манет, якія “нічога не гавораць пра краіну”.
У публікацыі на Tut.by выказаўся дызайнер студыі “Адліга” Анатоль Лазар. Ён настойвае на неабходнасці адлюстроўваць на купюрах славутых гістарычных асоб (“Што, у нас іх няма?”). Харэўскі ж наракае, што агульнапрызнанага наратыву ў Беларусі няма: “Для таго, каб асобы былі на грашах, яны павінны трывала ўвайсці ў школьную дыдактыку, нацыянальны наратыў, каб у нікога не ўзнікала пытанняў”.
У цэлым эксперты сыходзяцца на думцы, што распрацаваныя банкноты не нясуць нічога прынцыпова новага. Харэўскі кажа, што гэта – “крок назад”, а дызайнер Сяргей Усціновіч заўважае пра выявы: “Усе гэтыя калажы сумнеўнай якасці нясуць на сабе адбітак мінулага, ніяк не будучыні”.
Купюра як поле барацьбы: ідэалогія, памяць і гістарычная палітыка
У разважаннях Харэўскага ёсць цікавы момант: ён параўноўвае новыя ды старыя рублі і робіць выснову, што старыя – лепшыя.
Кожны мяркуе на свой густ, вядома, але з пункту гледжання нацыянальнага гістарычнага наратыву новыя грошы нясуць у сабе нашмат большую каштоўнасць.
У аснове афармлення ляжыць ясная канцэпцыя “Мая краіна – Беларусь”, сутнасць чаго – у рэпрэзентацыі кожнай вобласці Беларусі. Акрамя гэтага, могуць прачытвацца іншыя сэнсы, магчыма, не закладзеныя аўтарамі свядома, але ў эпоху пасля “смерці аўтара” гэта не так важна.
Падаецца, у цытаваных вышэй публікацыях бракуе пэўнай дадатковай перспектывы, звязанай з дынамікай беларускай культуры. Такія важныя аспекты самаідэнтыфікацый, як гістарычная свядомасць і дыскурс культурнай памяці, зазналі сур’ёзную трансфармацыю ў Беларусі. Гэта паказваюць і новыя беларускія грошы.
Грашовая купюра як інструмент гістарычнай палітыкі выступае ў Беларусі прынамсі з пачатку 1990-ых, калі прэзідыум Вярхоўнага Савета абмяркоўваў пытанне пра тое, як варта назваць грошы новай незалежнай дзяржавы. БНФ і блізкія да яго палітыкі выступалі за назву “талер” як за “гістарычна абгрунтаваную”, але на галасаванні яе падтрымаў толькі Ніл Гілевіч.
З пачатку 2000-ых пытанне аб магчымасці змясціць на купюрах гістарычных дзеячаў рэгулярна ўздымаецца ў грамадскіх дыскусіях. Адзін з прыкладаў: у канцы 2013-га Юры Гардзееў пісаў у “Arche” пра грашовую купюру як сродак гістарычнай палітыкі. Ён параўнаў яе з грашыма іншых дзяржаў і адзначыў нязвыклую адсутнасць гістарычных асоб.
Часткова новыя купюры пераймаюць нешта ад ранейшых рублёў: гомельскі палац Паскевічаў, магілёўскі мастацкі музей, магчыма, сапраўды трапілі на свае купюры збольшага выпадкова. Але Нясвіжскі і Мірскі замкі, відавочна, не маглі быць абмінутыя ўвагай. З’яўленне зусім новай банкноты з выявай Нацыянальнай бібліятэкі прадказвалася даўно, і дае новыя магчымасці рэфлексіі аб дадзеным помніку як месцы памяці сучаснай беларускай дзяржавы.
Бадай самае цікавае – замена рэпрэзентацыі Брэсцкай і Віцебскай абласцей. Наўрад ці аўтары гэтай “ідэалагічнай дыверсіі” мелі на ўвазе нейкі выразны пасыл. Урэшце, якая розніца – Спасаўская царква гэта ці краявіды Віцебска?
Але ў адсутнасці Брэсцкай крэпасці, якая сёлета знікла з беларускай грошай ды так і не вярнулася, можна разгледзець пэўную логіку культурнай сітуацыі.
Дадзеная логіка робіцца навочнай пры класіфікацыі новых банкнот па гістарычных перыядах. Полацкая царква і Камянецкая вежа рэпрэзентуюць Полацкае і Галіцка-Валынскае княствы; Мірскі і Нясвіжскі замкі – эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, а праз гэта – “залаты век” нацыянальнага гістарычнага наратыву; палац Паскевічаў і Магілёўскі музей – эпоху Расійскай імперыі; Нацыянальная бібліятэка – тое, што ў вядомым фільме АНТ называлася “найноўшай гісторыяй”.
“Нябачная рука” гістарыяграфічнага рынку выпхнула з “самага распаўсюджанага інфармацыйнага і паліграфічнага матэрыялу ў краіне” (Усціновіч) савецкі перыяд.
Падобна, ён непрыдатны для рэпрэзентацыі Рэспублікі Беларусь. Агульна кажучы, ідэі Дзерманта аб “планетарнай нацыі” і “гештальце Рабочага” (якія павінныя характарызаваць БССР) саступаюць у значэнні рамантыцы шляхецкага жыцця і рускага класіцызму.
Прычына для аптымізму
Не зважаючы на шматлікія крытычныя рэплікі, у новых банкнотах можна бачыць станоўчы “знак часу”. Цяжкая спадчына савецкага рэжыму разбураецца пад ціскам часу і “найноўшай гісторыі”. Ленін стаў выглядаць у мінскім ландшафце недарэчна.
Нацыянальны гістарычны наратыў перамог савецкі аповед пра “гісторыю БССР”, які лёгка ўкладваўся ў школьны падручнік на 80 старонак. Ён быў заснаваны на такіх элементах, як адзінае паходжанне ўсходнеславянскіх народаў, іх спрадвечнае сяброўства, барацьба беларусаў супраць іншаземных захопнікаў і феадалаў, уз’яднанне з Расіяй, “дабратворны ўплыў вялікай рускай культуры на беларускую”.
Сёння гэты наратыў няўхільна адыходзіць у нябыт, што будзе бачна нават па новых беларускіх грошах.