падтрымаць нас

Палітыка·Эканоміка/Бізнес

Капіталізм у стылі чучхэ: Паўночная Карэя праводзіць рэформы

Капіталізм у стылі чучхэ: Паўночная Карэя праводзіць рэформы
Супермаркеты са зніжкамі, DVD-прайгравальнікі і нават гарналыжны курорт – цяпер усё гэта ёсць і ў Паўночнай Карэі. Як і чаму змяняецца самая таталітарная краіна свету?

У 90-ых Паўночная Карэя перажыла некалькі хваляў масавага голаду, ад якога памерла не меней за мільён чалавек. Каб хоць неяк звесці канцы з канцамі краіна нават пачала гандляваць наркотыкамі. У 2013-ым выведка Паўднёвай Карэі сцвярджала, што кожны паўночнакарэйскі дыпламат атрымаў загад прадаць наркотыкаў, пераважна  метамфетаміну, на $ 300 000.

Аднак апошнія два гады паўночныя карэйцы жывуць адносна сытна, дзякуючы рынкавым пераўтварэнням у сельскай гаспадарцы. Сапсаваны ж імідж краіны маюць палепшыць бізнес-форумы для патэнцыйных інвестараў. На адно з такіх мерапрыемстваў у мінулым годзе паклікалі больш за 200 бізнесоўцаў з варожай Паўднёвай Карэі. (Хоць сам форум адбыўся ў кітайскім Даляні.)

Улады Паўночнай Карэі рэфармуюць эканоміку і прызнаюць гэта нават амерыканскім медыям. Нядзіўна, што некаторыя ўжо бачаць у Паўночнай Карэі новага “эканамічнага тыгра” Азіі. Але ці так аптымістычна выглядае будучыня для ўсё яшчэ самай таталітарнай дзяржавы свету?

arirang_smartphone

Сімвал зменаў – паўночнакарэйскі смартфон “Арыранг”.
Дарэчы, у краіне ўжо 2,5 мільёна абанентаў сотавай сувязі.

Першыя крокі да капіталізму: павольна і пад кантролем партыі

У 2013-ым годзе сем’ям паўночнакарэйскіх сялян дазволілі замацоўваць за сабой надзелы зямлі ў некалькі сотняў квадратных метраў і аддаваць дзяржаве толькі 70% ураджаю. Вынік – голаду ўдалося пазбегнуць ужо ў тым жа 2013 годзе, нягледзячы на ​​моцныя засухі. Больш за тое, сяляне атрымалі права прадаваць свае 30% ураджаю.

Праз год пераўтварэнні прыйшлі і ў прамысловасць. Працоўная партыя Карэі дазволіла  кіраўнікам прадпрыемстваў самім выбіраць, дзе купляць сыравіну і каму прадаваць гатовую прадукцыю, каго наймаць і колькі ім плаціць. Гэтак “чырвоныя дырэктары” сталі больш падобнымі да буржуазіі.

Змянілася таксама і жыццё наёмных рабочых. Замест $ 1 у месяц, як было раней, самыя працавітыя з іх сёння атрымліваюць $ 70, а то і $ 100. Праўда, каб сачыць за грашовым абаротам, улады кантралююць рынкі і нават стварылі ў Пхеньяне сетку танных супермаркетаў “Хвангумбол”, каб рабочыя неслі грошы назад дзяржаве.

Яшчэ адзін важны крок – прыцягненне інвестыцый. З 2013-га года ўлады абвесцілі аб адкрыцці 19 спецыяльных эканамічных зон, дзе замежныя кампаніі могуць не плаціць падаткі цягам да 10 гадоў. На ўсходнім узбярэжжы Паўночнай Карэі з’явіцца турыстычны рэгіён Вансан-Кумгансан, перадусім для гасцей з Кітая і Расіі. Раней у гэтым рэгіёне адкрыўся першы паўночнакарэйскі гарналыжны курорт Масікронг.

masikryong_hotel

Тыповы нумар для дваіх у гатэлі “Масікронг”

Чаму КНДР праводзіць рэформы

Першая версія для гуманістаў – каб нарэшце пазбавіць людзей ад голаду. Не трэба забываць, што кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын атрымаў сярэднюю адукацыю ў Швейцарыі і ведае, што Паўночная Карэя – гэта не норма.

Але больш праўдападобна, што малады правадыр, які не спыніў ядзерныя выпрабаванні і не скасаваў мясцовы ГУЛАГ, хвалюецца зусім не пра здароўе галодных мас. Ён перажывае, што іх магчымае паўстанне не будзе каму душыць. На войску трымаецца ўся сістэма паўночнакарэйскай дзяржавы. “Войска перад усім” або “сонгун” – галоўны слуп паўночнакарэйскай ідэалогіі і паўсядзённага жыцця. Аднак генералаў трэба забяспечваць раскошай, а больш за мільён простых жаўнераў – хаця б ежай. Эканамічныя рэформы могуць даць краіне хлеб і пэўны прыток валюты.

North Korea Consumer Culture

Крамы з такім выбарам ежы – усё яшчэ выключэнне нават для Пхеньяна

Многія прадпрыемствы і так кантралююцца вайскоўцамі. Пашыраючы іх магчымасці “весці бізнес”, у тым ліку гандляваць з Расіяй і Кітаем, Кім Чэн Ын можа заручыцца яшчэ большай падтрымкай салдат і афіцэраў.

Да зменаў кіраўніцтва КНДР маглі падштурхнуць і дрэнныя навіны з сусветных рынкаў. Самая закрытая краіна свету большую частку сваіх прыбыткаў атрымлівае ад экспарту – ад продажу вугалю, жалезнай і меднай руды ў Кітай. Але кошты на металы і вугаль коцяцца ўніз хутчэй нафтавых. У 2013-ым тона жалезнай руды ў сярэднім каштавала $ 135, а сёння яе кошт ужо меншы за $ 50.

Другі Кітай?

Каб паўтарыць кітайскі эканамічны цуд, Паўночная Карэя павінна ўсё ж паводзіць сябе больш прадказальна і адкрыта. І, канешне, перастаць пагражаць знішчэннем усяму свету. Інвестыцыі з Еўропы не прыйдуць туды, дзе за адно няправільнае слова можна трапіць у працоўны лагер.

Нават калі паўночнакарэйскія рэформы пойдуць хутчэй, палітычны рэжым стане больш ліберальны, а межы прыадкрыюць, Паўночная Карэя рызыкуе паўтарыць лёс Усходняй Германіі. Ад замежнікаў, а таксама з інтэрнэту паўночныя карэйцы даведаюцца, што ВУП іх краіны ў 32 разы меншы за ВУП капіталістычнай і дэмакратычнай Паўднёвай Карэі. Гэта можа справакаваць масавую эміграцыю, бунты і аб’яднанне карэйскага паўвострава.

northkorea_corn

З якой бы прычыны рэформы ні праводзіліся, але яны зменшылі голад

Хутчэй за ўсё, у Кім Чэн Ына і кіроўных вярхоў няма выразнага плану дзеянняў. Праўдападобна, што паўночнакарэйскі эканамічны эксперымент скончыцца гэтак жа нечакана, як і пачаўся. Ці спадабаюцца паўночным карэйцам рынкавыя адносіны і ці захочуць жыхары краіны зноў пакорліва працаваць за $ 1, калі рэформы скончацца? Мабыць, адказ на гэтае пытанне дасць толькі час. Калапс паўночнакарэйскай дыктатуры прагназавалі яшчэ ў 90-ых, але ж, як бачна, гэтая сістэма даволі жыццяздольная.