падтрымаць нас

Палітыка

Уся прэзідэнцкая раць: чаму ў сённяшніх чыноўнікаў не атрымліваюцца рэформы

Уся прэзідэнцкая раць: чаму ў сённяшніх чыноўнікаў не атрымліваюцца рэформы
Якасці беларускай палітычнай эліты, якія блакуюць паспяховыя змены ў краіне.

Беларускія чыноўнікі, як, зрэшты, і кіраўнік краіны, любяць знаходзіць крыніцу беларускіх бедаў у знешніх абставінах. І доля праўды ў гэтым, натуральна, ёсць. Аднак першапрычыну беларускіх праблем усё ж варта шукаць унутры краіны, а не за яе межамі. Адной з іх з’яўляецца неэфектыўнасць кіроўных эліт. У чым тут замінка?

Адукацыя

Бясспрэчна, высокаадукаваная эліта больш верагодна будзе спрыяць эфектыўнаму развіццю краіны і рэалізоўваць паспяховыя рэформы. І чым вышэй узровень яе адукацыі, тым большыя шанцы на гэта.

Аналізуючы ўзровень адукацыі беларускай палітычнай эліты, можна заўважыць амаль поўную адсутнасць адукацыйнай дыверсіфікацыі. Практычна ўсе прадстаўнікі палітычнай эліты ў Беларусі атрымалі вышэйшую адукацыю і навуковыя ступені пераважна ў Беларусі ці радзей у Расіі. Усё гэта не можа не весці да дэфіцыту свежых ідэй, неразумення сучасных трэндаў і непазбежнай закрытасці, кансервацыі ў сваім вузкім прафесійным свеце.

Не будучы занадта крытычнымі адносна беларускай адукацыі, трэба прызнаць, што ад сусветных лідараў у гэтым пытанні мы сур’ёзна адстаём. У рэйтынгу аўтарытэтнага брытанскага спецыялізаванага часопіса Times Higher Education прадстаўлены толькі адзін беларускі ўніверсітэт БДУ, які займае 601-800 месца.

Шмат дзе  ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, існуюць праграмы, па якіх таленавітая моладзь едзе вучыцца за мяжу ў замежныя ўніверсітэты з абавязковай умовай вяртання дадому пасля заканчэння вучобы. Ці не гэта было адным з фактараў бурнага росту Кітая ў наступныя дзесяцігоддзі пасля таго, як з прыходам Дэна Сяапіна да ўлады падобнае пачало практыкавацца?

У Беларусі, на жаль, няма такіх праграм на дзяржаўным узроўні. Таксама фактычна не заўважаюцца намаганні дзяржавы па вяртанні з-за мяжы беларусаў, якія атрымалі якасную замежную адукацыю і будуюць там паспяховыя кар’еры. За рэдкім выключэннем, ніхто з іх чамусьці не аказаўся запатрабаваны сістэмай дзяржкіравання Беларусі.

Хутчэй наадварот, па-ранейшаму можна канстатаваць уцечку мазгоў з краіны.

Невялікім пазітыўным момантам можа быць факт інтэнсіфікацыі міжнародных кантактаў у апошні час. Вынікам чаго, напрыклад, стала паездка групы беларускіх ураднiкаў на кароткатэрміновую стажыроўку ў Нацыянальную школу адміністрацыі Францыі. Будзем спадзявацца, што гэта толькі пачатак.

Інiцыятыўнасць і крэатыўнасць

Беларускаму палітычнаму класу, відавочна, не хапае гэтых якасцяў. Аб тым, што “ініцыятыва каральная” ўжо даўно вядома ва ўладных структурах. У беларускай палітычнай прасторы гэткім прывілеем валодае толькі адзін чалавек.  

Цяжка прыгадаць жывыя дэбаты ў парламенце, гарачы абмен меркаваннямі на нарадзе ў прэзідэнта альбо цікавыя дыскусіі ў медыях паміж прадстаўнікамі палітычный эліты. Прысутнічае ўстойлівае пачуццё скаванасці і паралізаванасці сістэмы кіравання, у якой чыноўнік заклапочаны ў першую чаргу сваёй кар’ерай і асабістымі інтарэсамі, а не лёсам сваёй краіны. Гэта і прыводзіць да неэфектыўнасці сістэмы.

Любыя, нават самыя абсурдныя ініцыятывы Лукашэнкі ніхто не адважваецца аспрэчыць. Так, нядаўняе, мякка кажучы, сумнеўнае даручэнне лідара краіны зрабіць абавязковы ў 2017 годзе сярэдні заробак у $ 500 ніхто не адважыўся паддаць сумневу. Чыноўнікі рознага ўзроўню наадварот заўзята пачалі яго нібыта выконваць.

Пакуль, праўда, толькі на ўзроўні дэкларацый і заяваў.

Так, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава публічна заявіла, што гэтая задача прэзідэнта мусіць выконвацца без пярэчанняў. Няўжо ні ў каго ва ўладзе не ўзнікла сумневаў: якім чынам дадзенае даручэнне мусіць быць выкананае і ці ёсць для гэтага падставы?

Быць добрым выканаўцам і захоўваць палітычную ды адміністрацыйную лаяльнасць – якасць, якая найбольш цэніцца ў беларускай сістэме ўлады.

Дзеля справядлівасці можна адзначыць паспяховую працу цягам апошніх гадоў  Міністэрства замежных спраў на міжнароднай арэне дзеля стварэння пазітыўнага іміджу Беларусі. Дзейнасць Нацбанка таксама можна лічыць як рэфармісцкай, так і эфектыўнай. Аднак неабходна разумець, што і гэтыя маленькія крокі былі б немагчымыя без дазволу зверху.

Нацыянальныя сімвалы і каштоўнасці

Без змены сістэмы каштоўнасцяў немагчыма рэфармаваць нашую краіну. Беларусь мае патрэбу ва ўмацаванні сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, у фармаванні ў грамадзян і чыноўнікаў павагі і любові да сваёй Радзімы. Прыемна апошнім часам назіраць мяккую беларусізацыю грамадства, падкрэсліванне каштоўнасці нацыянальнага суверэнітэту, большае, чым у папярэднія гады, выкарыстанне беларускай мовы ў розных сферах жыцця.

Аднак хочацца звярнуць увагу на два моманты, якія непакояць. Па-першае, мяккая беларусізацыя, якая адбываецца сёння, наўрад ці з’яўляецца каштоўнасным выбарам для большасці эліты. Яна стала вынікам знешнепалітычнай пагрозы і актуалізацыі ў сувязі з гэтым пачуцця страху за магчымую страту палітычнага кантролю над краінай.

Па-другое, значная частка палітычнай эліты Беларусі па ранейшаму жыве савецкімі каштоўнасцямі і стэрэатыпамі.

І гэта моцна адбіваецца на эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання.

Планавая эканоміка і моцнае дзяржаўнае рэгуляванне, міністр МУС у форме НКУС, ідэалагічныя работнікі ва ўніверсітэтах, на прадпрыемствах усё гэта з’яўляецца складовай часткай працэсу прыняцця палітычных рашэнняў.

Для таго, каб зрабіць крок наперад, Беларусі неабходная каштоўнасная пераарыентацыя, а менавіта дэсаветызацыя і ўзмацненне патрыятызму.

Матывацыя

Якой матывацыяй кіруюцца ўлады Беларусі і якія мэты ставяць перад сабой? У лідараў дзяржаў, якія дабіліся адчувальнага прагрэсу, адным з асноўных матываў было імкненне зрабіць лепшым жыццё людзей у краіне. Гэты першасны маральны імпульс, памножаны на палітычную кампетэнтнасць, спараджаў усе наступныя рашэнні: выпрацоўку стратэгіі развіцця краіны, кадравую палітыку, змяненне заканадаўства, барацьбу з карупцыяй і гэтак далей.

Падобнага імпульсу надзвычайна не хапае сёння беларускай эліце.

Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё матываваны як мага даўжэй (бясконца) заставацца ва ўладзе. Большасць (але не ўсе) прадстаўнікоў палітычнай эліты кіруюцца падобнымі меркаваннямі, імкнучыся знаходзіцца ва ўладных структурах як мага даўжэй. А для гэтага трэба перадусім аддана служыць прэзідэнту альбо вышэйшаму начальніку. А не народу Беларусі.