падтрымаць нас

Грамадства

Тры прычыны, чаму беларуская навука жудасна старэе

Тры прычыны, чаму беларуская навука жудасна старэе
Асаблівасці айчыннай статыстыкі, жабрацкія заробкі і цяжкая савецкая спадчына.

Белстат падаў жудасныя лічбы: з 3,5 тысяч беларускіх даследчыкаў, якія маюць навуковыя ступені, толькі 25 чалавек маладзейшыя за 30 гадоў, а дзве траціны перакрочылі паўвекавы юбілей.

З дактарамі навук усё яшчэ горш: больш за 80 % старэйшыя за 60 гадоў, палова з іх – старэйшыя за 70.

Праблема нават не ў тым, што ад пенсіянераў не часта пабачыш наватарскія падыходы, – з такім сярэднім узростам беларуская навука проста рызыкуе вымерці, як маманты.

Лёгка спісаць гэткае становішча на гільдзейскі эйджызм, маўляў, сівыя прафесары не даюць разгарнуць плечы маладым аспірантам. Аднак старэнне беларускай навукі мае і цалкам аб’ектыўныя прычыны.

Навука для бедных

Немагчыма пісаць пра беларускую навуку і не ўзгадаць пра яе гаротны матэрыяльны стан. Унутраныя затраты на навуковыя даследаванні і распрацоўкі апошнія чатыры гады складаюць каля паловы адсотка ВУП. Гэта менш нават за Паўднёваафрыканскую рэспубліку і Расію, не кажучы пра заможныя краіны. У абсалютных лічбах разрыў, відавочна, яшчэ большы.

 

Наўрад ці нехта з 70-гадовых прафесараў паспяшаецца кардынальна змяніць сферу дзейнасці, бо сёння навука ў Беларусі не дазваляе годна зарабляць на жыццё. Аднак маладзёны паглядзяць на месячны заробак у $ 137 і двойчы падумаюць, перш чым стаць на шлях навукоўца ў Беларусі. Кіраўніцтва Акадэміі навук робіць акцэнт на тым, што не ў грошах шчасце, – галоўнае рэалізаваць свой талент.

Але навуковы факт: без ежы чалавек можа працягнуць толькі 30 дзён.

Матэрыяльная падтрымка навукоўцаў па-за заробкам амаль адсутнічае. Няма магчымасці вольна ездзіць на навуковыя канферэнцыі і ў камандзіроўкі, набываць свежыя замежныя манаграфіі і падпіску на найлепшыя часопісы. Старыя навукоўцы яшчэ памятаюць, як дзяржава клапацілася пра іх здароў’е: да пачатку 2000-х прафесараў абслугоўвалі ў прэзідэнцкай лячэбнай камісіі. Цяпер там не абслугоўваюць ні навукоўцаў, ні народных артыстаў ды мастакоў – толькі высокае чынавенства ды іншых, больш вартых з дзяржаўнага пункту гледжання.

Такая дзяржаўная палітыка адносна навукі не надта матывуе моладзь абіраць гэтую сцежку. Зрэшты, не дзіва, што дзяржаўнае кіраванне працуе не надта якасна: даследаваннямі ў гэтай галіне займаюцца ўсяго чатыры арганізацыі, дзе працуюць 59 чалавек, і толькі 9 з іх маюць ступень кандыдата навук.

Абкрадаем саміх сябе

Варта звярнуць увагу і на метадалогію айчыннай статыстыкі. Даследчыкамі лічацца тыя навукоўцы, хто ў мінулым годзе выконваў навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў межах зарэгістраванай установы. Менавіта на аснове справаздач гэтых юрыдычных асоб “па форме 1-нт” і вылічвае дадзеныя Белстат.

Гэта значыць, у афіцыйнай статыстыцы няма месца для вольных даследчыкаў, якія корпаюцца ў архіве альбо працуюць у лабараторыі на лецішчы.

Псуе выніковую карціну і кансерватыўная мадэль падзелу навукоўцаў паводле ступені кандыдатаў і дактароў навук. Гэта спадчына савецкай сістэмы фактычна падзяляе тых, каго ў еўрапейскай мадэлі клічуць PhD, на больш і менш кваліфікаваных. З-за гэтага і можа падавацца, што сапраўдных прафесараў мала і яны амаль усе сівыя.

Фактычна ж у беларускай адукацыйнай сістэме проста немагчыма атрымаць доктарскую ступень да 30 – на гэта банальна не хопіць часу. Далей справа таксама ідзе марудна, што пацвярджаюць выніковыя лічбы: даследаваннямі займаюцца толькі тры (!) дактары навук, якім менш за 40 год, і яшчэ 25 дактароў, якім яшчэ няма 50-ці гадоў.

Да таго ж афіцыйная статыстыка не заўважае сектара некамерцыйных арганізацый, think tank’аў. Згодна з дадзенымі Белстата, навуковыя даследаванні вядуцца ў трох некамерцыйных арганізацыях, але пры гэтым усяго толькі двума даследчыкамі – мужчынам і жанчынай без навуковых ступеняў.

З такімі падлікамі беларусы абкрадаюць самі сябе, ігнаруючы пэўную частку даследчыкаў, якія не трапляюць у звесткі Белстата.

Рэха камунізму

Старасць навукі ўплывае і на якасць навукоўцаў. Так, несправядліва было б запісваць у цемрашалы ўсіх, хто абараняў дысертацыі за савецкім часам. Зрэшты, менавіта з моцнай савецкай матэматычна-інжынернай школы выгадавалася нашае ўсё – беларускі IT-сектар. Адсюль, напрыклад, і настальгія сузаснавальніка EPAM Леаніда Лознера па савецкай адукацыі.

Але адна справа – прыкладныя, тэхнічныя навукі, і зусім іншая – гуманітарыстыка. Не сакрэт, што шмат хто ў СССР выбіраў лёгкі шлях і абараняў дысертацыі па такіх спецыфічных тэмах, як гісторыя КПСС, навуковы атэізм ды іншы марксізм-ленінізм. Сапраўднай навукі там, бадай што, і няма – адна ідэалогія. Пры гэтым хапала і тых гуманітарыяў, хто абіраў сабе вузкую тэму і займаўся ёй, па магчымасці максімальна трымаючы дыстанцыю ад камуністычнай балбатні.

Але аддзяліць тут збожжа ад пустазелля цяпер няпроста: усе навукоўцы сталага веку маюць аднолькавыя дыпломы, і акадэмічная супольнасць не дапусціць ніякіх працэдур пераатэстацыі. Таму мы маем справу з завышанай базай для параўнання.

Гучыць парадаксальна, але ў пэўнай ступені справа ў тым, што не маладых навукоўцаў замала, а пажылых зашмат.

Можа, калі б не савецкая псеўданавука, то старэйшых вучоных у Беларусі было б не нашмат больш за маладых і статыстыка не выглядала б гэтак жудасна.