падтрымаць нас

Артыкулы

Падробкі пад дэмакратыю: як Беларусь крадзе “метадычкі” ў дэмакратычных краін

Падробкі пад дэмакратыю: як Беларусь крадзе “метадычкі” ў дэмакратычных краін

Кіраўніцтва Беларусі ўжывае фальшывыя дэмакратычныя інструменты і замежных саюзнікаў, каб стварыць ілюзію легітымнасці і замацаваць сваю ўладу як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.

Пакуль большасць еўрапейскіх палітыкаў працягвае не прызнаваць легітымнасць Лукашэнкі пасля 2020-га года, ён сам ужо рыхтуецца да наступных прэзідэнцкіх выбараў. Каб хутчэй “перагарнуць старонку”, улады Беларусі актыўна выкарыстоўваюць шэраг псеўда-дэмакратычных інструментаў для легітымізацыі сябе ў вачах неперакананых грамадзян і замежных актараў. 

Яны ствараюць нібыта незалежныя арганізацыі, запрашаюць нібыта непрадузятых актараў у якасці “песняроў” рэжыму альбо сябруюць з палітыкамі, якія нібыта ведаюць усю праўду пра карумпаваны Захад. Разгледзім, як гэта робяць улады ў Беларусі. 

НДА – ГОНГА

Адна з галоўных роляў грамадскіх арганізацый – гэта адвакацыя правоў і інтарэсаў грамадзян, і непазбежна гэткія арганізацыі крытыкуюць дзеянні ўрадаў краін. Аўтарытарныя ўрады ж у адказ прапаноўваюць уласныя версіі НДА – ГОНГА, ці створаныя дзяржавай недзяржаўныя арганізацыі. Гэтыя падробкі пад сапраўдныя НДА даюць ілюзію плюралізму і распаўсюджваюць дзяржаўную прапаганду пад выглядам незалежнага меркавання. З пачатку 2020-га года ўлады Беларусі закрылі альбо прымусілі ліквідавацца больш за 1600 арганізацый трэцяга сектара. На іх месцы рэжым стварыў некалькі несапраўдных недзяржаўных арганізацый. Сярод іх — “Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў”, створаная лукашэнкаўцамі “фабрыка думкі”, якая выпускае аналітычныя артыкулы, праводзіць канферэнцыі і нават гадуе маладых беларускіх аналітыкаў.

Падробкі пад дэмакратыю: як Беларусь крадзе “метадычкі” ў дэмакратычных краін
Фота: sb.by

Незалежныя назіральнікі – “зомбі-назіральнікі”

Выбары — адзін з момантаў у дэмакратычных краінах, калі звычайны грамадзянін мае непасрэдны ўплыў на палітычны напрамак краіны. Удзел незалежных назіральнікаў у гэтым працэсе даўно стаў нормай, але ж недэмакратычныя краіны імкнуцца не дазволіць ім пабачыць рэальную карціну выбараў. У якасці альтэрнатыўнага інструмента аўтакратыі запрашаюць так званых “зомбі-назіральнікаў”. Гэта прарэжымныя актары, якія заўсёды будуць казаць пра добры вынік і адсутнасць парушэнняў. Яны фактычна легітымізуюць фальшывыя выбары і ставяць пад сумнеў негатыўныя справаздачы сапраўды незалежных назіральнікаў і прадэмакратычных НДА.

Падчас апошняй парламенцкай кампаніі (2024) у Беларусі не было ніводнага незалежнага назіральніка, затое быў шэраг такіх “зомбі”. Напрыклад, як незалежнага назіральніка прадстаўлялі Кшыштафа Талвіньскага. Маргінальны польскі палітык супрацоўнічае з уладамі Беларусі ўжо даўно. Ён не адзін раз сцвярджаў, што гарантам бяспекі Еўропы ёсць Расія. А яго антыеўрапейская партыя “Фронт” некалькі тыдняў таму падпісала дамову аб супрацы з Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Алега Гайдукевіча.

Падробкі пад дэмакратыю: як Беларусь крадзе “метадычкі” ў дэмакратычных краін
Фота: t.me/gajdukevichh

У якасці “незалежнага” назіральніка прысутнічаў і Гунар Ліндэман, чалец Палаты дэпутатаў Берліна ад нямецкай ультраправай партыі “Альтэрнатыва для Германіі”. 

Палітычныя саўдзельнікі 

Асобнай катэгорыяй варта адзначыць еўрапейскіх палітыкаў, якія вырашаюць падтрымліваць аўтарытарныя рэжымы. Звычайна гэта альбо ўльтраправыя, альбо ўльтралевыя дзеячы. Іх матывацыя не заўсёды празрыстая, але ж у тых з іх, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, амаль заўсёды ёсць сувязі з Расіяй. 

Адсачыць працу прарэжымных еўрапейскіх палітыкаў можна на прыкладзе “Альтэрнатывы для Германіі”. Яе чальцы прысутнічаюць не толькі ў мясцовых парламентах ці Бундэстагу, але і ў Еўрапейскім парламенце. Сярод іх Максіміліян Крах, які ў Еўрапарламенце мінулага склікання паслядоўна галасаваў супраць большасці праўкраінскіх і прадэмакратычных рэзалюцый. А ў лютым 2024-га ён выступіў супраць рэзалюцыі, у якой Еўрапарламент асудзіў палітычна матываваныя затрыманні і нязносныя ўмовы ў беларускіх турмах для палітзняволеных.

Бывае, што такія прарэжымныя галасы ў парламенце трансфармуюцца і ў рэальныя дзеянні. Як стала вядома нядаўна, калега Краха, дэпутат парламента Саксоніі Ёрг Дорнаў выкарыстоўваў працу палітзняволеных у Лідзе на сваёй цыбульнай ферме. Паводле нямецкага выдання, з-за яго ў горадзе наўмысна праводзіліся палітычна матываваныя хапуны, бо палітзняволеныя “больш цывілізаваныя”, чым непалітычныя вязні.

Падробкі пад дэмакратыю: як Беларусь крадзе “метадычкі” ў дэмакратычных краін
Фота: lidanews.by

Людзі, якія галасавалі супраць Лукашэнкі ў 2020-ым, наўрад ці павераць у яго легітымнасць у 2025-ым. Але ўнутры краіны ёсць і вялікая колькасць неперакананых. На іх і на замежную аўдыторыю рэжым Лукашэнкі накіроўвае свае аўтарытарныя інструменты. Калі няма альтэрнатыўнага меркавання, прарэжымныя галасы чуюцца найлепей.