Тры месяцы таму мы пісалі, як народныя пратэсты, якія ўзніклі пасля таго, як прэзідэнт Віктар Януковіч змяніў меркаванне датычна падпісання угоды з Еўрапейскім Саюзам, паклалі канец той Украіне, якую мы ведалі. Падзеі, якія адбываліся ад таго часу, карэнным чынам змянілі краіну – і працэс яшчэ далёка не завершаны.
Падзеі ва Украіне збольшага вызначаюцца новым пакаленнем грамадзянаў, якім надакучыла карупцыя і кумаўство ва ўрадзе, і яны пратэстуюць супраць гэтага – некаторым краінам-чальцам ЕС гэта знаёма. Сярод ключавых словаў украінскага паўстання гучалі няроўнасць, годнасць і хабарніцтва. Такім чынам, Украіна прадставіла лакальны пункт гледжання на глабальныя праблемы. Украінцы паўсталі супраць карумпаванай сістэмы, і многія з іх у выніку ахвяравалі сваім жыццём.
Майдан змагаецца за нешта значна больш важнае, чым зрынуць Януковіча: ён заклікае змяніць сістэму, а не да пераменаў у межах сучаснай палітыкі. Гэта агульная ідэя ўсіх тых, хто пратэстуе на вуліцы і іх прыхільнікаў, тых, хто хоча пазбавіцца ад карумпаванага ўраду раз і назаўжды. Майдан жыве сваім палітычным жыццём і мае свой уплыў. Януковіч паспяшаўся збегчы з Кіеву, калі стала відавочна, што Майдан не прыме дамову, складзеную пры пасярэдніцтве ЕС. Дамова прадугледжвала даўгатэрміновы працэс з няпэўнай канстытуцыйнай рэформай, калі невядома, ці сыйдзе прэзідэнт увогуле і калі гэта адбудзецца. Падзеі апошніх дзён ужо даказалі, што менавіта Майдан, а не парламенцкая апазіцыя, меў рацыю датычна Януковіча.
“Пераможная пятніца”, якая прыйшла за крывавым чацьверам на мінулым тыдні, яшчэ не канчаткова замацавала перамогу. Яна прапанавала шанец перарабіць Украіну ў лепш кіраваную дэмакратычную дзяржаву – такі ж самы шанец, які “памаранчавая эліта” змарнавала дзесяць год таму. Але гэта толькі пачатак бітвы за Украіну. Тыя, хто сочыць за падзеямі ва Украіне і перажывае, мусяць памятаць: гэта бітва украінцаў за характар уласнай дзяржавы, не за геапалітычную арыентацыю. Насамрэч, нягледзячы на ўсе геапалітычныя размовы мінулых двух дзесяцігоддзяў, краіна не пасунулася ні на захад, ні на ўсход, і няважна, якія “перамогі” і “паразы” у гэтым бачылі абодва бакі.
Гэты працэс абяцае быць не менш драматычным, чым падзеі апошніх трох месяцаў, і хутчэй за ўсё працягнецца нашмат даўжэй. Па-першае, адбываюцца сутычкі на ўсходзе і поўдні краіны паміж “антымайданаўцамі” і “пра-майданаўцамі”. Тыя, хто супрацьстаіць Майдану – гэта не толькі праплочаныя “цітушкі” (галаварэзы, нанятыя атакаваць пратэстоўцаў). Гэта сур’ёзны знак, што антымайданаўскія сілы яшчэ ёсць і гатовыя ўдарыць у адказ. Да таго ж цяпер, калі галоўны вораг у асобе Януковіча сышоў, розныя мясцовыя палітычныя акторы могуць патрапіць у вір лакалізаванай барацьбы за ўладу.
Барацьба за вызначэнне новага характару ўкраінскай дзяржавы накіравана не толькі на Партыю Рэгіёнаў і тых, хто яе фінансуе, але таксама на асобаў кшталту Юліі Цімашэнкі і іншых прадстаўнікоў “старой” эліты і палітычных партый. Захаду час вучыць імёны новых палітычных актораў, і судзіць іх па іх дзеях, а не па іх словах. Прыток новай крыві ва ўкраінскую палітычную эліту не адбудзецца без супраціву: новыя людзі маюць іншыя інстынкты, чым старая эліта.
Маскве ёсць што губляць у гэтай барацьбе, і ейныя дзеянні гэта адлюстроўваюць. Аднак, далейшая фрагментацыя Украіны можа прывесці нават да большых стратаў. Захад павінен працягваць перамовы з Крамлём, каб прадухіліць гэты сцэнар, хоць і цяжка ўявіць, каб расейскія лідэры зараз паводзілі сябе спакойна і без эмоцый. Яны сталі ахвярай сваёй уласнай інфармацыйнай кампаніі ў СМІ і знаходзяцца пад узрастаючым ціскам у сваёй краіне.
Надыйшоў час, калі Еўрапейскаму Саюзу варта перастаць гаварыць і пачаць слухаць і дзейнічаць там, дзе Украіне патрабуецца дапамога ў першую чаргу: умацаванне эканамічнай стабільнасці, закладка новага фундамента для дэмакратыі і вяршэнства закона, падтрымка тых, хто прасоўвае рэформы. ЕС павінен быць гатовым да разнастайных сцэнароў развіцця падзеяў, уключна з новым вітком гвалту. ЕС мусіць падрыхтавацца, каб ня быць аглавушаным, як гэта адбылося на мінулым тыдні. Калі ЕС будзе разглядаць падзеі ва Украіне толькі праз лінзу геапалітыкі альбо як чарговы раунд гульні ў хто каго з Расеяй, ён зразумее Украіну няправільна – у чарговы раз.
Балаш Ярабік – асацыяваны даследчык у аналітычным цэнтры FRIDE, Яна Кабзова – асацыяваны даследчык у Еўрапейскім Савеце па Замежных Справах. Абодва даксама працуюць даследчыкамі ў Цэнтральнаеўрапейскім Палітычным Інстытуце.