Часткова з гэтага і нараджаецца выбар палітычных сродкаў. Паколькі беларусы (паводле гэтай логікі) — рабы, іх трэба змушаць да барацьбы. Напрыклад, каб яны ад уведзеных эканамічных санкцый збяднелі і пайшлі пратэставаць.
З іншага боку, ёсць кола рамантызатараў народа, як Віктар Бабарыка з Марыяй Калеснікавай, для якіх беларусы неверагодныя, ці Зянон Пазняк, які піша, што “свой народ трэба любіць, як Бога, нават калі ён маўчыць”. У гэтых канцэпцыях беларускае грамадства ніколі не будзе вінаватым ні ў чым. Вялікі народ — і кропка.
З пункту гледжання даследчыка беларускай палітыкі абедзве канцэпцыі падаюцца не зусім слушнымі. Але нягледзячы на гэта, можна сцвердзіць, што рамантыкі дэманструюць большае разуменне беларускага грамадства.
Дзве беларускія Карэі
Калі мы кажам пра грамадствы, мы, вядома, спрашчаем. І наўрад ці існуюць нейкія рысы народаў, дадзеныя раз і назаўжды. Хутчэй, грамадствы кшталтуюцца пад уплывам абставінаў, у якіх яны аказаліся. Напрыклад, паўночныя і паўднёвыя карэйцы — гэта адзін і той жа народ, чый лёс склаўся зусім па-рознаму пад уплывам абставінаў.
І, пэўна, галоўнае дасягненне беларусаў у тым, што, знаходзячыся ў адносна “паўночнакарэйскіх” умовах, яны развіваюцца і ментальна хіба бліжэйшыя да “паўднёвакарэйскасці”.
Насуперак прапагандзе з яе абсягам і рэсурсамі, большасць беларусаў не падтрымлівае ваенных дзеянняў Расіі. У Беларусі ўсюды руская культура, на Расію скіраваная беларуская эканоміка, нават ІТ-сфера ўжо афарбоўваецца ў колеры расійскага сцяга. На заходняй мяжы ўжо стаіць сцяна — у прамым і пераносным сэнсах. Нягледзячы на гэта, захаплення дзеяннямі Расіі няма.
Таксама выразна відаць прагрэс у сацыяльна-эканамічным сталенні беларускага грамадства. У 2009 годзе група беларускіх інтэлектуалаў праводзіла даследаванне “сацыяльнага кантракту” ў нашай краіне, што паказала распаўсюджанасць эканамічнага патэрналізму ў грамадстве. У 2024 годзе я з калегамі паўторна правёў такое даследаванне.
За пятнаццаць гадоў зменшыўся запыт на льготы, сацыяльныя выплаты; людзі сталі нашмат радзей згаджацца на меншыя заробкі ўзамен за гарантыі працаўладкавання. Цяпер беларусы больш хочуць, каб не ўлады давалі ім дабрабыт, а забяспечвалі тыя ўмовы, у якіх грамадзяне самі могуць гарантаваць пажаданы для сябе ўзровень жыцця. Беларусам патрэбныя законнасць, умовы для заробку і прадпрымальніцтва, выкананне абавязкаў працадаўцамі. Любоў да аўтарытарызму таксама развенчваецца.
Крытыкі могуць аспрэчыць гэты прагрэс. Урэшце, людзі, якія падтрымліваюць вайну, аўтарытарызм, эканамічны патэрналізм і гэтак далей, усцяж складаюць няхай і меншасць, але даволі значную. Варта прызнаць, што прапаганда ў любым разе на кагосьці можа ўздзейнічаць, а пабудаваная Лукашэнкам сістэма мае выразных бенефіцыяраў, якія падтрымліваюць сістэму, бо бачаць у гэтым свой інтарэс.
Ды і ў любым грамадстве бываюць людзі крайніх поглядаў. У Францыі ёсць прыхільнікі Марын Лё Пэн, але гэта не сведчыць пра тое, што ўсе французы хочуць за яе галасаваць. Мы — звычайная еўрапейская нацыя з тымі ж хібамі, якія ёсць у іншых еўрапейскіх народаў.
Іншыя людзі могуць сказаць, што беларусы “не зрынулі дыктатара”, і гэтак далей. Але нязрынутасць Лукашэнкі — гэта перадусім вынік адсутнасці палітычнага рашэння наконт таго, як развальваць рэжым, як эскалаваць ці дээскалаваць барацьбу. Самі ж пратэсты 2020 года былі большыя за многія іншыя аналагічныя рэвалюцыі, якія, у адрозненне ад беларускай, скончыліся зменай палітычнай сістэмы.
Сцвярджальная практыка
У філосафа Валянціна Акудовіча ёсць тэзіс пра тое, што цягам нашай гісторыі катастрофы, якія абрыналіся на Беларусь, былі магутнейшыя, чым беларусы. Таму адзін з урокаў у тым, што звычайны чалавек не мог перамагчы выклікі, якія перад ім стаялі. Бо як беларусы маглі перамагчы сусветныя войны, сталінскія рэпрэсіі ці Чарнобыльскую катастрофу? Адпаведна, задача звычайнага чалавека зводзілася да таго, каб проста выжыць.
Наколькі б складанымі ні былі сённяшнія часы, яны непараўнальныя з нашай гісторыяй. Беларусы захаваліся, развіваюцца і патрабуюць таго, што на Захадзе называецца сцвярджальнай практыкай. Гэта значыць, што трэба ствараць спрыяльныя ўмовы для груп, якія раней у грамадстве дыскрымінаваліся, каб яны мелі магчымасць станавіцца раўнапраўнай часткай грамадства. Самы просты прыклад — жанчыны, якія здабылі права галасаваць менш чым 150 гадоў таму.
Бабарыка з Калеснікавай ці Пазняк, спяваючы песню вялікаму беларускаму народу, гэтай сцвярджальнай практыкай і займаюцца. Калі зыходзіць з таго, што беларусам выпаў цяжкі лёс, то, падаецца, не варта чытаць лекцыі пра тое, што з імі нешта не так, а наадварот, трэба казаць пра тое, наколькі яны моцныя. Гэта ў нейкай ступені, відаць, і дапамагло рамантызатарам стаць паспяховымі апазіцыйнымі палітыкамі (у параўнанні з іншымі). Адно з даследаванняў 2020 года, дарэчы, акурат і прысвечанае таму, наколькі вера ўзмацняе пратэсны патэнцыял.
Але ўсё ж рамантызацыя народа таксама звязаная з пэўнай памылковасцю ва ўспрыняцці грамадства. У бязмежнай сімпатыі менш магчымасцяў зразумець асаблівасці грамадства, якія дазволілі, напрыклад, Лукашэнку аднавіць частку даверу, нягледзячы на яго абсалютную жорсткасць да палітычных апанентаў.
Але калі абіраць паміж крайнасцямі — гнабіць ці бязмежна захапляцца народам, то другі варыянт усё ж лепшы, бо прынамсі не ўзмацняе “вывучанай бездапаможнасці” беларусаў.
Крыніца: Zerkalo.io