Ці можна адмовіцца ад сустрэчы з Прэзідэнтам ЗША? Варта запытацца ў Пэтэра Шпулера. У канцы 2014-ага Белы Дом запрасіў СЕО Stadler Rail на сустрэчу з Баракам Абамам у пачатку студзеня. Швейцарскі бізнесоўца адмовіўся, спаслаўшыся на шчыльны графік.
Дзіўнага ў гэтым не шмат. Размова хутчэй за ўсё была б звязаная з актыўнаю супрацаю швейцарца з аўтарытарнымі краінамі, асабліва Расеяй. А ціску швейцарскі бізнес ніколі не любіў.
Тым часам толькі за 2014 год з Лукашэнкам Шпулер сустрэўся тры разы. Прычына простая: для кіраўніка Беларусі Пэтэр Шпулер — самы любімы замежны інвестар апошніх гадоў. Ён ставіцца ў прыклад добрасумленнага бізнесоўцы, з ім звязаныя надзеі на прыцягненне новых заходніх інвестараў у Беларусь. Гэты год пачаўся не менш аптымістычна.
Нечаканыя перспектывы Беларусі
Маланкавы рост швейцарскага франка на пачатку 2015 ашаламіў усіх. Жыхары краінаў Усходняй Еўропы, той жа Польшчы і Харватыі, часта бралі крэдыты прывязаныя менавіта да гэтай валюты. Цяпер яны не ведаюць як іх аддаваць. Непрыемнасці і ў расейскіх дзяржаўных карпарацыяў — іх доўг павялічыўся на $ 500 млн. Рост быў выкліканы нечаканым рашэннем Цэнтральнага банку Швейцарыі адвязаць франк ад еўра, у выніку чаго нацыянальная валюта падаражэла амаль на 20 %.
Пакуль швейцарскія бізнесоўцы-экспарцёры адыходзілі ад удару, Пэтэр Шпулер падрыхтаваў запасны варыянт: “Адзіная рэч, якую мы можам цяпер зрабіць ‑ гэта перанесці нашую вытворчасць за мяжу. У іншым выпадку ў нас не будзе шанцаў, мы не атрымаем замоваў”.
Новаму заводу “Штадлер-Менск”, які і так загружаны працаю, такі расклад толькі на карысць. З моманту адкрыцця прадпрыемства занятае вялікаю (амаль $ 800 млн) замоваю для “Аэраэкспрэсу” ‑ расейскага пасажыраперавозніка ў аэрапорты. Акрамя 25 двухпавярховых электрычак для расейцаў, у канцы 2014-га фаніпальскаму заводу дадалася замова і на 9 цягнікоў апошняй мадэлі “Flirt Intercity” для Швецыі. Не дзіва, што Лукашэнка вельмі ганарыцца гэтым праектам і паўсюль ставіць у прыклад Пэтэра Шпулера.
Аднак у Беларусі Шпулер не проста адкрыў вытворчасць, але і падмяў пад сябе рынак. Партнёрства з “Белкамунмашам” разглядалася ў пачатку як роўнае. На справе, у Stadler Rail сышла большасць кваліфікаваных кадраў. У дадатак, новы завод забраў галоўныя сферы БКМ ‑ вытворчасць тралейбусаў і трамваяў. Такім чынам Шпулер стаў самым буйным вытворцам тралейбусаў у свеце, а для беларускага прадпрыемства паабяцаў знайсці швейцарскага інвестара ў сферы камунальнай тэхнікі.
Хутка быў знойдзены кантакт і з менскім метро ‑ штадлераўскія цягнікі паедуць ужо ў 2016-м. Пра “Беларускую чыгунку” казаць увогуле не выпадае: новыя электрацягнікі пастаўляюцца штогод. Ведаючы здольнасці ўладаў да лабіявання, у будучыні электрацягнікоў будзе яшчэ больш.
Барацьба за рынкі
Такой агрэсіўнай палітыкі Шпулер прытрымліваецца і на іншых рынках. Як вынік, зварот Stadler Rail за апошнія пару гадоў павялічыўся ў некалькі разоў да $ 3 млрд, а кампанія з нішавага гульца на рынку чыгуначнага транспарту ператварылася ў аднаго з самых дынамічных вытворцаў.
Адною з крыніцаў росту кампаніі стаў поспех на рынках былога Савецкага Саюзу. Шпулер, уласны капітал якога ацэньваюць на $ 2,5 млрд, даўно хацеў выйсці на рынак Расеі. Спробы стварыць сумесную вытворчасць з Трансмашхолдынг у 2011-м нічым не скончыліся. Тады, заручыўшыся падтрымкаю Лукашэнкі, ён вырашыў стварыць завод у Беларусі і перамог у тэндары для “Аэраэкспрэсу”.
Паказальная сітуацыя канца 2014-га. З эканамічным крызісам у РФ, расейская чыгунка адразу пачала здымаць з маршрутаў ужо купленыя ў Нямеччыне цягнікі Siemens Desiro “Ластаўка”. У бюджэце карпарацыі не было грошай на іх абслугоўванне. Планы далейшых закупак і вытворчасці ў Расеі адразу замарозілі. Пайшлі чуткі, што кантракт са Stadler таксама будзе перагледжаны. Аднак праз тыдзень у сумеснай заяве партнёры запэўнілі, што не збіраюцца адмаўляцца ад сваіх планаў.
Шпулер не толькі захаваў існыя кантракты, але і збіраецца ў наступ. Ён падпісаў з кіраўніком маскоўскага аператара грамадскага транспарту папярэднюю дамову на пастаўку 900 беларускіх трамваяў “Мяцеліца” на амаль $ 1 млрд. Тэндар яшчэ не пачаўся, а пробныя экзэмпляры ўжо адпраўляюць на праверку ў Расею.
Не цураецца аўтарытарных лідараў
Апроч Лукашэнкі і Расеі, Пэтэр Шпулер знайшоў падыход і да Ільхама Аліева. Схема падобная на беларускую: туды спачатку паставяць некалькі партыяў камфартабельных вагонаў для цягнікоў, а потым абмяркуюць магчымасць будаўніцтва зборачных цэхаў. Цяпер ужо ідуць размовы пра цягнікі для Бакінскага метрапалітэну.
За такія стасункі з аўтарытарнымі рэжымамі Пэтэру Шпулеру дастаецца і ад роднай прэсы. Аднак ён адказвае проста: “Я не вырабляю цягнікі для дыктатараў, я вырабляю цягнікі для народу. Я не магу дазволіць, каб мае палітычныя погляды заміналі бізнесу, які я ўзначальваю”.
Нягледзячы на спрэчных партнёраў, швейцарцы Шпулера любяць і тры разы называлі яго бізнесоўцам году (2008, 2011, 2014). Відавочна, ён увасабленне нейтральнага швейцарскага падыходу да справаў. Для Беларусі такі інвестар таксама толькі на карысць ‑ улады атрымалі сучасную вытворчасць, а беларусы ‑ грамадскі транспарт еўрапейскага ўзроўню.