2017-ы стаў самым цяжкім годам для размеркавання.
Па-першае, адбыўся “падвоены” выпуск спецыялістаў. З 2013-га года ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі перайшлі на праграмы з чатырохгадовым тэрмінам навучання. Але ў 2012-ым абітурыенты паступалі на пяцігадовыя праграмы навучання. Адпаведна, у 2017-ым на рынак працы патрапіла ўдвая больш маладых спецыялістаў, чым звычайна.
Па-другое, заявак на размеркаванне было вельмі мала. Паводле Справаздачы аб сітуацыі з размеркаваннем выпускнікоў у 2016 годзе, траціна выпускнікоў казала пра поўную адсутнасць заявак на размеркаванне, дзве траціны самі прынеслі заяўку на размеркаванне.
(Гэта не датычыць спецыяльнасцяў медыцынскага, педагагічнага і сельскагаспадарчага профіляў. На гэтых выпускнікоў захоўваецца вялікі попыт з боку розных дзяржаўных устаноў).
А ў гэтым годзе 11 % студэнтаў пагражалі адлічэннем у выпадку адсутнасці заяўкі на размеркаванне. Былі выпадкі, калі выпускнікам не прызнавалі праходжання пераддыпломнай практыкі, не дапускалі да абароны дыпломнай працы з-за таго, што яны не прынеслі заяўкі.
Установы адукацыі сталі яшчэ больш ціснуць на выпускнікоў, бо на ўніверсітэты ў сваю чаргу сталі больш ціснуць “зверху”.
Як размеркаванне дзеліць дзяржаву
Напрыканцы 2016-га Савет Міністраў прыняў пастанову, якая зменшыла суму грашовага звароту дзяржаве ў выпадку адмовы выпускніка працаваць па размеркаванні. З сумы кампенсацыі за навучанне выключылі бюджэтныя выдаткі на сацыяльную падтрымку (стыпендыі і выдаткі на ўтрыманне інтэрнатаў). Адпаведна, адмова працаваць па размеркаванні патаннела прыблізна на 20-25 %.
Гэтак урад імкнецца заахвоціць выпускнікоў добраахвотна вяртаць грошы без адпрацоўкі размеркавання.
Але кіраўнік краіны мае іншы падыход. У лютым 2017-га Аляксандр Лукашэнка папрасіў дакладваць яму пра факты, калі першае працоўнае месца выпускніку не было прадстаўлена. А ў штогадовым пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ён зазначыў неабходнасць “жалезна” прадставіць выпускнікам першае працоўнае месца. Пры неабходнасці – прымусіць наймальнікаў браць іх на працу.
Таму Савет Міністраў усё ж хоча “100 %” размеркавання. Адпаведнае даручэнне ўрад скіраваў усім універсітэтам. Як вынік, некаторыя ўстановы адукацыі запатрабавалі ў выпускнікоў, якім раней былі выдадзеныя даведкі аб самастойным працаўладкаванні (“свабодныя дыпломы”), вярнуць іх назад і прынесці заяўку на размеркаванне.
Дзяржаўныя органы па-рознаму рэагуюць на парушэнні правоў выпускнікоў пры размеркаванні. Палата прадстаўнікоў разумее заклапочанасць шматлікімі парушэннямі правоў выпускнікоў і выпадкамі ціску на іх пры размеркаванні. Міністэрства адукацыі заняло адваротную пазіцыю.
Гэта нячастая ў Беларусі сітуацыя, калі ў дзвюх дзяржаўных структур існуюць процілеглыя рэакцыі на адну і тую ж інфармацыю.
Па-рознаму сустракаюць маладых спецыялістаў на месцах. Напрыклад, у Верхнядзвінскім раёне аказаліся не надта ўзрадаваныя маладым настаўнікам. У лісце аб адмове ў працаўладкаванні адзначаецца, што ў раёне сёлета закрылі дзве школы, без працы засталіся 25 настаўнікаў. На размеркаванне ў раён прыслалі 29 маладых спецыялістаў.
Былі выпадкі, калі дзяржаўныя арганізацыі прымушалі дасылаць заяўкі на спецыялістаў, патрэбы ў якіх там не было. Мэта – стварыць штучны попыт на выпускнікоў. У жніўні гэтыя маладыя спецыялісты павінны былі прыступаць да працы, якой не было.
Па афіцыйнай жа версіі размеркаванне прайшло добра. Былі размеркаваныя 98,9 % выпускнікоў ВНУ і 99,5 % выпускнікоў з сярэдне-спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Гэта статыстыка не з’яўляецца сведчаннем эфектыўнасці інстытута размеркавання.
Яна паказвае толькі агульны вынік. Калі б нам прадставілі рэальныя лічбы колькасці выпускнікоў, якія самі знайшлі сабе працу, то статыстыка б выглядала менш эфектнай.
Аказалася б, што размеркаванне не мае сэнсу.
Выгады і страты размеркавання
Размеркаванне ўсё яшчэ існуе, бо яно адпавядае патрэбам трох асноўных групаў:
- ураду, які з дапамогай размеркавання вырашае кадравыя праблемы ў рэгіёнах і падтрымлівае стратныя вытворчасці.
- установам адукацыі, якія могуць хаваць тое, што рыхтуюць некваліфікаваных спецыялістаў, бо ўсе бюджэтнікі будуць працаўладкаваныя. А раз працаўладкаваныя, значыць – добрыя спецыялісты. А ці падабаецца выпускніку месца працы, пасада, заробак – пытанні другасныя. Захоўваць размеркаванне прасцей, чым даваць выпускнікам сучасныя веды і навыкі, каб тыя самі маглі знайсці добрую працу.
- некаторым выпускнікам наяўнасць размеркавання дазваляе не хвалявацца за сваю будучыню. Навошта шукаць працу, калі яе дасць дзяржава?
Як відаць, усе прычыны для размеркавання проста замазваюць праблемы, а не вырашаюць іх.
Бо падтрымка стратных прадпрыемстваў праз накіраванне туды на 2 гады маладых спецыялістаў – малаэфектыўная мера. Кадравы дэфіцыт адным толькі размеркаваннем не вырашаецца. Болей за тое, размеркаванне можа паслужыць дэградацыі тых маладых выпускнікоў, якія трапляюць на неэфектыўныя прадпрыемствы.
Адмена размеркавання будзе матывацыяй для студэнтаў, каб здабываць сучасныя веды, каб быць больш канкурэнтаздольным на рынку працы.
Адмена таксама зменшыць нагрузку на адміністрацыйны персанал устаноў адукацыі, а таксама колькасць дакументаў. Вызвалены час кіраўніцтва зможа прысвяціць паляпшэнню якасці адукацыі. Урэшце адмова ад размеркавання запісаная ў Дарожнай карце рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі. Гэта мусіла стацца для большасці выпускнікоў яшчэ да канца 2016 года. Але лепш пазней, чым зусім ніколі.