Тыдзень таму былы польскі суддзя Томаш Шміт анансаваў сваё новае месца працы: БелТА. Ён, як і некаторыя іншыя палякі, вырашыў працаваць на беларускія дзяржаўныя медыі. Агулам цягам апошніх некалькіх гадоў у беларускім сектары YouTube накапіўся стос прапаганды па-польску. Узнікае пытанне: ці прыўносяць збеглыя ў Беларусь палякі новыя сэнсы ў афіцыйную прапаганду? Каму і якія сігналы яны дасылаюць?
Матывацыя і месца працы
Кіраўніца дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА Ірына Акуловіч верыць, што “праца па публікацыі навінаў на польскай мове, як і ўведзены беларусамі бязвізавы рэжым для палякаў, дапаможа ім больш і лепш пазнаёміцца з нашай краінай і даведацца пра ініцыятывы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі”. Дзеля дасягнення гэтай мэты дзяржаўныя медыі выкарыстоўваюць тры асноўныя фарматы. Гэта польская агучка навінаў з дзяржаўных каналаў, радыёперадачы ў фармаце дыскусіі паміж палітычнымі экспертамі, а таксама ўласны кантэнт “звычайных” польскіх эмігрантаў у Беларусі.
Асноўныя пляцоўкі, дзе гучаць галасы па-польску – гэта Międzynarodowe Radio Białoruś [Міжнароднае радыё “Беларусь”], прарэжымная “недзяржаўная” арганізацыя “Системная Правозащита”, а таксама польская версія БелТА. Першыя выпускаюць штодзённы падкаст Myśli o Polsce [“Думкі пра Польшчу”]. Вядоўцы праграмы – польскі “эксперт” Павел Яньскі і “палітолаг” Даніэль Мікусэк (польскія фактчэкінгавыя рэсурсы высветлілі, што ніводзін з вядоўцаў не мае вышэйшай паліталагічнай адукацыі). Сталымі ўдзельнікамі ток-шоу з’яўляюцца былы ахоўнік і настаўнік польскай мовы Аркадзь Гартунг, а таксама беларускія палітолагі Пётр Пятроўскі і Аляксей Дзермант. Што цікава, ва ўсіх трох спікераў час ад часу ўзнікаюць праблемы з разуменнем польскай мовы.
Паляк пра паляка
Фактычна ўдзельнікі “Думак пра Польшчу” рэтранслююць наратывы афіцыйнай прапаганды, маўляў, Польшча – гэта калонія Вашынгтона. У адрозненне ад стабільнай Беларусі, у Польшчы пануе каштоўнасны крызіс, выхадам з якога можа быць толькі разварот на Усход. Польшча штучна робіць з Беларусі ворага, але звычайныя палякі не вядуцца на спробы запалохаць. Ад нядаўна падкаст палітолагаў таксама пачалі разбаўляць выступамі ксяндза Віталія Дабраловіча.
Калі палітычныя эксперты збіраюць па 2,5-5 тыс. праглядаў, то казанні святара набіраюць не больш за 200-300. Відэа часткова выглядаюць як спроба паказаць польскаму боку, што ў Беларусі няма палітычна матываванага пераследу палякаў ці каталіцкіх святароў.
Тэлемост Мінск-Варшава
Дзвярыма ў Беларусь для палякаў маюць стаць відэаматэрыялы “Системной Правозащиты” і Міжнароднага радыё “Беларусь” , з якіх можна даведацца больш пра жыццё ў Беларусі. У іх расказваюць пра бязвізавы рэжым з Беларуссю, закуп жытла і нават спосабы атрымаць дапамогу для тых, каго “пераследуе рэжым”. У каментарах пад адным з відэа палякі цікавяцца, як можна перанесці польскую пенсію і сацыяльнае страхаванне ў Беларусь, а таксама ці існуе банк з філіяламі ў Беларусі і Польшчы адначасова. Відэа з аглядам жыцця ў Беларусі набіраюць 100-200 каментароў, а пад некаторымі ролікамі іх колькасць даходзіць і да 600.
Складана высветліць, ці ўсе з іх сапраўдныя, а не напісаныя ботамі. Аднак сярод сотні каментароў пад відэа “Як палякі могуць пераехаць у Беларусь” знайшоўся сапраўдны скарб: карыстальнік папрасіў зрабіць “цэлую серыю курсу беларускай мовы, ад базавага да сярэдняга ўзроўню”. Гэты допіс можа сведчыць аб тым, што прынамсі частка водгукаў напісана рэальнымі карыстальнікамі.
Некаторыя з палякаў амаль не ўдзельнічаюць у дзяржаўных перадачах, а ствараюць уласны кантэнт. Сярод іх Павел Яньскі, які пры падтрымцы дзяржаўнага Міжнароднага радыё “Беларусь” стварыў уласны канал Polacy na Białorusi [“Палякі ў Беларусі”]. На канал падпісаныя 1,5 тысячы карыстальнікаў. У ім аўтар паказвае беларускае жыццё “без акуляраў польскай прапаганды”: у Беларусі багаты асартымент тавараў у крамах, чыстыя вуліцы і нават ёсць 3D-білборд у цэнтры Мінска. Такія ролікі найбольш папулярныя сярод палякаў і маюць ад 1,8 да 6,6 тыс. праглядаў.
Былы суддзя Томаш Шміт фактычна працягнуў працу Яньскага: ён ездзіць па музеях Вялікай Айчыннай вайны, хваліць беларусаў за здольнасць захаваць сваю нацыянальную адметнасць і апелюе за вяртанне дыялогу Польшчы з Беларуссю.
Ці пачуе Польшча гэткія заклікі? Наўрад ці відэаролікі з пахвалой у бок Беларусі зменяць стаўленне палякаў да Беларусі, бо колькасць іх праглядаў выглядае зусім нязначнай.
Так, цалкам імаверна, што імі цікавяцца і каментуюць рэальныя людзі, але ж у кожнай краіне ёсць такія вось прыхільнікі дыктатуры і тэорыяў змовы.
Увогуле дазвол ствараць кантэнт па-польску на беларускіх дзяржаўных пляцоўках трапляе ў дысананс з сітуацыяй польскай меншасці ў Беларусі. Афіцыйныя ўлады забараняюць ім мець карту паляка, вучыцца па-польску і глядзець польскія медыі. “Думкі пра Польшчу” не могуць прывесці ні да якога канструктыўнага дыялогу, пакуль польскія дзеячы ў Беларусі штучна малююць з Польшчы ворага для сваіх землякоў.