падтрымаць нас

Артыкулы

Яўген Макарчук: Калі не будзе расейскіх нафты і газу, мы здолеем абысціся

Яўген Макарчук: Калі не будзе расейскіх нафты і газу, мы здолеем абысціся

“Пульс Леніна-19” прэзентуе інтэрв'ю з экспертам па энергетыцы і клімаце міжнароднай ініцыятывы iSANS Яўгенам Макарчуком аб стане і ўразлівасцях беларускай энергасістэмы.

Сярод галоўных тэм, закранутых у вялікай размове, – сітуацыя вакол АЭС і варыянты яе вырашэння, беларускія перспектывы аднаўляльнай энергетыкі, шляхі да выхаду з-пад энергетычнай залежнасці ад Расеі.

Грошы на вецер

Што адбываецца з энергасістэмай Беларусі: яе стан, галоўныя ўразлівыя месцы?

– Энергасістэма адлюстроўвае стан краіны. Гэты стан можна называць застоем, можна стабільнасцю. Калі глядзець на электраэнергетыку, то там усё, што адбываецца, звязана па сутнасці так ці інакш з АЭС. Адзін блок АЭС запусцілі, другі ніяк не могуць, але абяцаюць. Будаўніцтва новых магутнасцяў і сетак звязана з убудаваннем АЭС у энергасістэму.

У цеплаэнергетыцы мала што адбываецца. Асноўнай падзеяй мусіў стаць пераход на біямасу, выкарыстанне дроў, але праекты спыненыя ў сувязі з тым, што з Беларусі сышлі Сусветны банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР).

Вакол нафтахіміі ўсё ахутана туманам, абодва нафтаперапрацоўчыя заводы, здаецца, працуюць. Узровень загрузкі невядомы, але нічога прагрэсіўнага, наагул развіцця, там не адбываецца.

Асноўнае слабое месца беларускай энергетыкі – гэта цесная сувязь з энергасістэмай Расеі. Па нафце – 100% залежнасць ад Расеі, па газе – таксама, а гэта 84% усёй энергіі, якая патрэбна Беларусі. Больш за тое, цяпер ужо і экспарт нафтапрадуктаў залежыць ад Расеі, бо самі мы не можам экспартаваць з-за санкцый. Гэта дадаткова прывязвае да расейскіх партоў і чыгункі.

Слабым месцам увогуле з’яўляецца залежнасць ад выкапнёвага паліва. У свеце пануе тэндэнцыя да пераходу да ўзнаўляльных крыніц, у Беларусі гэты працэс спынены.

– Можа, Беларусь чакае, пакуль аднаўляльная энергетыка стане больш таннай?

– Яна танная. І разлікі, і факты сведчаць, што электраэнергія з узнаўляльных крыніц таннейшая, чым з выкапнёвых, з газу, напрыклад. Мы ўсё параўноўваем з газам, бо гэта асноўнае паліва для вытворчасці электраэнергіі. Атамная энергія мае падобны кошт, а можа, нават трохі даражэйшая за газ. Узнаўляльныя крыніцы каштуюць менш за газ.

– Якія ўзнаўляльныя крыніцы больш пасуюць для Беларусі?

– Вецер і сонца. У нас не горшыя прыродныя ўмовы, чым у Польшчы, Германіі ці Даніі.

– Добра, а калі казаць пра патэнцыял ці пра долю, якую б магла заняць аднаўляльная энергетыка ў энергабалансе?

– Гэта не рэлевантнае пытанне. Паводле звестак сумеснага даследавання прадпраемстваў “Ветрамаш”, “Белэнергасецьпраект” і Дзяржкамітэта па гідраметэаралогіі, на тэрыторыі Беларусі было знойдзена 1840 пляцовак для ветракоў, патэнцыял якіх ацэньваўся ў 200 млрд кВт·г (у 5 разоў больш, чым усё наша спажыванне электраэнергіі). І там разглядаліся ўстаноўкі да 1 МВт. Сёння ўсталёўваюцца ветракі магутнасцю 5-8 МВт. Гэта па-першае, а па-другое – вышыня ветракоў. Гэта ўжо не 60 м, як было раней, а 130-150 м. На гэтай вышыні вецер значна мацнейшы. Таму калі мы разважаем пра патэнцыял, то ён вызначаецца тэхналогіямі, якія стала развіваюцца.

Канфліктны атам

– Калі прыгледзецца да АЭС, то можна ўпэўніцца: станцыя каштуе вялікіх грошай. Ці развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі не больш мэтазгоднае?

– Да пытання можна падысці з двух пунктаў гледжання. Сёння зразумела, што рашэнне пра будаўніцтва АЭС было памылковым. Але рашэнне па АЭС прымалася недзе ў 2007-ым ці 2008-ым годзе. На той момант былі прапановы з боку Інстытута энергетычных і ядравых даследаванняў “Сосны” Нацыянальнай акадэміі навук разгледзець варыянт будаўніцтва 4-6 блокаў з меншай магутнасцю – па 440 МВт. Але мы маем цяпер 2 блокі па 1200 МВт.

Выглядае, што ў выніку выйшла тое самае, але блокі з меншай магутнасцю былі б больш зручныя для энергетычнай сістэмы, нават у такіх выпадках, калі ёсць неабходнасць адключэння для тэхнічнага абслугоўвання, рамонту ці аварыйнага спынення працы. У нас цяпер ёсць перыяды перавытворчасці электраэнергіі – у такой сітуацыі можна было б адзін блок спыніць. Акрамя таго, можна было б пабудаваць 4 блокі, а потым, зыходзячы з ўзроўню спажывання энергіі, можна было б прымаць пастанову пра будаўніцтва новых.

Але да гэтых прапановаў не прыслухаліся. Больш за тое, у рашэнні Савета бяспекі датычна АЭС зрабілі запіс пра будаўніцтва двух блокаў рэактараў тыпу ВВЭР магутнасцю 1000 МВт. У выніку расейцы навязалі станцыю, якая парушае гэтае рашэнне, бо пабудавалі АЭС з двума рэактарамі магутнасцю 1200 МВт. І гэта яшчэ больш пагоршыла сітуацыю, бо гэткая магутнасць яшчэ менш пасуе да нашай энергасістэмы.

З сённяшняга пункту гледжання было б лепш замест АЭС будаваць сонечныя і ветраныя станцыі. Гэта быў бы больш павольны, больш надзейны паступовы рух.

Але трэба разумець, што на момант прыняцця рашэння былі надзеі і меліся падставы разлічваць на эканамічны рост і адпаведна на рост спажывання электраэнергіі. Згодна з тагачаснымі прагнозамі, электраспажыванне мела дасягнуць у 2020-ым годзе блізу 47 млрд кВт·г, а па факце няма нават 40 млрд.

На момант прыняцця рашэння па АЭС кошты на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі былі вельмі вялікія. У выніку самыя аптымістычныя сцэнары развіцця ўзнаўляльнай энергетыкі былі перавыкананыя. У 2010-ым годзе не было падстаў прагназаваць, што энергія з узнаўляльных крыніц будзе таннейшая, чым з газу.

Калі мы робім няправільны прагноз электраспажывання, і потым ветраная электрастанцыя не ўпісваецца, бо няма попыту на яе электраэнергію, то яна будзе вырабляць менш электраэнергіі. Гэта пагоршыць яе эканоміку. У выпадку АЭС рызыкі шматкроць узрастаюць, бо выключыць станцыю немагчыма. Да гэтага прывязаныя яшчэ ядравая бяспека, радыяцыйная бяспека, а магутнасці – агромністыя.

Пры такіх прагнозах на спажыванне электраэнергіі і коштах на ўзнаўляльныя крыніцы на той момант АЭС выглядала адным з найлепшых варыянтаў скарачэння залежнасці Беларусі ад газу. Але абодва прагнозы не спраўдзіліся. Я памятаю тагачасныя размовы пра тое, што атамная станцыя павінна каштаваць не болей за $ 1 300 за 1 кВт·г, а па факце яна каштуе больш за $ 4 тыс.

– Калі разважаць наконт тэхналогіі, то наколькі яна сучасная? Бо Расея – не адзіная краіна ў свеце, якая прапануе ядравыя тэхналогіі, але перад будаўніцтвам АЭС у Беларусі конкурс не праводзіўся, каб абраць найлепшую прапанову.

– Адносна сучаснасці да самога праекта пытанняў няма. Тое, што не было конкурсу на АЭС, – гэта кепска. Пра гэта нават казалі самі расейцы. Калі б быў конкурс, то для ўдзелу ў ім былі б атрыманыя поўныя дадзеныя па планаванай станцыі. Паколькі конкурсу не было, то не было і звестак. Прынцыпова магу выказаць думку, што ў тых умовах наўрад ці нехта з іншых краін мог зрабіць канкурэнтную прапанову (такога кшталту рэактары па падобным кошце) ды яшчэ даць фінансаванне. Тэндар мог падзацягнуць час, каштаваць дадатковыя грошы. І я не думаю, што па яго выніках штосьці змянілася б, але яго трэба было правесці.

– У колькі можа абысціся ўтылізацыя АЭС? Ёсць меркаванні, што кошт дэмантажу АЭС прыкладна будзе адпавядаць кошту будаўніцтва.

– Не магу сказаць. Кошт вельмі адрозніваецца ад станцыі да станцыі ў залежнасці ад тыпу рэактара. Напрыклад, з Ігналінскай АЭС параўноўваць немагчыма – рэактар РБМК, вялікая актыўная зона, вялікая колькасць забруджаных матэрыялаў.

Акрамя таго, ёсць розніца – поўнасцю разабраць станцыю ці пакінуць будынкі, зрабіўшы кансервацыю рэактарнага блока, пазбавіўшыся ад абсталявання.

– Добра, станцыя існуе, яе будаўніцтва каштавала вялікіх грошай. Як зрабіць так, каб гэтыя інвестыцыі не былі дарэмныя ў актуальных умовах, – калі краіны-суседзі байкатуюць гэтую АЭС?

– На першы погляд, патавая сітуацыя, але калі заглыбіцца, то выхадаў, як мне падаецца, даволі шмат. Трэба зрабіць незалежны аўдыт будаўніцтва і абсталявання беларускай АЭС з дапамогай аўдытараў, якім будуць давяраць Літва, Польшча, агулам Еўразвяз і Расея. Па выніках аўдыту магчымыя два варыянты: альбо АЭС якасна зробленая і можа бяспечна выкарыстоўвацца, і гэта будзе для Літвы нагодай зняць палітычны байкот; альбо высветліцца, што АЭС зробленая няякасна і небяспечна, і гэта ўжо нагода звяртацца ў суд, каб не вяртаць Расеі крэдыт за станцыю. У такім варыянце закрыццё АЭС перастае быць такой значнай праблемай для Беларусі.

– Наконт аўдыту і пазіцыі Літвы: да 2020-га года эксперты МАГАТЭ наведвалі будаўніцтва і ў іх не было скаргаў на беларускую АЭС. Былі і іншыя місіі. Літве прапаноўвалі розныя варыянты супрацы, у тым ліку сумесны радыяцыйны маніторынг і гэтак далей, але ўсё гэта было адхілена Вільняй. Літва, калі меркаваць па ўсім, наўпрост супраць гэтага праекта.

– Тут пытанне ў падыходах. Трэба сапраўды высветліць, ці бяспечная АЭС, а не абараняць яе існаванне любым коштам, як гэта рабілася дагэтуль і ў чым літоўскі бок адмаўляўся ўдзельнічаць. Тут прапанова разам з літоўскім бокам разабрацца ў гэтым пытанні, каб у выпадку небяспечнасці АЭС яе зачыніць, а ў выпадку бяспечнасці – выкарыстоўваць і супрацоўнічаць. З такой пазіцыяй, мне здаецца, можна ісці на перамовы з Вільняй.

Яўген Макарчук: Калі не будзе расейскіх нафты і газу, мы здолеем абысціся

Іржавая труба

– Да тэмы нафты: нафтапрадукты былі адной з галоўных экспартных пазіцый Беларусі. Ці вядома, што цяпер адбываецца ў гэтай галіне і ў якія краіны яны экспартуюцца?

– Нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць, пра гэта пішуць. Дадзеных для аналізу вельмі мала. Куды экспартуецца нафтапрадукцыя – не зразумела. З 20 млн тон перапрацаванай нафты 6 млн тон спажываліся менавіта ў Беларусі. Астатняе ішло на экспарт. Што адбываецца цяпер – не ведаю.

– Ці наогул нафтаперапрацоўка мае будучыню? Сваёй нафты ў Беларусі амаль няма. Можа ёсць эканамічны сэнс прадаць НПЗ, напрыклад тым жа расейцам, у якіх нафта ёсць, каб гэта было іх галаўным болем?

– Гэта ўсё розныя пытанні. Наконт будучыні нафтаперапрацоўкі – яна залежыць ад таго, на які гарызонт мы глядзім. Большасць энергетычных агенцтваў кажа, што да 2030-га года можа расці спажыванне нафты, а пасля надыдзе скарачэнне, бо не будзе попыту. Гэта значыць, чакаецца падзенне спажывання нафты. У гэтым сэнсе бясконцую мадэрнізацыю НПЗ, як мне падаецца, трэбы прыпыняць. Гарызонт іх працы ўжо невялікі. Гэта першае.

Другое: прадаваць ці не прадаваць НПЗ. Я бы прадаваў НПЗ у любым выпадку. Не справа дзяржавы займацца вытворчасцю бензіну. У дзяржавы іншыя функцыі. Іншая справа – я б не прадаваў НПЗ расейцам. Для мяне ў Расеі няма мяжы, дзе прыватны бізнес, а дзе дзяржава. Там гэта ўсё размыта. Я згодны з ідэяй, што НПЗ трэба прадаваць, а не перадаваць пад кантроль іншай дзяржавы як у выпадку з Расеяй. Калі гэта будзе Shell, Total, BP ці Orlen – няма праблем, бо гэта камерцыйныя кампаніі. Калі гэта будзе “Роснефть” – не ведаю, бо незразумела, на якіх падставах яны працуюць – камерцыйных ці дзяржаўных.

– Наконт кампаній з заходніх краін усё зразумела, а калі гэта будзе Socar з Азербайджана, з краіны, якая не асабліва апярэдзіла Беларусь на шляху да дэмакратыі?

– Тут сэнс у тым, што наўрад ці ў Азербайджана будуць у дачыненні беларускіх НПЗ іншыя мэты, акрамя атрымання даходу. Наўрад ці Баку запатрабуе ўвесці азербайджанскую мову ў якасці дзяржаўнай у Беларусі.

Трэба правесці дэталёвы постваенны аналіз нафтаперапрацоўкі. У выпадку, калі мы не будзем мець нафты з Расеі, а ў мяне такі сцэнар пакуль як базавы, то нафту давядзецца пастаўляць чыгункай, а гэта даволі дорага. Мы адразу згубім эканамічная перавагі,  напрыклад, перад Гданьскім НПЗ, які атрымлівае і экспартуе нафту па моры, або перад Мажэйкяйскім НПЗ праз тое ж самае. Таму Беларусь зможа экспартаваць толькі ў тыя краіны, якія не змогуць купляць нафту танней, чым у нас. Гэта можа быць Украіна. У гэтым сэнсе чаму б не прадаць Мазырскі НПЗ Украіне, калі будуць нармальныя адносіны. Рынкам збыту для Наваполацкага НПЗ, магчыма, застанецца Беларусь і памежныя рэгіёны Расеі.

– Адкуль Беларусь магла б атрымліваць нафту, акрамя Расеі?

– Некарэктна так ставіць пытанне. Трэба знайсці варыянт пастаўкі нафты на нашыя НПЗ з найбліжэйшага порта, а лепш з некалькіх партоў у розных краінах. У порт можа зайсці танкер з любой краіны. Таму не трэба вызначацца з краінай, трэба вызначацца з партамі і шляхамі пастаўкі.

У будучыні можна размаўляць, напрыклад з Латвіяй, пра аднаўленне трубы “Наваполацк-Вентспілс” ці паралельную пракладку новай, каб забяспечыць перакачванне па ёй нафты з порта Вентспілса да НПЗ у Новаполацку. Нафту трэба купляць там, дзе танней.

– Ці маюць перспектывы праекты тыпу Балта-Чарнаморскага калектара?

– Гэтую ідэю калісьці выказаў Зянон Пазняк, і яна палягае на тым, каб злучыць на тэрыторыі Беларусі сістэму трубаправодаў, якія звязваюць парты на Балтыйскім і Чорным марах, і адпаведна, ажыцяўляць дастаўку нафты праз іх. Гэта звязала б Адэсу з Клайпедай і Вентспілсам праз Беларусь незалежным ад Расеі чынам.

Для гэтага трэба было б спалучыць дзве галіны нафтаправодаў: “Унеча-Наваполацк” і “Унеча-Мазыр”. Гэтыя трубаправоды злучаныя ва Унечы, што дазваляе Расеі кантраляваць патокі нафты паміж Наваполацкам і Мазыром. Будаўніцтва перамычкі паміж гэтымі галінамі на тэрыторыі Беларусі дазволіла б пазбавіць Расею гэтага кантролю. Але ўсё, што патрабавалася ад Беларусі для Балта-Чарнаморскага калектара, было зроблена, калі ў 2021-ым годзе паміж Наваполацкім і Мазырскім НПЗ з’явілася перамычка, па якой можа ісці 6 млн тон нафты.

Але час прайшоў. Труба з Наваполацка ў Літву і Латвію знаходзіцца ў аварыйным стане і не працуе. Нафтаперапрацоўчыя заводы ва Украіне разбураныя вайной і іх лёс пакуль невядомы, а праз гэта няясна, калі адновіцца неабходнасць паставак на іх нафты.

– З нафтай зразумела, а якія шляхі ёсць для выхаду з залежнасці ад Расеі па газе?

– Залежнасць па газе ад Расеі – сур’ёзная, але яе таксама ў прынцыпе магчыма пераадолець. Можна перайсці на выкарыстанне газу з Клайпедскага тэрмінала СПГ ці са Свінауйсця ў Польшчы. Цяпер можна задзейнічаць газаправод “Ямал-Еўропа” ў рэверсным рэжыме. Але як заўсёды ёсць важныя дэталі.

Цалкам забяспечыць Беларусь газам, хутчэй за ўсё, не атрымаецца, давядзецца замяніць яго на электрастанцыях на мазут, а гэта значыць, пагоршыцца экалогія. Беларусь не валодае магістральнымі газаправодамі і газасховішчамі. Былы “Белтрансгаз” быў прададзены “Газпрому”, і цяпер, каб выкарыстоўваць газавую інфрастуктуру, напэўна, прыйдзецца ўводзіць асобны юрыдычны рэжым. “Белтрансгаз” належыць Расеі. Згодна з пагадненнем аб продажы “Белтрансгаза”, расейскі бок гарантуе пастаўкі газу ў Беларусь. Калі расейскі бок не зможа выканаць свой абавязак, напэўна беларускі бок мае права адмовіцца ад сваіх абяцанняў, але гэта пытанне да юрыстаў.

Акрамя забеспячэння Беларусі, газатранспартная сістэма Беларусі, як і ў выпадку нафты, можа гарантаваць сувязь краін Балтыі з Украінай. Таксама не трэба забываць, што газатранспартная сістэма з’яўляецца асновай для развіцця вадароднай энергетыкі. Гэта значыць, мы можам вырабляць свой вадарод і пастаўляць яго спажыўцам, карыстаючыся існымі газавымі трубамі.

– Як выглядае ідэальная будучыня энергетычнай сістэмы Беларусі?

– Яна пабудаваная на энергіі ветру і сонца, а таксама біямасы. Сістэма павінна існаваць на рынкавых умовах – рынак электраэнергіі, рынак цеплавой энергіі, маторных паліваў і гэтак далей.

– Ці адужае беларуская эканоміка, збудаваная на танных расейскіх энерганосьбітах, пераход на рынкавыя ўмовы арганізацыі энергасістэмы?

– Калі не будзе расейскіх нафты і газу, то, мне здаецца, мы здолеем без іх абысціся. Але адбудзецца адразу пераход на сусветныя кошты і гэта будзе шок для беларускай эканомікі. Напрыклад, газ цяпер у свеце каштуе $ 500, а Беларусь плаціць недзе $ 130. Але гэта трэба пераадолець, бо ва ўмовах рынку Беларусь магла б развівацца нашмат хутчэй, чым цяпер, – з таннай поліўкай, але ў кайданах.

Самая танная крыніца нафты і газу для Беларусі – гэта Расея. У любым выпадку трэба ствараць такія ўмовы, якія забяспечаць канкурэнцыю іншых крыніц з расейскай, каб не дапускаць залежнасці ад адной крыніцы. 

Цяпер Беларусь знаходзіцца ў стане “рэсурснага праклёну” ці “галандскай хваробы”. Ёсць два варыянты: альбо пускаць танныя энерганосьбіты на спажыванне і праядаць іх, як гэта робіцца цяпер; альбо павышаць тарыфы на газ і нафту, нягледзячы на тое, па якіх коштах мы іх набываем, каб стварыць фонд для развіцця энергаэфектыўнасці і інвестыцый ва ўласную эканоміку (як гэта робіць Нарвегія). На гэта патрэбны час, але гэта не такая складаная рэч, калі разумееш, што патрэбна рабіць.

Фота: tech.onliner.by