падтрымаць нас

Артыкулы

Пяць высноваў пра тое, чаго дасягнуў марафон салідарнасці

Пяць высноваў пра тое, чаго дасягнуў марафон салідарнасці

Генадзь Коршунаў разважае пра тое, што даў марафон салідарнасці з палітвязнямі, акрамя грашовых сродкаў.

У мінулыя выходныя прайшла акцыя “Нам не ўсё адно!” – марафон салідарнасці з беларускім палітзняволенымі. У марафоне ўзяў удзел цэлы шэраг нашых медыяў, палітыкаў, актывістаў. У выніку было сабрана больш за € 570 тыс. Паводле мяне, лічба больш чым прыстойная. Але яна – не самы прынцыповы вынік марафону, як мне падаецца.

Прашу зразумець мяне правільна. Безумоўна, канчатковая сума грошай, якія пойдуць на патрэбы палітвязняў і іх сем’яў, важная сама па сабе. Людзей, якім патрэбная дапамога, вельмі шмат. Для іх усё і распачыналася.

Між тым я б хацеў звярнуць увагу на іншыя моманты, якія выглядаюць не менш істотнымі. А са стратэгічнага пункту гледжання, магчыма, нават і больш.

Па-першае, як бы цынічна гэта не прагучала, той марафон – выдатная інфанагода зноў узняць балючае пытанне нашых палітвязняў, вярнуць яго ў фокус увагі медыяў. І не толькі беларускіх, але і суседніх краін. Суседскім СМІ, блогерам, лідарам грамадскай думкі і палітыкам варта зноў нагадаць, што “Беларусь – гэта не Лукашэнка”, што яго рэжым вядзе вайну з беларускім грамадствам, бярэ людзей у палон, кідае іх за краты і катуе. І такіх людзей – тысячы і дзясяткі тысяч.

Па-другое, заўважнае яднанне прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства (марафон гэта цяпер прадэманстраваў) – і медыяў, і палітыкаў, і актывістаў, і грамадзянскай супольнасці (акрамя лічаных маргіналаў, якія толькі пацвердзілі сваю маргінальнасць). Гэта вельмі ўсцешвае, калі адну справу робяць Святлана Ціханоўская і Зянон Пазняк, журналісты і праваабаронцы, былыя палітзняволеныя і беларускія добраахвотнікі ва Украіне, і ўсе-ўсе-ўсе.

Пэўна, я не памылюся, калі скажу, што такога яднання пасля 2020-га года яшчэ не было. І тое, што яно адбылося, – гэта надзвычай каштоўна.

Па-трэцяе, была створаная лёгкая і простая магчымасць кожнаму далучыцца да гэтага яднання. Нават таму, хто раней ніколі не рабіў данаты. А такія людзі, я мяркую, ёсць, і іх нямала. Як мінімум таму, што далёка не ўсе, хто быў вымушаны з’ехаць за мяжу, маюць шторанішнюю каву за 5 еўра; для кагосьці гэта кошт аднаго выйсця ў краму. Дык вось цяпер яны маглі адкрыць для сябе “досвед данатаў”, бо праз аб’яднанне медыяў, палітыкаў і НДА знімалася шмат дадатковых пытанняў, звязаных з выбарам: каму данаціць, калі гэта зрабіць, ці можна давяраць арганізатарам і г.д.

Дарэчы, хачу асабліва падкрэсліць, што цяпер сапраўды пералічыць свой унёсак было вельмі проста, без аніякіх закавык і непаразуменняў, як часам бывае пры іншых праектах.

Па-чацвёртае, захапляе агульная дзея, хай і віртуальная, і яе маштаб. Пасля стотысячных маршаў 2020-га года наведванне беларускіх імпрэзаў за мяжой самым відавочным чынам разбурала тое адчуванне, калі “нас – ШМАТ!” Ідзеш і разумееш, што на імпрэзе будуць толькі сотні, ну, можа, тысячы беларусаў, але ўсё роўна не столькі, “як тады”. А праз гэты марафон, як шмат хто пісаў і казаў, пачало вяртацца тое адчуванне, адчуванне салідарнасці і маштабу. Адчуванне, што вакол шмат людзей. Нас па-ранейшаму шмат.

А справа, як і боль, сапраўды агульная – без увагі на тую мову, якой карыстаецца чалавек; без увагі на яго грамадзянства і краіну пражывання; без увагі на яго асабістыя, рэлігійныя, геапалітычныя ці іншыя перавагі.

І пятае. Тое, што хаваецца ў другой частцы назвы марафону: “Хай і яны пра гэта даведаюцца”. Яны – гэта палітзняволеныя, якім “байцы рэжыму” намагаюцца ўсяляк давесці, што на волі пра іх забыліся. Дык вось, мы не забыліся. Мы памятаем, чакаем і працягваем рабіць нашую агульную справу.

Яны – гэта і людзі ў Беларусі. Здаецца, яны і так ведаюць, што ўцекачы хоць іх і пакінулі, але не кінулі. Марафон гэта дадаткова пацвердзіў. Мы – побач, мы – разам!

Яны – гэта і прадстаўнікі рэжыму. Пра тое, што беларусы нічога не забыліся і не здаліся, хай ведаюць і памагатыя рэжыму. Ведайце гэта!

Яны – гэта і мы. Марафон і яго вынікі – гэта мэсідж і нам самім: “Нават у такіх умовах мы здольныя на годныя справы!”

P.S. І апошняя думка – на перспектыву. Цяпер актывізуюцца абмеркаванні наконт таго, каб стварыць нешта кшталту “бюджэтаў грамадзянскага ўдзелу” ці альтэрнатыўнай падатковай сістэмы, то бок больш-менш рэгулярнага фінансавання беларусамі праектаў для беларусаў. Гэта будзе і важная, і шмат у чым слушная дыскусія.

У дадатак я б выказаўся за тое, каб пра ідэю гэткіх марафонаў таксама не забываліся. Акрамя функцыі наўпроставага збору сродкаў, такія масавыя акцыі з’яўляюцца і варыянтам самага адказнага плебісцыту – галасавання рублём. Зразумела, што часта такія марафоны не будзеш ладзіць. Да таго ж наступныя будуць, хутчэй за ўсё, прайграваць першаму. Але, як падаецца, раз у квартал – можна паспрабаваць: і грошы сабраць, і вызначыць, якія пытанні для беларусаў больш важныя.

Фота: Еўрарадыё