Прынята лічыць, што ў беларусаў усё кепска з актывізмам і грамадзянскай супольнасцю. Звычайна гэта кажуць пра Мінск і перадусім людзі, якія жывуць у Мінску. Мы пагутарылі з эксперткай “Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі” Марынай Корж, каб даведацца, ці ёсць грамадская актыўнасць за МКАДам, як мясцовыя супольнасці выбудоўваюць стасункі з уладамі і чаму менавіта ад іх залежыць жыццё рэгіёнаў.
Як сфармаваць мясцовую супольнасць
Атамізацыя грамадства ў Мінску большая. У рэгіёнах кантакты паміж жыхарамі шчыльнейшыя, людзі лепш ведаюць адно аднаго, часцяком у іх ёсць досвед узаемадзеяння. І хоць прафесійная супольнасць у Мінску больш развітая, але тэрытарыяльныя супольнасці на ўзроўні раёну, парку, двароў значна слабейшыя. У рэгіёнах усё наадварот.
Каб мясцовая супольнасць пачала вырашаць канкрэтныя праблемы, у самым пачатку трэба пабудаваць каманду аднадумцаў. Неабходна, каб яны перазнаёміліся, разам абмеркавалі праблемы, склалі нейкі план. Каб запусціць такі працэс, трэба паўгода-год.
Часта цэлыя сацыяльныя групы знаходзяцца ў сваіх гета, ім цяжка мысліць у кантэксце тэрыторый. Але трэба разумець, што вырашэнне праблемы, напрыклад, безбар’ернага асяроддзя дапамагае не толькі людзям з інваліднасцю, але і ўсім, хто пражывае на гэтай тэрыторыі: сталым людзям, раварыстам, бацькам з дзецьмі.
Цэлыя сацыяльныя групы знаходзяцца ў сваіх гета, ім цяжка мысліць у кантэксце тэрыторый.
Не трэба думаць, што мясцовыя супольнасці могуць вырашыць усе праблемы, бо той жа інвестыцыйны ці бізнес-клімат залежыць ад палітыкі ўладаў. Таму вельмі важна абіраць тыя праблемы, якія мясцовая супольнасць можа даволі эфектыўна вырашыць, напрыклад, звязаныя з экалогіяй. Да такіх пытанняў лёгка падключаюцца звычайныя жыхары, і мясцовыя ўлады часцяком ідуць насустрач і таксама дапамагаюць.
Як узаемадзейнічаць з мясцовымі ўладамі
Працаваць з мясцовымі ўладамі – не такая цяжкая задача, як можна падумаць. Галоўнае – перацягнуць іх на свой бок. Асабліва актыўныя сельсаветы – яны гатовыя ісці за вас у выканкам, весці перамовы, выбіваць там бюджэтныя грошы.
Магчыма нават дамагчыся дзяржаўнага фінансавання. На гэта спатрэбіцца 1-2 гады і вельмі актыўная дзейнасць мясцовай супольнасці: збор подпісаў, публічныя абмеркаванні, сустрэчы з дэпутатамі.
У сельсаветах ёсць такая пасада, як стараста. Звычайна яны прызначаюцца, але ёсць раёны, дзе з ініцыятывы кіраўніцтва іх па-сапраўднаму абіраюць. Старастам можа быць па 80 гадоў, але яны ходзяць па людзях, апытваюць іх і потым абмяркоўваюць у выканкаме іх праблемы. Па сутнасці, у такіх раёнах арганізаваны паўнавартасны працэс мясцовага самакіравання.
Нашыя людзі развучыліся дзейнічаць як супольнасць.
Такім працэсам замінае кепская бюджэтная сістэма. Сёння тыя ж сельсаветы фактычна не маюць уласных сродкаў. Адзінае, што яны могуць – дапамагчы атрымаць грошы з раённага бюджэту праз 1-2 гады.
Пры гэтым нашыя людзі развучыліся дзейнічаць як супольнасць. У тых жа ЗША ёсць дакладная прывязка да тэрыторыі, кам’юніці-лідар ды іншыя інстытуты, адказныя за працу з мясцовай супольнасцю. У нас толькі пачынае адраджацца звычка аб’ядноўвацца, каб вырашаць агульныя праблемы. Гэта доўгі працэс, але пакуль людзі не аб’яднаюцца, улады не будуць успрымаць іх сур’ёзна, бо кіраўніцтва пужае толькі масавасць.
У сённяшняй сітуацыі больш шанцаў у тых рэгіёнаў, дзе ёсць мясцовыя актывісты, а ўлады гатовыя нешта змяняць і весці дыялог. Пры гэтым больш адкрытыя тыя рэгіёны, дзе сітуацыя найгоршая, з імі патэнцыял супрацоўніцтва большы. Ім няма чаго губляць, таму яны вымушаныя нешта рабіць, асабліва ў сітуацыі, калі суседні раён неяк развіваецца. Тады мясцовыя ўлады спрабуюць неяк падцягвацца, хоць і не заўсёды разумеюць, як арганізаваць дыялог з мясцовай супольнасцю.
Больш адкрытыя тыя рэгіёны, дзе сітуацыя найгоршая.
Ускладняе сітуацыю і тое, што ў большасці раёнаў няма недзяржаўных грамадскіх арганізацыяў, максімум – “Белая Русь” ці БРСМ. У такім выпадку ў раёна нават няма ініцыятыўнай групы, нейкага першаснага інстытута, які б запусціў ініцыятыву, дапамог бы мясцовым уладам.
Як дапамагаюць еўрапейскія праекты
Вельмі адкрытыя тыя рэгіёны, якія ўжо папрацавалі з еўрапейскімі праектамі, замежнымі праграмамі, ведаюць, што такое міжнародная тэхнічная дапамога. Але застаецца шмат раёнаў, якія ніколі не ўдзельнічалі ў такіх працэсах, яны скептычна і са страхам ставяцца да міжнародных праектаў.
Але, як толькі раён паўдзельнічаў у адным праекце, з’явіліся нейкія кантакты з экспертнай супольнасцю – туды адразу прыходзяць яшчэ пяць розных донарскіх арганізацыяў і міжнародных праграм. Гэта вельмі добра, гэта паказвае раёну, што ёсць розныя магчымасці для развіцця, што такім чынам можна працаваць з рознымі тэмамі і праблемамі. Але калі няма ініцыятывы знізу, ніякі донар не дапаможа.
Калі няма ініцыятывы знізу, ніякі донар не дапаможа.
Неабходна абуджаць актывістаў у рэгіёнах. Пасля таго, як яны праходзяць нашыя курсы па лідарстве, яны распавядаюць знаёмым з суседніх раёнаў. Гэтак праз два гады з’яўляецца міні-кластар, яны пачынаюць арганізоўваць свае лакальныя курсы, рэгістраваць НДА. І даверу ад мясцовай супольнасці да іх куды больш, чым да арганізацыяў з Мінска.
Галоўныя трэнды апошніх гадоў
- Рост колькасці мясцовых ініцыятываў. Людзі прыходзяць да разумення, што ім патрэбная сістэмная праца, а не адзінкавыя акцыі. Яны пачынаюць супрацоўнічаць між сабой, распрацоўваць стратэгіі для раёнаў, фармаваць адносіны з экспертнай супольнасцю. Калі трэнд захаваецца, мы можам атрымаць процьму новых раённых ініцыятываў, якія будуць вырашаць самыя розныя праблемы – ад аховы здароўя да інфраструктуры.
- Інстытуалізацыя мясцовых ініцыятываў. Ініцыятывы пачынаюць рэгістраваць свае НДА, думаць, якую форму арганізацыі найлепш абраць, як развіваць свае арганізацыі.
- Узнікненне прадзяржаўных і камерцыялізаваных НДА. Галоўны негатыўны трэнд апошніх гадоў у тым, што мясцовыя арганізацыі пачынаюць успрымаюцца выключна як крыніцы прыцягнення дадатковых сродкаў. Улады праз іх атрымліваюць дадатковыя грошы на вырашэнне сваіх праблемаў. Любая ініцыятыва – гэта вельмі добра, але трэба адказаць на пытанне: мы ствараем НДА, каб вырашаць мясцовую праблему, аб’ядноўваць грамадзян, ці проста таму, што ў донара ёсць такія патрабаванні і мы хочам зарабіць грошы.
- Жаночая актыўнасць. У мясцовых супольнасцях больш актыўныя жанчыны. Яны маюць больш пачуцця грамады, чым мужчыны, і ў нашых праграмах яны дасягалі большых вынікаў. Пры гэтым трэба разумець, што мясцовыя ўлады – гэта пераважна мужчыны, якія не звыкліся ўспрымаць жанчын на роўных. Здольнасць аб’ядноўвацца і выступаць супольнасцю тут значна дапамагае.