падтрымаць нас

Артыкулы

Гульня ў шахматы на дошцы ці дошкай па галаве? Што будзе з незалежнымі СМІ ў Беларусі

Гульня ў шахматы на дошцы ці дошкай па галаве? Што будзе з незалежнымі СМІ ў Беларусі

У межах анлайн-канферэнцыі Цэнтра новых ідэй Reshape 2021 vol.3 эксперты Кірыл Валошын ды Настасся Роўда абмеркавалі, як палітычны крызіс паўплываў на медыяспажыванне, як палярызацыя грамадства змяніла рыторыку СМІ і як увогуле выжыць незалежным медыям у краіне сёння. Мы падрыхтавалі для вас найлепшыя цытаты з гэтай дыскусіі.

Кірыл Валошын:

«Па сутнасці, разгромленая ўся незалежная журналістыка, усе незалежныя СМІ. Заблакаваныя сотнямі незалежныя сайты і тэлеграм-каналы. Больш за 30 журналістаў знаходзіцца за кратамі, сотні выпадкаў затрыманняў прадстаўнікоў медыяў і больш за 400 выпадкаў парушэння іх правоў было зафіксавана за адзін толькі 2020-ы год».

«Калі рэпрэсіі і ціск на прэсу працягнуцца гадамі, то плынь журналістаў знікне. Я думаю, мала хто з іх захоча пайсці на БТ, у “Саўбелку” ці пісаць пра коцікаў ды модных мінчан. Мы проста згубім вялікую колькасць будучых журналістаў».

«Журналістыку нездарма называюць чацвёртай уладай. Па сутнасці, чацвёртая ўлада ў нармалёвай краіне ўраўнаважвае сабой дзеянні астатніх: заканадаўчай, выканаўчай ды судовай».

«Я на сто адсоткаў упэўнены, што ніхто, згубіўшы доступ да TUT.BY ці “Нашай Нівы”, не пераключаецца з гэтых СМІ на СТВ ці “Саўбелку”. Хутчэй за ўсё, яны сыходзяць да NEXTA або проста пачынаюць чытаць менш навінаў у цэлым. Зрэшты, шмат хто наракае, што нічога новага і не прачытаеш цяпер. Мы даведваемся, што годныя і шчырыя людзі – фашысты, а тыя, хто паступае беззаконна, – героі і ратавальнікі. І кожны дзень гэта чытаць няма патрэбы.

Блогер можа сабе дазволіць не даваць меркаванне другога боку. Блогер можа сабе дазволіць глядзець вузка і выказваць сваё меркаванне ў тым святле, як ён бачыць гэтае пытанне, не даследуючы яго дэталёва. Блогер не мае магчымасці верыфікаваць інфармацыю і факты».

«Калі ў светлую Беларусь будучыні вернуцца дэмакратыя і эфектыўнае кіраванне дзяржавай, то пачнуць расці і рэкламныя бюджэты, вырасце рэкламны рынак. А гэта заўжды прыводзіць да з’яўлення новых гульцоў, гэта падсцёбвае канкурэнцыю».

Настасся Роўда:

«Самая вялікая праблема журналістыкі цяпер – гэта тое, што мы не можам працаваць унутры краіны. І цяпер адзіная крыніца інфармацыі для нас – гэта чытачы, таму што журналістыка знаходзіцца ў падполлі. Мы не можам паздымаць нешта на плошчы ці прыйсці кудысьці і сказаць: “Я журналіст, дайце мне нейкую інфармацыю”, таму што мы адразу паедзем ва ўчастак. Нас забяруць і пасадзяць. Напачатку нас садзілі на суткі, на трое, на пятнаццаць, пасля – ужо на месяц. А цяпер мы бачым, што таго, каго забіраюць, садзяць ужо па крымінальных справах».

«Мы ўсе цяпер знаходзімся пад пагрозай крымінальнай адказнасці, і гэта вялікі маральны выбар – заставацца ці сыходзіць. І, канешне, нельга абурацца або нельга асуджаць людзей, якія сыходзяць, бо гэта вялікі ціск, велічэзная рызыка і адказнасць. І можна толькі дзякаваць тым журналістам, якія працягваюць рабіць сваю працу, нягледзячы на гэта».

«Дзяржава знішчае тыя медыі, якія давалі адчуванне таго, што рэальна адбываецца ў краіне. У нас знішчаная незалежная сацыялогія. Наогул цяжка зразумець, якая інфармацыя трапляе ў кабінеты важных чыноўнікаў і паводле чаго яны потым прымаюць рашэнні, якія ўплываюць на жыццё мільёнаў людзей».

«Мы заўсёды лічылі, што калі гэта цікава, то людзі будуць гэта чытаць і па-беларуску. Калі чалавек хоча нешта прачытаць ці паглядзець, то ён гэта зробіць. І гэта яму будзе нескладана. Гэта проста стэрэатыпнае ўспрыманне, што беларусы не разумеюць роднай мовы». 

«“Ютубу” не хапае беларускай мовы. Мы даўно змагаліся з “Ютубам”, каб у іх была асобная каманда мадэратараў па Беларусі. Шмат хто цяпер звяртае ўвагу, што ў “Нашай Нівы” на “Ютубе” ролікі падпісваюцца па-руску. Звязана гэта з тым, што калі я напішу загаловак па-беларуску, то сістэма не будзе яго прасоўваць».

«Мы пастаянна пераадольвалі бар’еры, забароны. Па крупінках мы адваёўвалі сабе магчымасць рабіць тое ці гэтае. Унікальная сітуацыя, што ва ўмовах ціску мы пашыраліся, раслі, нарошчвалі кампетэнцыі, і ў нас у Беларусі вырасла якасная журналістыка. І тое, што мы перажывем гэты этап і потым вернемся ў краіну, справакуе інфармацыйны выбух».

«Гэта катастрофа! Таму што правілы і законы не працуюць. Таму што мы гуляем не ў шахматы на дошцы, а дошкай па галаве».

Даведка:

Кірыл Валошын – сузаснавальнік TUT.BY.

Настасся Роўда – журналістка і рэдактарка «Нашай Нівы».

Глядзіце размову цалкам: