падтрымаць нас

Палітыка

Правы разварот адзінай Еўропы

Правы разварот адзінай Еўропы
Жыхары ЕС выказалі свае сумневы адносна будучыні галоўнага інтэграцыйнага праекту Старога Свету.

Цягам мінулага тыдня жыхары аб’яднанай Еўропы абіралі сваіх прадстаўнікоў у Еўрапарламент. Па сваім памеры, а права голасу мелі больш за 380 млн жыхароў, гэтыя выбары саступаюць толькі індыйскім. На фоне такога вялізнага ахопу ўражвае надзвычайная абыякавасць выбаршчыкаў да ўсёй электаральнай кампаніі.

Абіраць орган, каторы мае большы ўплыў чым пераважная частка нацыянальных заканадаўчых інстытутаў краін ЕЗ, прыйшло менш за 40% выбарнікаў. У Чэхіі і Славакіі выбары ўвогуле праігнаравала больш за 80% жыхароў гэтых краінаў.

Але такая прыгнятальна нізкая актыўнасць адыходзіць на другі план на фоне ашаламляльных рэзультатаў выбараў. Па выніку волевыяўлення жыхароў ЕС, кожнае сёмае месца ў парламенце дастанецца еўраскептычным скрайне правым партыям.

Пры ўсёй выключнасці сітуацыіі назваць вынікі нечаканымі не выпадае. Наўпроставым выбарам у парламент, якія адбываюцца з 1974 году дагэтуль не хапае легітымнасці. Улічваючы агромістыя выдаткі на ўтрыманне ‑ а парламент абыходзіцца бюджэту ЕЗ у € 2,5 мрлд штогод ‑ выбарнікі лічаць, што еўрапарламентарыі займаюцца толькі балбатаннем. Адсюль і адстутнасць інтарэсу да саміх выбараў.

На самой жа справе, Еўрапарламент значна апярэдзіў у эфектыўнасці нацыянальныя органы. За час свайго існавання ў ім былі выпрацаваны тысячы паправак і палітык, які сёння рэгулюць эканамічную і сацыяльную дзейнасць усіх краін ЕС. Зараз амаль 4 з 5 прымаемых нацыянальнымі органамі дырыктыў ці законаў выпрацаваны Еўрапарламентам. Напрыклад, Нямеччына толькі з 1974 па 2004 прыняла амаль 19 000 заканадаўчых актаў ЕЗ і толькі 4 000 сваіх уласных законаў. А з пачатку крызісу 2008 ідуць размовы, каб даць яму яшчэ больш рычагоў уплыву, у прыватнасці на бюджэтныя палітыкі краінаў-удзельніцаў, нават тых, якія не ўваходзяць у зону еўра.

Аднак такое павелічэнне палітычнай вагі немагчыма без росту легітымнасці, якога пакуль дасягнуць не атрымліваецца. Часта выбарцы нават не ведаюць, які дэпутат прадстаўляе іх у Еўрапарламенце і якой палітыкі прытрымліваецца. Адсюль расчараванасць і ўражанне быццам сам гэты огран неэфектыўны.

Такое незадавальненне ‘неэфектыўнасццю’ прыводзіць і да адпаведных вынікаў галасавання. Скрайне правыя папулісты, якія безперапынна крытыкуюць сам праект ЕС скарысталіся сваімі магчымасцямі. У выніку яны атрымалі адчувальную колькасць галасоў у Грэцыі, Фінляндыі, Вугоршчыне, Аўстрыі, Даніі, з рэкордамі ў Вялікабрытаніі (22%) і Францыі (25%).

На Туманным Альбіёне ў авангардзе еўраскептыкаў стаіць UKIP (Партыя незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства) з харызматычным лідарам Найджалам Фараджам. Партыя не з’яўляецца часткаю палітычнай сістэмы краіны, таму не паспела сябе дыскрэдытаваць. Але адсутнасць традыцыйных для палітыкі карупцыйных скандалаў яны з лёгкасцю кампенсуюць сваімі радыкальнымі выказваннямі. Асабліва дастаецца мігрантам, геям і сучаснай ліберальнай эліце. ЕС яны называюць толькі як ЕСССР і ціснуць на Прэм’ер-міністра Кэмерана па пытанні рэферэндуму 2017 г. адносна ўдзелу ў гэтай арганізацыі.

У Францыі партыя-блізнятка  Нацыянальны Фронт Мары лё Пэн  набрала яшчэ больш галасоў. Разграміўшы як партыю былога прэзідэнта Сарказі (у якога 20%), так і кіруючую Партыю Сацыялістаў, якая набрала амаль у два разы менш галасоў і не дацягнула да 14%. Мары лё Пэн адразу пасля агучання папярэдніх вынікаў прапанавала распусціць Нацыянальную Асамблею. На наступны ж дзень, 26 траўня, сацыялісты склікалі экстраннае паседжанне, дзе пачалі абмяркоўваць магчымая варыянты паніжэння падаткаў.

Што яшчэ аб’ядноўвае правыя сілы Еўропы, дык гэта любоў да Пуціна. Так, Фарадж прызнаўся, што захапляецца персонай Пуціна, а Мары лё Пэн месяц таму была з афіцыйным візітам у Маскве, дзе абвінаваціла ЕС у распачынанні новай халоднай вайны. Такая падтрымка на Захадзе можа толькі натхніць Пуціна да яшчэ больш рашучых дзеянняў ва Ўкраіне. А місія ЗША ў стрымліванні Расеі робіцца амаль немагчымай.

Такім чынам эканамічныя праблемы ЕС канчаткова перайшлі ў палітычную прастору. З такім новым Еўрапарламентам інтэграцыйныя працэсы яшчэ больш запаволяцца, а эфектыўнасць прыняцця новых рашэнняў упадзе. А з ростам еўраскептытызму і пагрозай расколу, шанцы на тое, што ЕС здолее выпрацаваць адзіную рашучую знешнепалітычную пазіцыю робяцца яшчэ больш туманнымі.