падтрымаць нас

Палітыка

Расейскае сакрэтнае майстэрства кіравання дзяржаваю

Расейскае сакрэтнае майстэрства кіравання дзяржаваю
Шпіянаж, укараненне агентаў, дыверсійная дзейнасць і фінансавае “выкручванне рук” – галоўныя складнікі новай комплекснай кампаніі Масквы супраць еўрапейскіх дэмакратыяў.

Арышт двух расейскіх шпіёнаў у Польшчы ў кастрычніку мінулага году шакуе. Для многіх сутнасць скандалу палягае на выяўленым пранікненні агента ў Міністэрства абароны ў Варшаве, за якім паследаваў арышт высокапастаўленага чыноўніка разам з польска-рускім юрыстам, які аказаўся часткаю іншай аперацыі. Але варта троху паразважаць, каб зразумець, што галоўным шокам мусіць стацца нешта іншае. Польшча, з яе моцнымі пастановамі адносна вонкавай палітыкі і вялікімі бюджэтнымі ўкладаннямі ў абарону, з’яўляецца важнаю мэтаю расейскай выведкі, натуральна, што Крэмль тут даможацца пэўных поспехаў. Сапраўдны скандал у тым, што занадта мала расейскіх шпіёнаў падлягаюць выкрыццю і пакаранню.

Поспех польскіх контрвыведнікаў – гэта малюсенькая пломба ў вялікай дзірцы. Крыніцы ў заходняй контрвыведцы лічаць, што сотні афіцэраў рускай выведкі працуюць у Еўропе і кіруюць тысячамі агентаў, пачынаючы з нанятых свядомых агентаў (witting agent ‑ інфарматар выведкі, які дзейнічае свядома (тэрмін амерыканскай выведкі), і сканчаючы тымі, хто дзякуючы ўласнай наіўнасці або самападману і не падазрае, што працуе на Крэмль.

Афіцэры расейскай выведкі часам базуюцца ў амбасадах або іншых дыпламатычных місіях пад афіцыйным прыкрыццём, але часцей працуюць у якасці бізнесменаў, выкладчыкаў або нават наведваюць вышэйшыя навучальныя ўстановы ў якасці студэнтаў. Некаторыя з іх “нелегалы”, выкарыстоўваюць падманным шляхам здабытыя дакументы, якія дапамагаюць ім выступаць у якасці грамадзянаў іншай краіны. Іншыя адкрыта выкарыстоўваюць расейскія дакументы, хаваючы толькі той факт, што іх штодзённая праца з’яўляецца прыкрыццём для шпіянажу.

Уладзімір Пуцін, былы савецкі шпіён, мае вядомы апетыт да матэрыялаў выведкі. Ён запусціў рэсурсы ў трох шпіёнскіх структурах Расеі. Гэта служба вонкавай выведкі (служба внешней разведки, СВР), Федэральная служба бяспекі (Федеральная Служба Безопасности, ФСБ), якая канцэнтруецца збольшага на пагрозах унутранай бяспекі, уключна з тымі, што ідуць ад расейцаў, якія жывуць за мяжою; і служба ваеннай выведкі, Галоўнае выведчае ўпраўленне (Главное разведывательное управление, ГРУ). У свеце, Еўропа – гульнявая пляцоўка для гэтых структураў. Шэнгенская безпашпартная вандроўная зона азначае, што афіцэр выведкі лёгка можа жыць у адной краіне і кіраваць дзеяннямі агентаў у іншай, а сустракацца з імі наагул у трэцяй. Замест таго, каб дзейнічаць пад носам у, напрыклад, французскай контрвыведкі, расейскі чыноўнік, які працуе ў Мюнхене, можа сесці на цягнік і сустрэцца з французскім агентам у Люксембургу. Некаторыя краіны шэнгенскай зоны з’яўляюцца чальцамі НАТА, некаторыя, у прыватнасці Аўстрыя, – не.

Контрвыведка ў некаторых працуе эфектыўна і добрасумленна. Іншыя, зноўку Аўстрыя, не турбуюцца аб існаванні замежных шпіёнаў, пакуль гэта не датычыцца іх уласнай краіны. Тут выдзяляюцца некалькі выключэнняў, у прыватнасці Эстонія, якая злавіла, прыцягнула да адказнасці і пасадзіла ў турму чатырох расейскіх шпіёнаў за апошнія пяць гадоў. Аднак, большасць краін Еўропы прыкладаюць мала намаганняў да палявання на расейскіх шпіёнаў, і, у выніку, рэдка дамагаюцца поспеху. Калі яны шпіёнаў і знаходзяць, то да адказнасці прыцягваюць рэдка.

Шпіёны, якія ўсё ж трапляюць у турму, хутка вызваляюцца.

Праблемы існуюць на ўсіх узроўнях. Службы контрвыведкі знаходзяцца ў цяжкім фінансавым становішчы і часта дэмаралізаваныя. Шмат дзе ва Усходняй Еўропе барацьба з тэрарызмам, у прыватнасці з ісламскім экстрэмізмам, разглядаецца як галоўны палітычны прыярытэт пасля 11 верасня 2001. Відэаролікі, у якіх джыхады, народжаныя на Захадзе, адсякаюць галовы іншым ураджэнцам Захаду шакуюць, а камерцыйны подкуп і агентурная дзейнасць Расеі – не. Існуюць і іншыя перашкоды. У шматлікіх посткамуністычных краінах магчымасць праслухоўваць тэлефоны і чытаць электронную пошту паўстае прывідам ва ўнутраных палітычных інтрыгах. Больш за тое, лоўля шпіёнаў заўжды была складанаю палітычнаю праблемаю. Пры якой заўгодна дасканалай працы контрвыведкі яна дае кепскую рэкламу. У першую чаргу непазбежна ўзнікаюць пытанні аб праколах у бяспецы, якія дазволілі агенту апынуцца на тым ці іншым месцы. Акрамя гэтага, шмат якія еўрапейскія палітыкі не маюць жадання пачынаць публічныя сваркі з Крамлём. Некаторыя краіны кшталту Фінляндыі маюць доўгатэрміновыя дамовы з Расеяй, каб не афішаваць канфлікты службаў выведкі. Грэцыя вядомая сваёй цярпімасцю да расейскай выведкі. Турцыя гне сваю лінію, калі справа датычыцца стасункаў з Расеяй. Паўднёва-еўрапейскія краіны, як Іспанія, Партугалія і Італія, не падзяляюць заклапочанасць сваіх паўночных суседзяў – Расея занадта далёка і не можа разглядацца, як пагроза.

За апошнія 10 гадоў, калі ўзышла зорка Расеі і закацілася зорка ЗША, з’явіўся новы фактар – шмат краінаў посткамуністычнага свету, а менавіта Балгарыя, Харватыя, Чэхі, Вугоршчына, Славакія і Славенія, – адступіліся ад свайго калісьці моцнага праатлантычнага арыенціру і паціху спрабуюць узяць усё магчымае ад свету, у якім на шматбаковыя гарантыі бяспекі больш нельга пакласціся. Найбольш насцярожваючы прыклад гэтага, пэўна, з сюжэтам, занадта фантастычным нават для сцэнара галівудскага фільму, уключае Роберта Рахарджо, інданезійска-расейскага турэмнага псіхолага, які пераехаў у Прагу ў 1992. Наняты расейскімі сакрэтнымі службамі на Крыце ў 2003, ён арганізаваў шпіёнскую сетку ў Міністэрстве абароны Чэхіі праз сваю сяброўку, маёра Владзіміру Одэгналёву. Абодва яны былі ў шлюбе з іншымі людзьмі, але яна пры гэтым мела блізкія стасункі з трыма чэшскімі генераламі: Ёзэфам Сэдлякам былым галоўнакамандуючым, а потым прадстаўніком Чэхіі ў вайсковым штабе НАТА ў Монсе, Бельгія; Ёзэфам Проксам, былым намеснікам начальніка штаба і былым галоўнакамандуючым ваеннай выведкі; і Францішкам Грабалем, вайсковым дарадцам прэзідэнта. Усе трое адмаўляюць, што паводзілі сябе з ёй неналежным чынам або перадавалі ёй сакрэтную інфармацыю, але ўсе трое пакінулі свае пасады пасля таго, як гэтая гісторыя стала публічнаю.

Але чаканага бліскучага поспеху не атрымалася. Да гневу амерыканскіх і іншых чыноўнікаў, якія пільна працавалі над справаю, Рахарджо дазволілі ўцячы перш чым чэшская служба контрвыведкі BIS, якая расследавала ягоную дзейнасць, здолела арыштаваць яго. Ягоны ад’езд восенню 2010, верагодна, уключаў у сябе добра спланаваны маршрут пабегу. Ён адвёў жонку і дзяцей у пражскую піцэрыю і напісаў на сурвэтцы нататку, што ён у бядзе і патрэбуе яе дапамогі, каб паехаць кудысьці на іх сямейным аўто. Яна адвезла яго на былую савецкую авіябазу глыбока ў лесе, дзе ён проста выйшаў з машыны і пайшоў да людзей, якія чакалі яго за дрэвамі. Ён рэгулярна звязваецца па скайпе са сваймі дзецьмі з нейкага месца, якое, як яны падазраюць, знаходзіцца ў Расеі. Невядома, ці быў Рахарджо папярэджаны кімсьці ў чэшскай контрвыведцы або, як лічаць блізкія да справы чыноўнікі, яму дазволілі пакінуць краіну, каб перадухіліць палітычны канфуз, які меў бы месца, калі б справа рушыла.

Трэба прызнаць рацыю посткамуністычных краінаў – у гэтых справах заўжды маюцца партнёры ў Заходняй Еўропе. Высокапастаўленага нямецкага чыноўніка на адказнай пасадзе ў НАТА спакусіла жанчына, вядомая сваймі сувязямі з расейскаю выведкаю. Яго не прыцягнулі да адказнасці, толькі перавялі на працу ў ахопленую вайною ісламскую краіну, дзе ў яго фактычна не было магчымасці злоўжываць алкаголем і жанчынамі. Тадэуш Юхневіч, агент-нелегал ГРУ, быў затрыманы ў 2009 і выпушчаны з турмы датэрмінова ў якасці спробы польскіх уладаў пераўсталяваць стасункі з Расеяй.

Сёння клімат для расейсккаіх шпіёнаў робіцца больш прахалодным. З часоў арышту 10 “нелегалаў” у Амерыцы ў 2010, заходнія лаўцы шпіёнаў атрымалі шэраг перамог. Гэта часткова звязана з трыумфам ЦРУ, якія паспяхова нанялі і вялі высокапастаўленага чыноўніка ў СВР Аляксандра Пацеева. Яго драматычны пабег з Расеі ў чэрвені 2010 (яму ўдалося пазбегнуць лёсу быць злоўленым як шпіён, што прывяло б да ягонага рассакрэчвання) намякнуў на аблаву на самую вялікую групоўку расейскіх шпіёнаў у Паўночнай Амерыцы, уключна з Ганнаю Чапман і дзевяццю іншымі, ад ветэранаў да навічкоў. Вынікі той аперацыі яшчэ не падведзеныя, амерыканская выведка прапануе ідэі і арыенціры для партнёрскіх службаў у Канадзе, Еўропе і паўсюль.

Нямецкая контрвыведка атрымала бліскучую перамогу арыштаваўшы Андрэаса і Хейдрун Аншлаг ‑ расейскіх нелегалаў, якія жылі ў Нямеччыне з быццам бы сапраўднымі дакументамі, што насамрэч былі выдадзеныя карумпаваным аўстрыйскім чыноўнікам. Іх злавілі ў кастрычніку 2011 пасярод сеансу сакрэтнай радыёсувязі і адправілі ў турму на 6 і 5 гадоў адпаведна. Паведамлялася, што спадарыні Аншлаг было дазволена вярнуцца назад у Расею напрыканцы лістапада, магчыма, у межах абмену шпіёнамі. Галандская контрвыведка, якая калісьці пакутавала ад палітычных абмежаванняў з боку ўраду, які баяўся канфліктаў і любіў гандлявацца, дамаглася значнага поспеху ў красавіку 2013, калі дыпламат Рэйманд Поэтэрэй быў зняволены на 12 гадоў за перадачу дакументаў НАТА сваім расейскім куратарам.

Дацкая контрвыведка таксама пачала ставіцца да расейскага шпіянажу больш сур’ёзна. У 2010 фінскі прафесар Тыма Ківімякі, які выкладаў у Даніі, быў арыштаваны і паспяхова прыцягнуты да адказнасці за дзейнасць у кірунку “пошуку талентаў” – ён накіроўваў сваіх расейскіх куратараў на студэнтаў, якія маглі б быць карыснымі для вярбоўкі на сваіх будучых працоўных пасадах. Следчыя кажуць, што ён атрымліваў за гэта грошы. Аднак ягоны прысуд выклікаў шмат пратэстаў – шмат якія еўрапейцы з цяжкасцю разумеюць, як гэта магчыма – быць шпіёнам, прычым шкодным, без доступу да сакрэтнай інфармацыі. Ківімякі адбыў кароткі тэрмін без зняволення і вярнуўся ў Фінляндыю, дзе працягваў сваю навуковую кар’еру, спецыялізуючыся на вырашэнні канфліктаў.

У Вугоршчыне спатрэбіліся намаганні рашуча настроенага журналіста, каб раскрыць дзейнасць расейскай выведкі. Кал Андраш Дэжо з часопісу  Index magazine расследаваў дзейнасць уплывовага праварадыкальнага палітыка з мутным мінулым Бэла Ковача, ён даведаўся, што ягоная расейская жонка Святлана Істошына мела ўсе прыкметы афіцэра расейскай выведкі і што сам Ковач, верагодна, быў біялагічным сынам чыноўніка КДБ, які працаваў у Вугоршчыне ў савецкія часы. Істошына раней была замужам за японскім чыноўнікам, звязаным з атамнаю энергетыкаю, а пасля – за аўстрыйскім гангстарам (прычым вельмі хутка атрымала аўстрыйскі пашпарт). Ковач накіроўваў грошы (з невядомых крыніц) на патрэбы сваёй ультра-нацыяналістычнай партыі Jobbik, якая станавілася ўсё больш і больш пра-крамлёўскаю. Службы выведкі паведамілі Дэжо, што Ковач быў пад пільным назіраннем за ягоныя сувязі з Расеяй з 2009. Ворганы, якія ажыццяўляюць крымінальны пераслед, спрабуюць адклікаць ягоную парламенцкую недатыкальнасць.

Нягледзячы на гэтыя жывыя і часам сенсацыйныя гісторыі, было досыць складана пераканаць еўрапейскую грамадскасць у тым, што расейскі шпіянаж нясе ў сабе небяспеку. Калі разваліўся Савецкі Саюз пасля правальнага путчу ў Маскве ў жніўні 1991, камандзіры брытанскіх шпіёнаў, як высветлілася, заўчасна, адкаркавалі шампанскае ў сваім бункеры пад Уайтхолам. Праўдзівая гісторыя апошняй чвэрці стагоддзя з часоў падзення Сцяны пацвярджае, што расейскі шпіянаж не толькі дасягнуў узроўню часоў Халоднай вайны, але і пераўзышоў яго. Афіцэры расейскай выведкі выкарыстоўваюць не толькі старыя хітрыкі кдбістаў, але і цэлы набор новых. Дадайце да гэтага значнае павелічэнне колькасці патэнцыйных мэтаў для расейскага шпіянажу, і рэзкае зніжэнне магчымасцяў Захаду да супрацьстаяння. У двух словах, расейскі шпіянаж стаіць на чале спробаў Крамля пранікнуць на Захад і маніпуляваць ім.

Каб лепш зразумець, наколькі гэта небяспечна, параўнаем сітуацыю з часамі Халоднай вайны. Тады супрацьстаянне савецкай пагрозе было галоўным прыярытэтам для заходніх агентаў бяспекі. Захад сутыкнуўся з пагрозаю для існавання з боку таталітарнай дыктатуры. Любы савецкі наведвальнік Захаду быў падазроны і заслугоўваў (і атрымліваў) пільнага назірання. Культурніцкія і гандлёвыя сувязі ўздоўж Жалезнай Завесы былі абмежаваныя. Было немагчыма, каб хтосьці кшталту Ганны Чапман (дачка высокапастаўленага расейскага афіцэра выведкі) так проста і без падазрэнняў пераехаў з Масквы ў Лондан і Нью-Ёрк.

Больш за дваццаць гадоў Захад намагаўся інтэгравацца з Расеяй у сферах дыпламатыі, фінансаў, эканомікі, а таксама інстытуцыйна. Сапраўды, заходнія полісімэйкеры прынялі (у шматлікіх выпадках запозна) той факт, што Расея – гэта аўтарытарная клептакратыя. Праўда, што шмат хто таксама прызнае (часта неахвотна і ў якасці працоўнай гіпотэзы), што Расея – гэта рэваншысцкая сіла, якая пагражае ўласным суседзям. Аднак, мала хто гатовы прызнаць сур’ёзнасць пагрозы і надаць ёй той прыярытэт, якога яна патрабуе. Сёння гэта толькі адна са шматлікіх пагрозаў. У шмат якіх пытаннях, у прыватнасці тэрарызму, Захад усё яшчэ бачыць у Расеі важнага партнёра.

Самая складанае поле бітвы са шпіянажам – гэта некаторыя посткамуністычныя краіны.

Пасля 1989 зашмат людзей на Захадзе праецыравалі сваё ўласнае пачуццё трыумфалізму на краіны былой Савецкай імперыі. Аднак, сярод руінаў старых структураў, КДБ стварыла новыя сеткі і актывы, якія мусілі добра служыць шмат гадоў у будучыні. Расея ўсё яшчэ збірае плады з вялікай спадчыны кампраметуючай інфармацыі, якая можа быць скарыстаная для шантажу патэнцыйных агентаў. Больш за тое, палітычныя і эканамічныя перавагі ў шматлікіх краінах аказаліся нязначнымі або нетрывалымі. Подых пуцінізму цяпер можна заўважыць у розных краінах паміж Балтыйскім і Чорным морам, дзе палітыкі адчулі задавальненне ад блізкіх стасункаў паміж палітыкай і бізнесам, таннага газу і лёгкіх грошай, якія даюць сувязі з Крамлём, а таксама ад выкарыстання і злоўжывання афіцыйнаю ўладаю супраць апанентаў.

У суме з няздольнасцю новых дзяржаваў-чальцоў праводзіць пільную контрвыведку там, дзе гэта найбольш патрэбна, гэта стварыла цэлую кагорту траянскіх коней, якіх з раскрытымі абдымкамі вітаюць заходнія альянсы, дзяржавы, службы і агенцыі. Напрыклад, расейскую выведку могуць мала цікавіць падрабязнасці планавання бяспекі ў, скажам, Славакіі. Але славацкі чыноўнік у самым цэнтры прыняцця рашэнняў у Бруселі можа стацца карысным агентам, здраднікам розных цікавых таямніц. Яскравым прыкладам можна назваць самага шкоднага шпіёна ў гісторыі НАТА Гэрмана Сімма, кіраўніка службы бяспекі ў міністэрстве абароны Эстоніі. Гэта быў парадокс – Эстонія нездарма лічыцца зорным прыкладам сярод былых палонных нацыяў. У Эстоніі дынамічная эканоміка, інавацыйныя і добра кіраваныя грамадскія арганізацыі, і ўражвальная група лідараў. Яе невялікія, але высокакваліфікаваныя службы бяспекі і выведкі карыстаюцца даверам заходніх партнёраў, такіх як брытанская MI6 і амерыканскае ЦРУ. Але менавіта таму, што Эстонія настолькі вартая даверу, Сімм стаўся такім шкодным здраднікам. Ён навучаўся ў брытанскім суперсакрэтным Цэнтры абароннай выведкі і бяспекі ў Чыкландсе каля Лондану, і сачыў за выкананнем рэформы працэдур бяспекі ў Эстоніі ў адпаведнасці са стандартамі НАТА. Расея цікавілася Эстоніяй, але ў значна большай ступені цікавілася падрабязнасцямі фізічнай і шыфравальнай бяспекі НАТА.

Сімма злавілі ў 2010 і пасадзілі на 13 гадоў. Цікавы факт, што ягоным куратарам быў афіцэр расейскай выведкі, які скарыстаў падробленае бразільскае пасведчанне аб нараджэнні, каб атрымаць партугальскае грамадзянства, і меў бізнес у Мадрыдзе пад імем Антоніа Графа. Гэта класічны прыклад таго, як Расея выкарыстоўвае пасляваенную Еўропу як адзіную шпіёнскую прастору.

Выведка – гэта жыццёва важная частка спробаў Расеі ўсталяваць мяккую гегемонію ў ключавых краінах Еўропы, заснаваную на карупцыі і прапагандзе ў адрозненне ад жорсткага кантролю савецкай эры. Шпіянаж можа дапамагчы выявіць схільных да карупцыі палітыкаў і чыноўнікаў, убачыць, якія сферы бізнесу найбольш адкрытыя для расейскага ўплыву, а таксама зліквідаваць усе інстытуцыйныя кропкі супраціву і моцныя і эфектыўныя ціскі бяспекі.

Шмат якія ўсходнія еўрапейцы ўстрывожаныя магчымасцямі Расеі ў гэтым кірунку. Аднак, іх папярэджанні праходзяць міма.

Заходнія краіны па звычцы недаацэньваюць магчымасці расейскай выведкі.

Расейскія спецслужбы сапраўды марнатраўныя, бюракратычныя, пратэкцыянісцкія і зашораныя. Але ў іх ёсць пэўныя вялікія перавагі. Для пачатку, іх галоўны прыярытэт ‑ гэта пранікненне ў заходняе грамадства і разбурэнне яго. З супрацьлеглага боку ўсё не так – для Захаду не з’яўляецца прыярытэтам ані пранікненне ў Расею, ані прадухіленне пранікнення Расеі на Захад.

Яшчэ адна перавага Расеі – гэта здольнасць да мыслення ў доўгатэрміновай перспектыве. Для заходняй выведкі шпіянаж – гэта бізнес, які залежыць ад запатрабавання. Майстры шпіёнскай справы інвестуюць рэсурсы ў суб’ектаў, якія могуць зацікавіць іх палітычных босаў, і ігнаруюць тых суб’ектаў, якія цікавасці не ўяляюць. Цягам амаль дваццаці гадоў Расея не была прыярытэтам, і тыя, хто праяўляў зашмат цікавасці да яе, рызыкавалі – а тое і ахвяравалі – сваймі кар’ерамі.

Расейскі шпіянаж дзейнічае паводле іншых прынцыпаў. Шпіёнскія агенцыі трацяць шмат часу і грошай на стварэнне доўгатэрміновых актываў і не клапоцяцца аб імгненным прыбытку. Калі наняць таленавітага дацкага студэнта, можа прайсці дваццаць гадоў перш, чым ён прынясе карысць. Але калі ён усё ж прынясе карысць, наступствы могуць быць знішчальнымі. Расея таксама значна лепш арыентуецца ў так званай тэхніцы “фальшывага сцягу”, калі агент наймаецца пад прыкрыццём іншай прычыны, напрыклад, ахова навакольнага асяроддзя або лічбавая свабода.

Багатыя рэсурсы і бесчалавечная вынаходлівасць азначаюць, што расейскі шпіён можа мяняць аблічча – у адной праяве гэта будзе на першы погляд легальная энергетычная кампанія, у іншай ‑ цікаўны студэнт з быццам бы краіны НАТА або гаварлівы чыноўнік з расейскай амбасады, нібыта незалежная арганізацыя, якая прапануе вялікую суму грошай таму, хто праводзіць правільнае даследаванне, працавіты сакратар або партугальскі бізнес-кансультант. Гэта дае Расеі тое, што амерыканскія тэарэтыкі выведкі называюць “натуральная магчымасць” – магчымасць дзейнічаць пад выглядам легальнага бізнесу або арганізацыі. Для агенцыяў заходняй выведкі, гэта ўключае цяжкапераадольныя юрыдычныя і бюракратычныя перашкоды. Расея робіць гэта без ваганняў.

Натуральная магчымасць існуе не толькі ў расейскім бізнесе за мяжою, але і праз замежны бізнес з інвестыцыямі або прадстаўніцтвамі ў Расеі. Людзі, якіх яны наймаюць як мясцовых супрацоўнікаў, а потым пасылаюць працаваць за мяжу могуць быць адданымі працаўнікамі кампаніі або “падкінутымі” туды ўладамі, магчыма паводле пратэкцыянісцкіх прычынаў, магчыма, маючы на ўвазе падпольную працу, а можа і тое, і тое. Калі гэтая схема не спрацоўвае, расейская дыяспара прапануе багатыя “рыбныя” мясціны, дзе можна злавіць любую здабычу.

Усе гэтыя фактары значна пераважаюць кучку вышэйпералічаных паспяховых антышпіёнскіх справаў.

З моманту заканчэння Халоднай вайны правілы гульні змяніліся на карысць Расеі.

Крамлёўскія шпіёны лёгка і незаўважна віруюць у правінцыях, начным жыцці гарадоў, пранікаюць у даследчыя цэнтры і кансультацыі на Захадзе, эксплуатуючы звычайны давер і калегіяльнасць адкрытага грамадства. Расея звужае колы вакол Захаду ў Еўропе, як у слабых і пужлівых краінах “Новай Еўропы”, так і ў параўнальна багатых краінах “Старой Еўропы”.

Цяжка зразумець, як гэта можна змяніць у хуткім часе. Ясна, што пытанне аб вяртанні да практык часоў Халоднай вайны, калі Усход і Захад аддзяляліся адно ад аднаго амаль герметычна, і служба бяспекі правярала нават людзей на дробных пасадах ва ўрадзе і грамадскім жыцці, не стаіць. Але небяспечная слабасць заходняга падыходу ў тым, што Захад ставіцца да лоўлі шпіёнаў, крымінальнага правасуддзя, фінансавага кантролю, адкрытасці лабіявання і правілаў валодання медыямі як да асобных кірункаў у сферы прыняцця рашэнняў. Расея выкарыстоўвае ўсё гэта разам як адзіны набор дадзеных плюс рашэнне, таму дзеянні вольна курсуюць ад аднаго да іншага. Прымаючы да ўвагі шматбаковую пагрозу, якая стаіць перад заходнімі ўладамі, органы, якія працуюць у дадзеных кірунках, мусяць працаваць разам, а не паасобку.

Ганна Чапман, напрыклад, мела таямнічага калегу на імя Стэфан Сугдэн, які карыстаўся скрадзенымі дакументамі ні ў чым не вінаватага электрыка з маленькага гарадку ў графстве Кент у Англіі. У сваёй дзейнасці, якая, відавочна, уключала адмыванне грошай для зімбабвійскіх бізнес-сябрукоў яе бацькі, яны таксама выкарыстоўвалі адрас у правінцыі Дубліна. Гэты адрас выкарыстоўвалася без згоды і ведама ўладальнікаў памяшкання. Аднак, ані брытанскія, ані ірландскія ўлады не гарэлі жаданнем расследаваць гэтую загадку. Паколькі падавалася, што ніякіх грошай не было скрадзена, гэты выпадак апынуўся па-за радарам паліцыі. З пункту гледжання брытанскіх лаўцоў шпіёнаў, гэта быў так званы “вісяк”; Чапман даўно з’ехала і не было сэнсу хвалявацца аб тым, што даўно мінула.

Здольнасць перадавых дзяржаваў лавіць і кідаць у турмы расейскіх шпіёнаў вельмі розная. Эстонія з насельніцтвам адзін мільён змагла злавіць і пасадзіць чатырох расейскіх шпіёнаў, больш, чым Германія з насельніцтвам 80 мільёнаў. Чэхія з насельніцтвам 10 мільёнаў не пасадзіла ні аднаго. Іншыя краіны, такія як Польшча, Славакія, Вугоршчына, Балгарыя, Румынія і Харватыя маюць такія ж сумныя вынікі.

Калі сыход ад адказнасці стварае адчуванне беспакаранасці, то, наадварот, прававы пераслед мяняе грамадскую думку. У прафесійным і грамадскім жыцці трэба асэнсоўваць пытанні, якія задаюць людзі, асабліва калі справа датычыцца прапановаў грошай за інфармацыю. Калі вы нічым не рызыкуеце, вы можаце і пагадзіцца, нават калі просьба датычыцца патэнцыйна далікатнай тэмы. Калі вы рызыкуеце заганьбіцца і трапіць у турму, вы хутчэй адмовіце. Вось чаму так важна было, што Данія прыцягнула да адказнасці Ківімякі, але ж эфект быў бы значна лепшым, каб гэта не быў адзінкавы выпадак.

Заходнія краіны мусяць быць больш жорсткімі ў дачыненнях з афіцэрамі расейскай выведкі, тымі людзьмі, якія вярбуюць, матывуюць, накіроўваюць і вядуць здраднікаў кшталту Ківімякі, Сімма і Поэтэрэя. Нямеччына прадэманстравала ўзорную жорсткасць у прыцягненні да адказнасці і зняволенні сям’і Аншлагаў. Канада, наадварот, злавіла расейскага нелегала ў 2009 пад выдуманым імем Пол Ўільям Гэмпэл, але дэпартавала яго замест таго, каб пасадзіць у турму. Заходнія краіны мусяць больш жорстка падыходзіць да выдачы візаў, адмаўляць расейскім “дыпламатам”, якія маюць дачыненне да выведкі. Яны маглі б быць больш жорсткімі ў пытанні звальнення расейскіх чыноўнікаў, злоўленых на шпіянажы, і даваць гарантыі, што гэтыя асобы ніколі не атрымаюць ніякіх візаў ні ў адну краіну Захаду ў будучыні. За такі падыход давядзецца плаціць – Расея адкажа аналагічнымі выгнаннямі і пачне хітраваць наконт выдачы візаў заходнім дыпламатам, накіраваным на працу ў Маскву і Санкт-Пецярбург. Аднак гэта таго вартае.

У рэшце рэшт, клімат адносна шпіянажу адлюстроўвае прыярытэты палітыкаў. Расея шпіёніць за Захадам таму, што баіцца дэмакратыі і вяршэнства закону, і бачыць шанец іх разбурыць. У сваю чаргу, Захад асабліва не турбуецца аб расейскім шпіянажы, бо мае іншыя прычыны для хвалявання. Больш за ўсё мы не хочам прызнаваць ступень пагрозы, што ўяўляе Расея і нашая ўласная безабароннасць, якую Расея так прафесійна выкарыстоўвае. Як і іншыя праблемныя аспекты заходняй палітычнай культуры пачатку 21-га стагоддзя, усё вырашаецца з дапамогаю простых, але важных якасцяў: смеласці, сумленнасці і стабільнасці. Недахопы Захада ва ўзаемадачыненнях з расейскім шпіянажам, здаецца, адлюстроўваюць шырэйшыя і глыбейшыя праблемы.