падтрымаць нас

Палітыка

Папулізм у дзеянні. Як Саакашвілі праводзіць рэформы ў Адэсе

Папулізм у дзеянні. Як Саакашвілі праводзіць рэформы ў Адэсе
Нават калі рэформы ў Адэсе праваляцца, Міхаіл Саакашвілі ўсё адно застанецца пераможцам. “Ідэя” разбіраецца чаго дасягнуў былы грузінскі прэзідэнт па іншым баку Чорнага мора.

Гэты пост у “Фэйсбуку”, прысвечаны 100 дням кіравання Саакашвілі, сабраў 6 тыс. рэпостаў і агулам сотні тысяч падабаек. Аўтар прыводзіць 25 пунктаў, якія ўжо атрымалася выканаць альбо плануецца гэта зрабіць у найбліжэйшы час. Сярод іншага, гэта барацьба з карупцыяй, скарачэнне колькасці чыноўнікаў, спрашчэнне заканадаўства і прыцягненне інвестараў. Калі пачытаць выказванні экспертаў пра вынікі працы былога грузінскага прэзідэнта, то ацэнкі ў цэлым падобныя – шмат здаровых ініцыятываў, але канкрэтных вынікаў давядзецца пачакаць.

Простыя словы, простыя рэчы

Адэса сёння – ключавы рэгіён Украіны і самы карумпаваны. Калі і прызначаць Саакашвілі, то менавіта сюды – тут порт, гандаль, таленавітыя людзі, карупцыя, алігархі, арганізаваная злачыннасць і пагроза сепаратызму. У падобнай атмасферы ён кіраваў Грузіяй дзевяць гадоў.

Каманда Саакашвілі не прапаноўвае нічога новага. У рэгіёне скарачаюць чыноўнікаў, а новыя наборы праходзяць па адкрытых конкурсах. Дзяржаўную службу робяць максімальна празрыстай і, дзе гэта магчыма, перадаюць функцыі прыватным кампаніям. Нізкія заробкі чыноўнікам будуць дапаўняцца з заходніх фондаў – з імі, як і са шмат якімі ўрадамі, Саакашвілі знаходзіцца ў прыязных стасунках. Злучаныя Штаты, напрыклад, ужо фінансуюць рэформу мясцовай паліцыі і антыкарупцыйную праграму ў вобласці. У адміністрацыі, дарэчы, ёсць аддзел з пяці чалавек, якія безупынна пішуць грантавыя заяўкі.

Спрашчаецца сістэма аказання паслуг – ужо ў кастрычніку 2015-га з’явяцца адзіныя цэнтры, дзе можна будзе ўзяць практычна любую даведку, замяніць пашпарт ці правы на кіраванне транспартам. У рэгіёне арыштоўваюць карупцыянераў, пракуратурай прызначаны вядомы па грузінскіх рэформах Давід Сакварэлідзэ, а іншы грузін Георгі Ларткіпанідзэ ўзначальвае і паліцыю вобласці. У маштабах усёй краіны рэфармаванне паліцыі займаецца таксама грузінка – Эка Згуладзэ.

Барацьба з карупцыяй і спрашчэнне бюракратычных працэдураў – гэта тое, што мае прыцягнуць інвестараў як унутраных, так і вонкавых. Для апошніх Саакашвілі – брэнд, якому можна давяраць і з якім ужо даводзілася працаваць. Развіваць Адэскі аэрапорт атрымалі запрашэнні тыя ж кампаніі, што інвеставалі ў лётную інфраструктуру Батумі і Тбілісі.

Рэформы закрануць сферу дзяржаўных закупак, мытную службу і мясцовыя падаткі. Каманда Саакашвілі прадставіла падобны пакет для ўсёй Украіны, але шанцаў у гэтым палітычным акне на яго прыняцце пакуль няма.

Але Адэса з Саакашвілі займела шанец стаць перадавым рэгіёнам, з якога будуць браць прыклад іншыя. Ужо сёння адмена мытаў тут уплывае на паводзіны ўрада і кіраўнікоў іншых вобласцяў. Далей уплыў можа толькі павялічыцца – Міхаіл на пасадзе губернатара паказвае, як рэфармаваць усю краіну. А гэта дакладна супадае з жаданнямі большасці ўкраінцаў.

СМС ад Саакашвілі

Каб зразумець, чаму ў Саакашвілі можа атрымацца, варта азнаёміцца з гісторыяй Сашы Баравіка. Першы намеснік грузінскага рэфарматара ў Адэсе і сённяшні кандыдат у мэры горада Баравік цягам апошніх дзесяцігоддзяў скончыў Гарвардскі ўніверсітэт, працаваў на Захадзе і зрабіў кар’еру юрыста ў кампаніі Microsoft.

Пасля змены ўлады ён прыехаў у Кіеў, каб разам з іншымі выпускнікамі найлепшых заходніх універсітэтаў дапамагчы ажыццяўляць рэформы. Праз некалькі месяцаў ён сышоў з пасады першага намесніка міністра эканомікі праз канфлікт з прэм’ерам Яцанюком. Па словах Баравіка, кіраўнік урада не гатовы ўспрымаць крытыку і агулам уся сістэма пакуль змяняцца не можа – вельмі шмат чыноўнікаў, мала кадраў ды ініцыятывы. Саша выступіў у тэлепраграме Савіка Шустэра, абвесціў пра сыход і накіраваўся ў аэрапорт.

І як гэта бывае ў кіно, ужо падымаючыся на борт самалёта, Саша атрымлівае смс-паведамленне ад Саакашвілі. Вяртаецца і знаходзіць у Адэсе тое, чаго не было ва ўрадзе – дух рэформаў, дынамізм і смеласць. Плюс моцную каманду тэхнакратаў, якая працуе разам не адзін год і гатовая да выклікаў.

Папулізм як інструмент рэформаў

Адметнасць працы каманды Саакашвілі як у Грузіі, гэтак і ў Адэсе – моцная медыйная кампанія. Палітык рэгулярна з’яўляецца на ТБ, ходзіць у народ і адчувае сябе як рыба ў вадзе на сустрэчах з грамадзянамі. Пару дзясяткаў адэсітаў абвесцілі бестэрміновы пратэст супраць прызначэння былой расійскай грамадзянкі Марыі Гайдар у вобласць – губернатар прыйшоў да народу і вырашыў пытанне за гадзіну.

Міхаіл адчытвае чыноўнікаў перад камерамі – відэа набірае мільёны праглядаў, але тут важныя нават не вынікі. Украінцы проста глядзяць на тое, чаго не бачылі дзесяцігоддзямі, у іх зараджаецца надзея, што хоць нехта ў гэтай краіне акажацца не карупцыянерам. І тут нават не важна, дасягне Саакашвілі поспеху ці не – пісьменны піяр і рэпутацыя зробяць сваю справу – вінаватымі зробяць алігархаў і бюракратыю, а былы грузінскі лідар у найгоршым выпадку застанецца тым, хто паспрабаваў і ў каго не атрымалася. Зрэшты, гэта цалкам імаверны сцэнар.

news_20150905_143920_1441453160

Але Саакашвілі чалавек, які хоча дасягнуць рэальных вынікаў паўсюль, дзе працуе. Катэгорыі народнай любові для яго не пусты гук, і любіць яго мусяць за канкрэтныя змены, а не толькі за слушныя словы. Таму надзея ва ўкраінцаў усё ж ёсць.

Яго старонка ў “Фэйсбуку” мае ў два разы больш падпісантаў, чым у Пятра Парашэнкі. Саакашвілі не супраць асабіста інструктаваць паліцыю, бурыць муры на зачыненых пляжах ці апрануць вайсковую форму на сустрэчы з памежнікамі. Зрэшты, ён заўжды хоча быць такім сваім хлопцам, простым чалавекам з добрымі мэтамі і патрэбнымі ведамі. “Міша” – зусім не выпадкова, што палітыка называлі гэтак у Грузіі і называюць цяпер у Адэсе.

Калі вам гэта нагадвае Лукашэнку, то гэта абсалютная рацыя. Толькі варта ўлічваць, што Саакашвілі працуе з незалежнымі медыямі, у краіне, дзе робяцца сапраўдныя журналісцкія расследаванні і дзе людзей на сустрэчы з ім не зганяюць і папярэдне не інструктуюць. Ён мусіць казаць тое, пра што могуць перапытаць.

Таму папулізм Саакашвілі – гэта хутчэй інструмент пры правядзенні непапулярных структурных рэформаў, да таго ж у супрацьстаянні з урадам, алігархамі і часткай мясцовай эліты. Новая (і ў значнай ступені прыезджая) каманда павінна разлічваць, як бы банальна гэта не гучала, на народ. Рэцэпт поспеху Міхаіла просты – ён папуліст у дзеянні.