падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Сланцавая нафта – усур’ёз і надоўга

Сланцавая нафта – усур’ёз і надоўга
Чаму нізкія цэны і экалагічнае лобі не спыняць здабычу сланцавай нафты.

У 2014-ым годзе пасля раптоўнай дэвальвацыі рубля Расія ўвайшла ў дзясятку еўрапейскіх краін з самымі нізкімі заробкамі – і вінаваціць у гэтым расійскія прапагандысты могуць ЗША. Справа не толькі ў санкцыях: у мінулым годзе Амерыка стала найбуйнейшым здабыўцам нафты ў свеце дзякуючы метаду фрэкінгу (або гідраўлічнага разрыву пласта), які дазваляе здабываць сланцавую нафту.

Злучаныя Штаты цяпер самі забяспечваюць свае энергетычныя патрэбы і адмаўляюцца ад замежных паставак. Цэны на нафту, якой цяпер перанасычаны сусветны рынак, пакаціліся ўніз, цягнучы за сабой краіны з “рэсурсным праклёнам”, як Расія ці Венесуэла. Аўтакратыі, якія жылі за кошт нафтагазавага экспарту, апынуліся ў цяжкім становішчы. І здаецца, што выйсцяў з яго толькі два. Па-першае, нізкія цэны на нафту самі па сабе могуць задушыць “фрэкінгавую ліхаманку”. Гідраразрыў пласта не танны – адсюль і высокі сабекошт сланцавай нафты. Па-другое, дапамагчы вярнуць $ 100 за барэль могуць эколагі. Гэтак, у снежні мінулага года яны дабіліся забароны на фрэкінг у штаце Нью-Ёрк.

Ці працягнецца амерыканская сланцавая рэвалюцыя ў новых умовах ці ўсё ж вернуцца “тлустыя” 2000-я з іх нафтавымі доларамі?

Бітва лобі

У штаце Нью-Ёрк, дзе фрэкінг цяпер па-за законам, знаходзіцца частка аднаго з найбуйнейшых у ЗША радовішчаў сланцавай нафты – Марселус, што стварае вялікую колькасць працоўных месцаў. Але гэта не дапамагло нафтавікам, чые аргументы разбіліся аб даклад Дэпартамента здароўя штата Нью-Ёрк пра шкоду фрэкінгу для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека. Сярод іх – хімічнае забруджванне глебы і падземных вод, выкіды хімічнай пары, якая можа выклікаць рак, а таксама землятрусы ад разрываў пласта.

New York Governor Andrew Cuomo Gives Annual State Of State Address

Але ж нью-ёркская забарона хутчэй выключэнне, якое наўрад ці прывядзе да эфекту даміно. Напрыклад, у тым жа 2014 годзе зялёнае святло здабыча сланцавай нафты атрымала ў Мэрылэндзе і Паўночнай Караліне. Чаго ж можна чакаць з большай упэўненасцю, дык гэта паступовай адмены антыфрэкінгавых захадаў, прынятых на самых нізкіх лакальных узроўнях у абыход уладаў штата.

Менавіта адміністрацыі штатаў рэгулююць пытанні здабычы нафты і газу. Таму нядзіўна, што кампаніі адразу ж падаюць у суд на мястэчкі, якія, рэагуючы на экалагічную занепакоенасць грамадзян, абмяжоўваюць фрэкінг. Такія забароны адмяняюцца судамі  вышэйшых інстанцый (як напрыклад, у тэхаскім Дэнтане) альбо прыносяць гарадскім адміністрацыям шматтысячныя судовыя выдаткі, праз якія мястэчкі адмаўляюцца ад сваіх “зялёных” пазіцый (як гэта здарылася ў каларадскім Лафайеце).

У канфлікце паміж нафтавым і экалагічным лобі ў ЗША пакуль што ўпэўнена перамагае першы бок. Нізкія цэны на айчынны бензін стымулююць эканамічны рост і даюць Амерыцы стратэгічную перавагу ў адносінах са штораз бяднейшымі Расіяй ды Іранам. Таму не варта чакаць, што прэзідэнт ці Кангрэс зоймуцца прасоўваннем экалагічных стандартаў для фрэкінгу.

Oil Boom Shifts The Landscape Of Rural North DakotaФрэкінг можа хутка сысці, але таксама хутка вярнуцца

Значна больш небяспечнымі, чым экалагічныя актывісты, для фрэкінгу могуць стаць цэны на нафту, якія падаюць. Гэта звязана з тым, што цяпер нафты на рынку занадта шмат. Сусветная эканоміка не спяшаецца расці, а значыць, яна патрабуе менш рэсурсаў. (Гэтак у Кітаі, па прагнозах МВФ, у 2015-ым годзе ВУП павялічыцца на 6,3-6,8 %, калі звычайна гэтая лічба была 9-10 %).

Тым не менш, фрэкінг не такая дарагая тэхналогія, як думаюць многія яго апаненты. Так, паводле банка “Morgan Stanley”, за апошнія тры гады амерыканскія кампаніі знізілі сабекошт здабывання сланцавай нафты маркі “WTI” да $ 34-67 за барэль. (Гэта адзін з двух асноўных нафтавых гатункаў, цана на які перадусім уплывае на ўвесь рынак.)

Такім чынам, цяперашнія $ 50 за барэль “WTI” задавальняюць шмат фрэкінгавых кампаній, што працуюць на добра распрацаваных радовішчах, не ўкладваючы ў іх дадатковых сродкаў. “Амаль 60 % усіх свідравін цалкам рэнтабельныя пры калідоры цэн у $ 40-60 за барэль нафты. Бурэнне новых свідравін, вядома, моцна замарудзілася, але знікненне індустрыі не пагражае”, – кажа “Ідэі” Аляксандр Аўтушка-Сікорскі, эксперт у галіне энергетыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.

Змагацца з падзеннем коштаў фрэкінгавыя кампаніі могуць і пры дапамозе прыхаваных козыраў. Па-першае, як мяркуе адзін з вядучых кансультантаў “PricewaterhouseCoopers” Рыд Морысан, індустрыя сланцавай нафты пакуль што нават не пачынала ўсур’ёз аптымізаваць выдаткі, бо кампаніі лічылі, што нафта ніколі не апусціцца ніжэй за $ 90, прыводзіць яго меркаванне “The Financial Times”.

Па-другое, тэхналогіі сланцавай нафтаздабычы настолькі гнуткія, што кампаніі, якія працуюць метадам фрэкінгу, могуць як хутка прыходзіць на радовішча, так і сыходзіць з іх у залежнасці ад ваганняў коштаў. Такі аргумент прыводзіць былы кіраўнік Федэральнага рэзерву (то бок, Нацбанка) ЗША Алан Грынспен.

Іншымі словамі, нафтаздабыча праз фрэкінг можа спыніцца, калі цэны будуць ніжэй пэўнага мінімуму. Аднак як толькі сусветная эканоміка зноў адчуе дэфіцыт вуглевадародаў, вернуцца і фрэкінгавыя кампаніі: дзякуючы сваім тэхналогіям яны могуць выпампаваць большую частку сланцавай нафты з тыповай свідравіны толькі за два гады.

“Сланцавую рэвалюцыю ў ЗША Расія проста правароніла”

Як бы таго не жадалі краіны, якія здабываюць нафту традыцыйнымі спосабамі, хуткага вяртання завоблачных цэнаў на чорнае золата не будзе. Фрэкінг не выглядае чарговай мыльнай бурбалкай амерыканскай эканомікі. Дзяржавам накшталт Расіі ці Венесуэлы будзе складаней забяспечваць жыццяздольнасць сваіх эканомік ці сваіх знешнепалітычных амбіцый, у прыватнасці, спансаруючы “брацкія” рэжымы.

У Расіі амаль няма шанцаў ператварыць амерыканскі фрэкінг ва ўласную эканамічную зброю. “Шэраг праектаў планавалася рэалізаваць сумесна з замежнымі нафтаздабытчыкамі, але заходнія санкцыі фактычна закрылі гэтую магчымасць пасля забароны на пастаўку ў Расію высокатэхналагічнага абсталявання для бурэння”, – адзначае Аўтушка-Сікорскі. – Расія ніколі не мела стратэгіі адносна развіцця фрэкінгу ў свеце. Сланцавую рэвалюцыю ў ЗША Расія проста правароніла”.