падтрымаць нас

Артыкулы

Што Захад мае рабіць у дачыненні Беларусі

Што Захад мае рабіць у дачыненні Беларусі

Шэсць рэкамендацыяў з даклада Chatham House. 

Chatham House выпусціў 4-га красавіка даклад Rethinking Western policy towards Belarus. Паколькі беларускамоўнай ці рускамоўнай версіі даклада не плануецца і сам тэкст напісаны для замежнай аўдыторыі, я вырашыў зрабіць асобную калонку для беларусаў. У ёй я хачу патлумачыць не столькі рэкамендацыі з тэксту, але больш тое, як я да іх дайшоў з пункту гледжання беларускага грамадзяніна. 

У пачатку арыгінальнага тэксту я прысвячаю некалькі старонак таму, як цягам апошніх трох гадоў заходняя палітыка аказалася неэфектыўнай і дасылала супярэчлівыя сігналы аб сваіх намерах. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны гэтая палітыка стала яшчэ і вузейшай, чым дагэтуль. 

Пры гэтым абвінавачваць Захад ва ўсіх нашых бедах нельга. Але будзьма шчырымі: нашыя праблемы цяпер куды большыя, чым нашыя здольнасці іх вырашаць. І каб Беларусь дасягнула доўгатэрміновых мэтаў – выйшла з-пад расійскага кантролю і дэмакратызавала палітычную сістэму – мы не можам абысціся без дапамогі Захаду. Вось шэсць рэкамендацый для Захаду, якія б дазволілі стварыць каркас палітыкі дзеля дапамогі нам у дасягненні гэтых мэтаў. 

Прыярытэзаваць Беларусь 

Калі глядзець на палітычную і эканамічную моц, з аднаго боку, рэжыму Лукашэнкі, а з другога боку – Захаду, то падаецца дзіўным, чаму Захад не можа даць рады Лукашэнку. Гэта ў нейкай ступені звязана з недастатковай уважлівасцю заходніх дзяржаўных дзеячаў і палітыкаў да Беларусі. Пад гэтай няўважлівасцю я не маю на ўвазе малую грамадскую зацікаўленасць, а недастатковую колькасць палітычных і фінансавых рэсурсаў, якія павінны стаяць за доўгатэрміновай палітыкай, каб зварухнуць сітуацыю. 

Пры гэтым з улікам доўгатэрміновасці неабходнай палітыкі трэба глядзець на яе праз прызму такіх карацейшых фазаў, як вызваленне прынамсі часткі палітвязняў ці адцягванне Беларусі ад саўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны. 

Выкарыстоўваць і ціск, і заахвочванне 

Увядзенне санкцый супраць Беларусі з’яўляецца натуральным наступствам той шкоды, якую Аляксандр Лукашэнка нясе рэгіянальнай бяспецы. Пры гэтым самі санкцыі неаптымальныя і наносяць пакуль больш стратаў грамадству, чым рэжыму. 

Пры тым што Захад мае паказваць здольнасць утрымліваць санкцыйную эскалацыю, таксама істотна дэманстраваць здольнасць да саступак у пытанні санкцый у абмен на саступкі з боку рэжыму Лукашэнкі. Асабліва гэта істотна ў выпадку санкцый, якія шкодзяць беларускім грамадзянам і ўзмацняюць уплыў Крамля ў Беларусі. Да прыкладу, нават сярод прасанкцыйных дэмакратычных актывістаў ёсць уяўленне, што ад абмежавання авіяпералётаў беларусы нічога не выйгралі.  

Дарэчы, магчымасцю для ўзмацнення дэмакратычнага руху ў вачах рэжыму з’яўляецца ўключэнне апазіцыі ў абмеркаванне таго, якія санкцыі могуць быць знятыя ў абмен за канкрэтныя саступкі рэжыму.  

Мець канал камунікацыі з Лукашэнкам

Гэтую ідэю найбольш цяжка прадаць на Захадзе, бо Лукашэнка таксічны і фармальнае непрызнанне яго прэзідэнтам з’яўляецца краевугольным каменем заходняй палітыкі адносна Беларусі. Прынамсі нам так кажуць, але калі прадстаўнікам Захаду трэба, то яны з Лукашэнкам размаўляюць, і, болей таго, гэтыя гутаркі прыносяць пэўны плён: вызваленне палітычных вязняў, пэўнае ўлагоджанне памежнага крызісу і гэтак далей.

Таму пытанне да нас у тым, ці гатовыя мы да таго, каб Захад размаўляў з Лукашэнкам не толькі тады, калі гэта трэба Захаду, але калі трэба нам. У рэшце рэшт гэта ад Лукашэнкі шмат у чым залежыць вызваленне палітвязняў ці адвядзенне Беларусі ад вайны. У тым гістарычным пункце, у якім мы знаходзімся, без перамоваў Захаду з Лукашэнкам чакаць дасягнення гэтых мэтаў не выпадае. Заходнія дыпламаты могуць працягнуць размаўляць з умоўным Сяргеем Алейнікам, але гэтыя размовы, хутчэй, служаць утрыманню кантакту, чымся абмеркаванню нечага па сутнасці. 

Дасылаць сігнал чынавенству, якое не ўдзельнічала ў злачынствах рэжыму, аб уласнай нейтральнасці 

Адна з памылак, якую дапускае беларускі мэйнстрымавы дэмакратычны рух, – гэта вызначэнне ледзь не ўсіх прадстаўнікоў дзяржаўнай сістэмы Беларусі як злачынцаў. Захад так рабіць не павінен, бо гэта цэментуе адзінства ўнутры рэжыму і будзе замінаць расколу кіроўнай сістэмы ў момант, калі з’явіцца акно магчымасцяў для пераменаў. Таму варта ствараць шляхі аднабаковай і двухбаковай камунікацыі з прадстаўнікамі дзяржаўнай сістэмы і буйных калярэжымных бізнесаў, каб мець магчымасць гэты раскол павялічваць.    

Паляпшаць вобраз Захаду ў беларускім грамадстве 

Прапаганда рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, дыскрымінацыя беларусаў на Захадзе і санкцыйная палітыка змяншаюць прывабнасць Захаду для беларусаў. Інтарэс жа дэмакратычнай часткі грамадства ў тым, каб стаўленне да Захаду паляпшалася. 

Каб гэтага дасягнуць, неабходна, каб беларусы мелі больш асабістых кантактаў з заходнімі краінамі, – чым больш іх будзе, тым больш прыязна беларускія грамадзяне будуць ставіцца да Захаду. Апытанні выразна паказваюць, што калі чалавек з’ездзіў у Еўрапейскі Саюз, то яго стаўленне да Захаду больш станоўчае, чым у людзей, якія ў ЕС не бывалі. 

Захад таксама павінен мець зразумелую камунікацыйную стратэгію ў дачыненні Беларусі, у тым ліку праз інфармаванне, што Захад ужо робіць дзеля Беларусі. Нарэшце Захад можа прапанаваць і ўмацаваць пазітыўную павестку для Беларусі. Прыкладам таму служыць падтрымка эканамічных рэформаў у выпадку палітычнай трансфармацыі – проста раней агучаная прапанова была сціплай і незаўважанай

Працягваць падтрымку на высокім узроўні беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных медыяў і дэмакратычных актараў

Гарантыя доўгатэрміновых пазітыўных зменаў у Беларусі – гэта развітое грамадства. Таму цяпер, калі грамадскія лідары знаходзяцца пад такім велізарным ціскам, роля Захаду заключаецца ў тым, каб зменшыць шкоду ад гэтых рэпрэсій і дапамагчы грамадзянскай супольнасці працаваць на карысць Беларусі. 

Фото: Viktor Drachev